"ПРАБЕЛ" Валерыя Руселiка

КАРА
Алесь Няўвесь - ВЕРШАВАНЫ ФЕЛЬЕТОН

Nyauves-columnСтаршыня Еўрапарламента Ежы Бузак для пакарання беларускіх уладаў за гвалт на выбарах прапанаваў забараніць беларускім спартсменам удзельнічаць у Алімпіядах і на чэмпіянатах свету па футболе.

Тузом казырным Ежы Бузак

Нарэшце ўдарыў...

Проста жах,

Бо даў не ў морду і не ў пуза,

А па самой пахвіне — гах!

Былі й раней Еўропы ўдары,

Каб наш пагоршыць дабрабыт.

Як кара —

Еўра і даляры

Не выдавала

У крэдыт.

Бывала,

Пошліны ўжывала

У той бяздарнай барацьбе.

Але з таго карысці мала —

Расія наш тавар грабе.

Быў «чорны спіс»:

— На нашы пляжы

Не ступіць вашая нага!

І што з таго?

Ды кожны скажа:

І ў Турцыі пагрэцца льга.

Не запрашала прэзідэнта,

Як ні ўвіхаліся паслы.

Не стала й гэта аргументам,

Бо ёсць жа ўвесь Саюз былы.

Наведаць можна Эміраты,

З ахвотай прыме і Іран.

Таму амаль не мелі стратаў,

Тым лікам і душэўных ран.

Усё было для нас лухтою —

Не бачылася многа зла...

На спорт —

На самае святое! —

Руку Еўропа падняла.

Вунь прапануе Бузак Ежы

(Ну ці ж не кат?

Ну ці ж не гад?),

Што адлучыць цяпер належыць

Краіну

Ад Алімпіяд.

Прыдумаў ён не толькі гэта:

Футбол «абрэзаць» самы час.

Цяпер чэмпіянаты свету

Павінны ладзіцца без нас.

Што тычыць першынства ў футболе —

Як кажуць, толькі той бяды.

Бо наша зборная ніколі

Не прабівалася туды.

Калі ж ад Гульняў нас «адрэжа»

Старой Еўропы грамада,

Калі свайго даб’ецца Ежы,

Дык гэта сапраўды бяда.

Нашто ж лядовыя палацы

Павырасталі, як грыбы?

Каб медалямі любавацца —

Пра гэта скажа вам любы!

Выходзіць, Домрачава Даша

Не ўзыдзе больш на п’едэстал?

Яна ж цяпер надзея наша,

Ёй аддаём мы свой запал.

Дарма, згадаўшы пра «ганады»,

Малатабойцы бой вялі,

Калі пасля Алімпіяды

У іх забралі медалі?

Дарэмна Кацярына Карстэн

Да самай пенсіі «грабе»?

І ўвогуле — спартсменаў каста

Дарэмна мучыла сябе?

Найболей жа, зазначыць трэба,

Наш люд

Адведае пакут:

Няма ў яго замнога хлеба,

Дык і відовішчам — капут!

І тут,

Вядома ж, Ежы Бузак

У цэль патрапіў акурат.

Народ успрыме як абузу

І прэзідэнта, і урад,

Калі не ўбачыць на экранах

Куміраў,

Іх узнагарод.

І гэткі боль,

Такую рану

Не зможа перажыць народ.

Народ успрыме ўсё як здраду,

Не стане плесціся ў хвасце

І ўсю дыктатарскую ўладу,

Як лісце восенню, змяце...

 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить