З ног на галаву
Лукашэнка мабілізаваў на барацьбу з дэмакратычнымі сіламі ўвесь дыктатарскі механізм: ад чынавенства, сілавога блоку, дэпутатаў і да камунальнікаў, якія сталі ўдарнай сілай на фронце змагання з бел-чырвона-белымі стужачкамі.
Пры слове «дэмакратыя» тэлебачанне, як шматгаловы Змей Гарыныч, выпускае на людзей вялізныя языкі полымя і дыму, яго «элітныя» кадры, адзначаныя за адвагу ў вырабе гнюснай хлусні і паклёпаў, пырскаюць атрутнай слінай, сілавікі застрашваюча грукаюць дубінкамі па шчытах. А слова азначае простае, зразумелае паняцце — улада народа.
Сёння ў інфармацыйнай прасторы плавае шмат смецця: дэмагогіі палітыкаў і дыпламатаў, балбатні заангажаваных палітолагаў, высноў праплачаных экспертаў, спецслужбаўскія фэйкі. Тым не менш, праўда ёсць і, адстойваючы яе, трэба звяртацца да фактаў, якія аспрэчыць немагчыма.
Па-першае, высветлім: хто ў дыктатарскай Беларусі — народ? Маршы пратэсту 2020 года прадэманстравалі відовішча, якога не бачылі папярэднія пакаленні беларусаў. Народная сіла велічна цякла па цэнтральных вуліцах Мінска і іншых гарадоў краіны магутнымі калонамі, прыгожа аздобленымі бел-чырвона-белымі сцягамі, кветкамі, самаробнымі транспарантамі, плакатамі і — што галоўнае! — радаснымі ўсмешкамі людзей. Я неверагодна шчаслівы, што дажыў да непаўторнага часу.
Вялікія маршы і мітынгі мне вядомыя. У 1988 годзе ўдзельнічаў у першым Міжнародным Шаўчэнкаўскім свяце ў Харкаве, дзе разам з выдатнымі паэтамі, пазней Героямі Украіны Барысам Алейнікам, Іванам Драчом і Дзмітром Паўлычкам выступаў на плошчы ля помніка Кабзару. Украінская міліцыя налічыла на мітынгу каля 120 тысяч чалавек.
На наступны год свята не менш масава прайшло ў Кіеве. Калі я закончыў выступленне «крамольнымі» словамі «Слава Украіне!», бо госця ўсё ж не павінны арыштаваць, у адказ пачулася «Героям слава!» і плошча расквітнела жоўта-блакітнымі прапарамі. Сцягі ў СССР забаранялі, людзі прынеслі іх, хаваючыся ад кадэбістаў, пад вопраткай. Гэта было так нечакана, прыгожа і ўрачыста, што перахапіла дыханне.
У 1990 годзе давялося выступаць перад рабочымі на плошчы Леніна ў Мінску. Беларуская міліцэйская статыстыка тады не была ўшчэнт хлуслівай, як цяпер, і выдала лічбу — звыш 100 тысяч чалавек.
Згодна ацэнкі незалежных экспертаў на піку пратэстаў 2020 года ў краіне адначасова выйшла на вуліцы каля мільёна грамадзян. За жнівень-верасень-кастрычнік усяго ўдзельнічала ў пратэстах у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гародні, Магілёве, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Ваўкавыску, Вілейцы, Жлобіне, Калінкавічах, Лідзе, Мазыры, Маладэчне, Наваградку, Наваполацку, Оршы, Полацку, Слоніме, Смаргоні, іншых малых гарадах і пасёлках звыш 2 мільёнаў чалавек. Хто не верыць, хай пераправерыць, бо падлікі засталіся. Тым не менш, дыктатарскі рэжым гэтых людзей лічыць народам не хоча.
А дзве з паловай тысячы «службоўцаў з партфелямі» на казённым «Всебелорусском народном собрании» рэжым абвяшчае народам. А. Лукашэнка сабраў наменклатуру, дэпутатаў, генералаў, палкоўнікаў, тэлебрахуноў і газетных хлусаў, праўладных вучоных, дзеля блізіру залу крыху разбавілі студэнтамі, механізатарамі, настаўнікамі. «Тэарэтыкам» далейшых дзеянняў рэжыму стаў «галоўны перамоўшчык паміж уладай і апазіцыяй», кіраўнік міфічнага «круглого стола демократических сил» Ю. Васкрасенскі, які з трыбуны кляўся ў любові да дыктатара, а за пацвярджэннем «ратавальных фантазій» звяртаўся да прэзідыума, дзе сядзелі яго куратары. Нічога сабе «выразитель народных чаяний»!
