Categories: ЛицаСоциум

“Тут свая Беларусь”. Сяржук Доўгушаў – пра новае жыццё ў ЗША

Эміграцыя і беларусы – заўжды актуальная тэма, а з 2020 года – адна з самых вострых. Нямала прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі змушана пакінулі краіну, сярод іх – Сяржук Доўгушаў, вядомы музыка і папулярызатар народнай беларускай культуры. Са снежня 2021 года Сяржук жыве ў ЗША.

З жонкай Віялетай. Фота з асабістага архіву героя

– Тваё быццё ў Штатах зараз – гэта эміграцыя, падарожжа, гастролі?..

– Я гэта ўспрымаю як american movie: усё заблытана і падобна да гульні, у якой я спрабую разабрацца. Да таго ж, дарога ў Беларусь мне пакуль закрытая, сітуацыя розніцца ад падарожжа ў 2018 годзе, калі я быў у Штатах на гастролях: тады мне ўсё не падабалася, і я чакаў, калі ўжо вярнуся дадому. Цяпер няма куды вяртацца, і статус мой больш афіцыйны тут, чым дома, – я атрымаў ПМЖ. Цяпер не страшна рабіць тыя ж ахвяраванні на карысць рэпрэсаваным ці ўкраінцам: калі сядзіш у Беларусі, любыя фінансавыя аперацыі здзяйсняеш азіраючыся, нават грошы здымаеш з карткі з адчуваннем, што хтосьці стаіць за спінай. Але мяне турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі. Я раблю па-ранейшаму шмат, хоць і за межамі краіны.

– Што стала штуршком? Як ты апынуўся за акіянам?

– Мая жонка атрымала грын-карту, пасля чаго я два гады чакаў афармлення папераў. Цяпер атрымаў Social Security number (нумар сацыяльнага забеспячэння, які выдаецца грамадзянам і рэзідэнтам ЗША – СН), зрабіў правы, ПМЖ.

– То бок, гэта больш асабістая гісторыя.

– Так. Але з сакавіка па снежань 2021-га я жыў у Варшаве, і калі б не было магчымасці паляцець у ЗША, там бы і заставаўся. Варшава стала цэнтрам Беларусі, можна сказаць, і я ў гэтым таксама актыўна ўдзельнічаў: стварыў Варшаўскі Вольны Аркестр, потым – Арт-рэзідэнцыю “Дом творцаў” для культурніцкіх дзеячоў з Беларусі; разам з аднадумцамі, музыкамі Андрэем Еўдакімавым і Аляксеем Варсобай заснавалі гурт IsnaTrio.

– Ты кажаш, што нават на такой адлегласці працягваеш рабіць праекты ў Беларусі. Можаш пра гэта расказаць?

– Займаюся тым жа, чым заўжды – захаваннем і развіццём традыцыйнай беларускай культуры. Зараз засяроджаны на стварэнні інтэрнэт-прасторы, дзе цэнтралізуем наробак, найперш – кантэнт з канала Tradycyja: абрады і фільмы пра іх, народныя танцы, відэа пра строі, спевы і так далей. Арганізоўваў выступы, але цяпер прасцей зладзіць беларускі івэнт у Варшаве, чым у Беларусі: па пальцах можна пералічыць тых, хто застаецца ў Беларусі, мае жаданне і магчымасці штосьці рабіць у такіх умовах.

Удалося наладзіць кантакт з беларусамі Амерыкі?

– Так, я сябе адчуваю часткай беларускай супольнасці. Рыхтую гастрольны тур – Купалле ў Лос-Анджалесе, Сан-Францыска, Мінеапалісе і Чыкага. Быў добры зімовы тур – дзевяць штатаў з Каляднай праграмай. У кожным штаце, у кожнай суполцы ёсць актывіст, які ўсё арганізоўвае. Але праз мясцовы лад жыцця бывае складана сабраць людзей: па буднях усе працуюць і маюць час толькі з пятніцы па нядзелю. Узяць той жа Мінск: самы актыўны дзень для канцэртаў заўжды быў чацвер, пакуль людзі не з’ехалі на лецішчы.

Канцэрт у падтрымку Украіны ў штаце Агайо

– Гэта геаграфічная разрозненасць, а ці праўдзівы стэрэатып, што беларусы ў эміграцыі трымаюцца паасобку, замкнёна?

– Хапае рознага, але трэба адрозніваць хвалі. У хвалю пасляваеннай эміграцыі усе ядналіся, стваралі хоры, цэрквы, адукацыйныя ўстановы. Быў штуршок пасля 2020 года: усе актывізаваліся, сталі займацца рознымі імпрэзамі, і тыя, хто быў абыякавы да Беларусі, выйшлі ў Штатах з нацыянальнымі сцянамі. Цяпер зноў спад праз тое, што ў Беларусі спынілася жыццё, людзі пачалі расчароўвацца. Тут дапамагаюць сустрэчы з украінцамі, яны цяпер вельмі актыўныя, і беларусы далучаюцца, удзельнічаюць у мітынгах, валанцёраць…

– Як па тваіх назіраннях, ці ёсць істотная розніца паміж беларусамі ў Польшчы і ў Штатах?

