TOP

Паліна Качаткова: “Мядзведзь” не задушыць Беларушчыну – культурны супраціў не адужаць

Літаратарка Паліна Качаткова пра фармальную і нефармальную культуру, Максіма Багдановіча і штодзённую вялікую працу, якую робяць дзеячы культуры на месцах.

Выкарыстаны фотаздымак Андрэя Антонава

— Паліна, адкрываю Вікіпедыю і чытаю:  “Падчас вучобы (1985-1990) удзельнічала ў дзейнасці нелегальных нацыянальна арыентаваных маладзёжных аб’яднанняў”. Што за аб’яднанні? Чаму ды чым зацікавілі? Сярод зарэгістраваных не знайшлося такіх, якія б задавальнялі?

Нагадаю: гэта Савецкі Саюз. І вось яго афіцыйныя арганізацыі —  прафсаюзы, камсамол, партыя, піянерыя і акцябраты… Беларускую культуру тады звялі  да ўзроўню этнаграфізму. І ў гэтых умовах узнікалі незалежныя, ці як іх тады называлі — “нефармальныя” суполкі. “Нефармалы” нарадзіліся з перабудовай – так бы мовіць, кветкі, якія квітнелі па за камсамолам.

Нацыянальна арыентаваныя суполкі —  “Талака” ў Менску,  “Повязь” у Воршы, “Узгор’е” ў Віцебску, “Паходня” ў Гародні, “Замчышча” ў Рагачове. Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. У Гомелі была таксама “Талака” – адзіная з усіх вышэй пералічаных, якая дажыла да нашага часу і не змяніла фармат, але сёлета яе пазбавілі рэгістрацыі. Праз нацыянальна арыентаваныя суполкі людзі далучаліся да нацыянальнай культуры, якая адрознівалася ад яе афіцыйнай версіі з фальклорнымі калектывамі і трактарамі. 

У 1988 годзе падобныя арганізацыі той перабудовачнай плыні ў большасці сваёй перайшлі ў палітычную сферу.  

— Паліна, чаму вас захапіла менавіта літаратура, а не музыка, мастацтва, тэатр? 

— Усё пачалося з Багдановіча… Сваёй любоўю да яго абавязана маці, якая прачытала мне неяк рандэль “На могілках”:

… І ціха думаў я: быць можа,

Любоў, палёгшы ў трунах,

Перамагла і смерці жах!

Спачніце ж! Вечна на старожы

Амур і сумны і прыгожы…

Трынаццаць радкоў з такой незвычайнай рытмікай… 

А наогул мне падабалася слухаць розныя гісторыі, унікаць у сюжэты, дэталі, распавядаць іх ва ўласнай інтэрпрэтацыі. У школе наша першая настаўніца – былая франтавая медсястра — час ад часу выходзіла папаліць “Беламор” і тады ставіла мяне каля дошкі, каб пераказвала прачытаныя кнігі. Дома ў нас была вялікая бібліятэка. Яна і цяпер ёсць. Бабуля казала:  “Сумна таму не бывае, хто кнігі чытае”. Мне заўсёды падабалася чытаць. Літаратура — іншы свет, куды можна сысці, адчуць іншае жыццё, пахі, колеры. 

— Вярнуся да Багдановіча: чаму звольніліся з музея, што носіць яго імя? Хіба ён, ягонае жыццё і творчасць — не бясконцая тайна, загадка?

Музей Багдановіча, 1991 г. Аўтар фота: Мікола Ваўранюк

— З радасцю і цяпер працавала б там. Але на маё рашэнне паўплывала крызісная палітычная сітуацыя. У 1996 годзе адбыліся масавыя мірныя пратэсты, якія жорстка разагналі, а ўдзельнікі падпалі пад рэпрэсіі. Дзеля дапамогі арыштаваным, іх сем’ям утварылася ініцыятыва “Вясна-96.  І так сталася, што ў два наступныя гады мы ў музеі мы рыхтавалі перадачы для затрыманых. Менавіта праз гэта і тое, што Алесь Бяляцкі быў не толькі нашым дырэктарам, але і грамадскім дзеячам, “зверху” вынеслі вырак: музей выкарыстоўваецца не па прызначэнні! Паставілі ўльтыматум: альбо знойдуць за што пасадзіць, альбо звальняйцеся… Бяляцкі вырашыў сыходзіць і засноўваць “Вясну” як асобную праваабарончую арганізацыю. Сваё рашэнне прыняла і я: за ім. Вось так… Сумую па музеі.

— Яшчэ з літаратурнага дасье: вы з’яўляліся сяброўкай Беларускага ПЭНа. Зараз арганізацыя ліквідаваная. Якія адчуванні пасля рашэння Вярхоўнага суда?

— Важная папраўка: скасаванне дзяржаўнай рэгістрацыі – не ліквідацыя. ПЭН нікуды не знікае і не знікне.  

Што для вас ПЭН часоў яго стваральніка Карласа Шэрмана і сённяшні – гэта розныя арганізацыі?

ПЭН — супольнасць інтэлектуалаў, Людзей Слова, арганізацыя, якая ўтварылася ў Беларусі ў 1989 годзе і не мае крывавых гісторый часоў сталінскіх рэпрэсій, калі адных творцаў у Курапаты ці Гулаг, а даносчыкам на іх прэміі ад дзяржавы… Гэта арганізацыя без савецкага мінулага. 

— Пракаментуйце афіцыйную цытату – яна фактычна пра мінулае і сучаснае: “Национальная библиотека Республики Беларусь в Минске обладает самым большим собранием печатных изданий в стране, а также правом получения обязательного экземпляра. Здесь собрано самое большое за пределами России собрание книг на русском языке”. Такі незвычайны акцэнт. Ну а дзе свае, беларускія выданні? У цяперашняй – ужо не савецкай, а суверэннай Беларусі?