Дыктатура ўсё паставіла з ног на галаву. Пра гэта сведчыць любы аспект канфлікту паміж рэжымам і грамадзянамі. Народ не прагаласаваў за А. Лукашэнку, як уладзе хацелася, — значыць, ён вінаваты.
Але сапраўдныя зламыснікі, якія загналі сітуацыю ў тупік, выяўляюцца, калі адказаць на наступныя пытанні. Хто не дапусціў у склад выбарчых камісій народных прадстаўнікоў? Хто сарваў выбарчую канкурэнтнасць, не рэгіструючы, ізалюючы ў турмах, выпіхваючы за межы Беларусі кандыдатаў? Хто зрываў сустрэчы з выбаршчыкамі С. Ціханоўскай? Хто сфальсіфікаваў падлік галасоў і знішчыў дакументы? Сведчанняў парушэнняў закона для будучых судоў захавалася яшчэ шмат.
Цяпер глянем на паводзіны ўдзельнікаў пратэстаў і сілавога блоку. Людзі на маршах і маніфестацыях былі вытрыманымі, акуратнымі і толькі ў выключных выпадках адказвалі на лютасць сілавікоў, калі яна зашкальвала да немагчымага.
Але ж да якой меркі дайшоў страх прад мірным народам, што палкоўнік (!) ганяецца з дубінкаю за людзьмі, разбівае шкло, каб лавіць маніфестантаў. Пабегаў, падубасіў — і стаў генералам! Гэта штрых да агульнага партрэта тых, хто наладзіў і працягвае бязлітасны тэрор.
Усё нахабна перакулена. Тыя, што забіваюць, збіваюць, арыштоўваюць і катуюць, судзяць невінаватых людзей або журналістаў, якія выконваюць службовы абавязак, — героі, а хто змагаецца за свабоду — гэта тунеядцы, крымінальныя элементы, прастытуткі, наркаманы, бамжы. Як іх столькі знайшлося ў дзяржаве, дзе «железно» ўсталяваны «стабильность и порядок»?
Праўда ў тым, што ў параўнанні з маніфестантамі іншых краін, дзе даходзіць да пагромаў, беларусы на пратэстах застаюцца мірнымі людзьмі. Тым не менш, рэжым наладзіў не толькі фізічны, але і маральна-псіхалагічны здзек над грамадствам. Зроблены выклік народу: мы парушаем законы, глумімся, здзекуемся над вамі, пакуль не задушым пратэсты. А вы, акрамя выхадаў пад дубінкі, нічога зрабіць не можаце. Ніякіх перамоў з вамі не будзе. Гэта небывалы, гранічна злавесны аспект у стасунках улады і народа, своеасаблівае «ноў-хаў» дыктатара.
Трэба адкрыта гаварыць і пра тое, што касмапалітызм «вярхушкі» не такібяскрыўдны, як здаецца. Дэнацыяналізаваным, зрусіфікаваным чыноўнікам, дэпутатам і сілавікам не патрэбны чыннікі нацыі: родная мова, гістарычныя нацыянальныя сімвалы, традыцыі. Яны перашкаджаюць захоўваць дыктатуру.
Куды завядуць незалежную Беларусь «всеядные» індывіды, калі іх не спыніць, нават страшна падумаць. Да такіх людскіх «экземпляраў» дапасуюцца словы неўміручага А. Чэхава: «Можно и капитал наживать, и невинность соблюдать, быть зверем и в то же время счастливым».
Айчыну сёння берагуць не прадстаўнікі гэтак званай «эліты», а звычайныя беларусы. Яны зразумелі важнасць нацыянальнага адраджэння і сталі на яго абарону.
Дзе жоўта-блакітныя прапары, пра якія я згадаў у пачатку роздуму? Лунаюць над вольнай Украінай! Не стала горш украінцам і ад таго, што актыўней размаўляюць на роднай мове. Яны адчулі сябе народам.
А як выглядае правіцель Беларусі, калі палохае ўсіх апазіцыянерамі, якія могуць увесці вывучэнне мовы карэннага народа (84% жыхароў згодна перапісу — беларусы) з дзіцячага садка?
«Хітрыкі» не пройдуць! Стыхія народнага гневу заўжды мацней мясцовага прыгнёту і іншаземнага нашэсця, яна змые з роднай зямлі любую пошасць: сваю або чужую.
Вызваленне ад дыктатуры дазволіць перавярнуць жыццё ў Беларусі з галавы на ногі, каб грамадства магло карыстацца галавой для стваральных задум і здзяйсненняў. Мы цвёрда станем на роднай зямлі і пакрочым у будучыню.
Сяргей Законнікаў