– Не, гэта як параўноўваць беларусаў з Мінска і з Гародні ці там Берасця. Кожны варыцца ў сваім, робіць, што можа. Хацелася б, канечне, пабудаваць мосцік паміж беларусамі Амерыкі і Польшчы, але хапае і актыўнасцяў на месцы. Калі прыязджае сям’я з Беларусі, у чаце адразу ж пішуць: прыехала сям’я, трое дзяцей, чым можам дапамагчы?.. Вельмі моцная салідарнасць, табе, напрыклад, дапамогуць знайсці кватэру, а гэта надзвычай складана – ты толькім прыехаў, у цябе няма папер і афіцыйнай працы, крэдытнай гісторыі, і табе праз гэта ніхто не здасць жытло. Вельмі цешыць і выклікае павагу, гонар за наш народ такая ўключанасць у працэсы салідарнасці, як да сваіх людзей, так да ўкраінцаў.

– Ты сутыкаўся з дыскрымінацыяй – з боку амерыканцаў у тым ліку – як грамадзянін краіны, якая аказалася ўцягнутай у ваенную агрэсію (так званае “пракляцце сіняга пашпарта”)?

– Сюды асабліва нічога не далятае, а ўкраінцы ўсё разумеюць. У мяне, напрыклад, усе апошнія канцэрты былі прысвечаныя Украіне, сабралі вялікую суму ў падтрымку. Але часам бывае такое, што размаўляеш з амерыканцам, і ён такі “о, Беларусь, агрэсар”, і я тлумачу: гэта не ёсць беларускі народ, ёсць вось такі прэзідэнт… У прынцыпе, Амерыка тым і класная, што гэта дэмакратыя, ім без розніцы, як ты выглядаеш, ці філіпінец ты, ці беларус, ці расіянін; яны глядзяць на твае асабістыя якасці, як ты сябе паводзіш. У Еўропе ў некаторых краінах адчуваеш сябе эмігрантам: ёсць свае, тутэйшыя, а ты “панаехаў”. Таму і едуць у Штаты з усяго свету: тут ні рэлігійнай, ні расавай дыскрымінацыі, ні ўзроставай – у 50 адчуваеш сябе маладым.

– Ты ў такім захапленні ад гэтай краіны, што ўзнікае пытанне: ці змог бы ты пабудаваць там свой дом, сваю сям’ю і гадаваць дзяцей амерыканцамі?

– Я не кажу, што яна самая лепшая, я кажу, што ёсць пэўныя магчымасці. А жыць я хачу ў сваёй краіне і там будаваць дом. Я магу столькі мінусаў назваць… Вось нават словы “будаваць дом”. Знайсці драўляны дом у Амерыцы нерэальна, тут усё зроблена са шлаку і палачак – скрыначка, на якую вецер падзьме і яна рассыплецца. А я хачу нармальны драўляны зруб, як дзе-небудзь у нас на Лепельшчыне.

Штаты – краіна для тых, хто любіць працаваць. Вось я будаўнік, кожны дзень зарабляю нармальныя грошы і ўсё маю. І таму сюды людзі едуць, заводзяць сем’і і жывуць. Мне, праўда, сумнавата жыць дзеля адной працы, нявылазна сядзець у адным месцы – а тут шмат людзей, якія па дваццаць гадоў жывуць у адным штаце і раз на паўгады выязджаюць у адпачынак.

Заробак тут іншы. Вось няма ў цябе ні дакументаў, ні досведу, нічога. Ты проста ідзеш і знаходзіш працу – хоць прадукты на паліцы раскладай, ці дапамагай падносіць скрыні – і атрымаеш на самым старце 18 даляраў за гадзіну. Хочаш больш працаваць – працуй. У Беларусі мы крыху ў паветры лётаем, не ведаем, што будзе заўтра, не ведаем, колькі заплоцяць напрыканцы. Калі я працаваў ў філармоніі, там такія сюрпрызы бывалі!.. “О, мне далі 389 рублёў, як бы іх размеркаваць…” А тут запытай у чалавека пра заробак – ён назаве гадавую суму, бо ўпэўнены ў ёй, і мне гэтая стабільнасць падабаецца. Яшчэ класная штука – крэдыт пад маленькі адсотак, калі ты добры жыхар і ўсё спраўна сплочваеш. Можна сходу набыць дом. З іншага боку, гэта матэрыяльнае рабства, ты не можаш нікуды з’ехаць, узяўшы крэдыт. Так жыве ўся Амерыка.