— Сапраўды, некалі Нацыянальная бібліятэка вельмі ахайна збірала ўсё друкаванае, нават перадвыбарчыя лістоўкі ды брашуры. Мне здаецца, гэты час мінуў. На жаль, цяпер там ёсць не ўсё, што хочацца знайсці. А што да калекцыі рускамоўных збораў, то гэта частка сучаснай, а фактычна ўчорашняй дзяржаўнай культурнай палітыкі: задавальняць творчыя ды палітычныя амбіцыі вялікага рускага суседа. Атрымліваецца, бібліятэка выконвае і зараз не толькі бібліятэчныя функцыі…

— У верасні адзначаўся чарговы Дзень беларускага пісьменства. Свята праводзілася з удзелам прадстаўнікоў уладаў і дзяржаўнага саюза пісьменнікаў Беларусі. Не бачыце тут нюансаў, нестыкоўкі: незалежная і дзяржаўная творчасць? Вядома таксама, што шмат незалежных дзеячаў зараз выехалі за межы краіны. Ваш каментар: у такіх умовах лепш хоць бы дзяржаўная культура з яе акрэсленымі ідэалагічнымі табу, ці – у такім разе лепш ужо зусім ніякай?

— Тут мы вяртаемся да таго, з чаго пачалі. Культура фармальная і нефармальная.  Калі чалавек прыйдзе на афіцыйны Дзень паэзіі і набудзе беларускую кнігу, кепска не стане. Так і раней людзі далучаліся да Беларушчыны – часам першае зерне закідвалася на фармальных імпрэзах. Творы, якія пісаліся ў выгнанні, таксама заўсёды былі ў беларускай літаратуры. Максім Багдановіч толькі першыя пяць год пражыў у Беларусі і яшчэ перад смерцю 6 месяцаў. Паэт знаходзіўся большую частку свайго жыцця не на Бацькаўшчыне, але пісаў для яе і стаў класікам беларускай літаратуры.   

— Магчыма, цынічна прагучыць, але ці можам мы казаць, што дзяржаўная культура — гэта першы ўзровень, а потым, калі з часам развіваецца крытычнае мысленне, асоба пераходзіць на наступны ўзровень — недзяржаўнай і нефармальнай культуры?

— Гэта не цынічна, гэта сапраўды так. Напрыклад, чалавек жыве ў невялічкім мястэчку. Ён ведае, што ёсць часопісы “Полымя” і “Маладосць”. Чытае тое, да чаго мае доступ, пасля пачынае разважаць: не, нечага нестае для душы, дык мо пашукаць яшчэ нешта? Шукае і знаходзіць! 

— Дзе тая мяжа, калі творца можа лічыць сябе дзеячам культуры?

— Іосіфу Бродскаму, Нобелеўскаму лаўрэату, на судзе казалі, што ён не паэт, а дармаед, бо не з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў. Сёння сітуацыя іншая: не трэба афіцыйна ўваходзіць у СП, каб быць пісьменнікам. Можна, напрыклад, пісаць у Фэйсбуку і быць вельмі папулярным. 

— Ёсць агульнапрызнаныя пісьменнікі, мастакі, дзеячы культуры, якіх ведаюць масы. Багема. І з другога боку – мясцовыя культурныя дзеячы. Якімі калі і ганарацца, то толькі ў родных мястэчках. Па шчырасці, наўрад ці стварылі яны нешта нобелеўскае…  Але хіба не маюць права звацца культурнымі дзеячамі? Няўжо – проста так, мясцовая самадзейнасць? 

— Няма такой іерархіі. Культурная прастора неаднастайная. Узгадаем помнікі на месцах баёў паўстанцаў 1863 года. Вітольд Ашурак і мемарыял паўстанцам на Лідчыне — добры прыклад. Той помнік з’яўляецца яскравым узорам культурніцкай дзейнасці ў рэгіёнах. Міне час, новыя людзі прыйдуць да гэтых камянёў, пачытаюць шыльду, зацікавяцца культурай і гісторыяй Беларусі. Пераймуцца Беларушчынай.

— Ці праўда, што часам мясцовыя дзеячы культуры, настаўнікі, супрацоўнікі музеяў робяць больш для развіцця беларускай культуры, чым прызнаныя аўтарытэты?

— Нельга сказаць — больш ці менш. Творчасць, культура — не нейкая дакладная навука. Сапраўды ёсць людзі, якія штодня робяць вялікую асветніцкую справу ў сваіх класах, клубах, ДК ды музеях… І таму нават калі прыйдзе “рускі мядзведзь” – Беларушчына не знікне, будзе культурны супраціў.

— Як замацавацца ў грамадскай свядомасці? 

— Што значыць замацавацца? Вось ёсць верш “Спадчына” Янкі Купалы:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай…

Фота з асабістага архіву Паліны Качатковай

Ты з маленства ведаеш гэтыя радкі, я ведаю. Мой дзед ведаў. І гэты верш нас звязвае. Едзе дальнабойшчык і слухае аўдыёкнігу – раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. А іншы не слухае. Не трэба забываць, што ў Беларусі заўсёды існавала нейкая частка і рускамоўнай культуры, і беларускамоўнай. Між імі існуе нябачны водападзел. 

— Думка з нядаўняга вашага допіса: “Здрады не існуе — ёсць няспраўджаныя чаканні”. Ці засталіся ў вас нейкія няспраўджаныя чаканні ад літаратуры? 

— Я ж яшчэ не паміраю! Спадзяюся, наперадзе хопіць часу і расчаравацца, і пераканацца ў нечым іншым. Але чаканні засталіся, у мяне ў душы невычарпальнае мора чаканняў…

Гутарыў Яўген Сапач

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.