На працы

– Вось дарэчы: нярэдка можна пачуць скаргі на тое, што працы няма, усё не тое і ніхто цябе не цэніць. А ты адразу пайшоў працаваць рукамі. Не было думак пра тое, што “рукі трэба берагчы для інструмента”?

– Я па ўнутраных адчуваннях просты мужычок з вёскі – у мяне нармальныя працоўныя рукі. А калі мужчына сядзіць дома на пячы і марыць, што яго куды-небудзь запросяць і стануць добра плаціць…

Я разумеў: у мяне ёсць чатыры вольныя ад канцэртаў дні, трэба знайсці работу, якая будзе прыносіць грошы. Мяне багата куды запрашалі, і сярод прапаноў была праца ў прыватнай мэблевай майстэрні. Гэта цікава, я сапраўды хацеў павучыцца, уключыць мазгі… Самае галоўнае – не займацца фігнёй. Калі ўжо няма што есці, тады разгружай вагоны, так, але ў іншых варунках губляць час на тупую працу не хочацца. Я працаваў два дні грузчыкам, называецца прыгожа – мувінг, але праца дурная: прыязджаеш у дом, дзе хтосьці памёр, і вызваляеш яго ад мэблі, рэчаў, фота – усё вывозіш на сметнік. Што гэтая справа дае, які духоўны рост?.. Працу трэба любіць. Я прайшоў свой урок, калі толькі пераехаў у Мінск і працаваў грузчыкам, афіцыянтам, кухарам, кур’ерам: хочаш зарабіць грошай, а яны ўсё больш разыходзяцца; траціш на іх увесь час – а іх не хапае. Грошы пачынаюць прыходзіць, калі справа падабаецца і ты ў яе ўкладаешся. Я сябе знайшоў як стваральнік і арганізатар культурніцкіх мерапрыемстваў. У ідэале было б класна адкрыць беларускія цэнтры. Тут свая Беларусь, сур’ёзна. Нядаўна быў у Канадзе, там таксама шмат беларусаў, эмігранты розных хваляў. Нашая краіна разрастаецца па ўсім свеце, і гэта крута. Галоўнае падтрымліваць сувязі і не губляцца.

– Цікава, што ты ўспрымаеш гэта не як распыленне народа, а як рост краіны. Такая мяккая глабальная беларусізацыя атрымліваецца…

– Яшчэ Янка Запруднік казаў: калі вы пераехлі ў іншую краіну, важна, што вы працягнеце рабіць для Беларусі. Трэба вучыцца ў той эміграцыі, якая заснавала беларускія цэнтры, гурткі і ўсё такое. Ёсць людзі, што прыехалі і як бы растварыліся, але часам спрацоўвае самасвядомасць ад зваротнага: людзі вызначаюць сябе ў процівагу ўкраінцам, рускім і г.д. Я часта чуў на канцэртах аповеды пра тое, што людзі эмігравалі пасля 2020 года, пачалі шукаць сваіх, хадзіць на нацыянальныя мерапрыемствы, шыць народныя строі… У Беларусі нас доўгі час налаштоўвалі на такі лад, маўляў, ты ніхто, няважна – беларус ці расеец, хоць па-кітайску размаўляй. Ні рыба ні мяса, проста маса, якой зручна кіраваць. Калі эмігруеш, адразу паўстаюць пытанні – хто я, што я?.. А калі ты сам імі не задаешся, запытаюць у цябе: ты адкуль? Напачатку 2000-х, калі замежнікі яшчэ мала ведалі пра Беларусь, я назіраў такія выпадкі, што беларусы ў адказ на пытанне “адкуль?” казалі “мы рускія”, каб не пускацца ў тлумачэнні. А зараз паспрабуй скажы… Нават аматары ўсяго расейскага задумаюцца, скажуць, што яны беларусы, таму што да беларуса будуць лепш ставіцца, чым да расіяніна – пасля вайны і ўсяго такога. Хаця ёсць добрыя рускія, напрыклад, у мяне ў сталярцы працуе такі Васілій з Волгі, класны спецыяліст.

З украінцамі Мінесоты

– Ты выкарыстаў выраз “добры рускі”. Цяпер з яго злосна іранізуюць, кажуць, усе рускія заплямленыя крывёю, усе саўдзельнікі зла. Як ты для сябе гэтае пытанне вырашаеш?

– Для мяне важныя чалавечыя якасці. Прывязі афраамерыканца ў беларускую вёску – рэакцыя будзе прадказальна недалёкая. Амерыка вучыць, што твая нацыянальнасць, можа, і мае нейкае значэнне, але ты не адказваеш за сваю краіну. Людзі, якія гэтага не разумеюць, лічаць, што беларусы адказныя за ваенную агрэсію з боку Беларусі. І шмат беларусаў пачынаюць сябе абвінавачваць: вось, я выбачаюся… За што выбачацца? Ты гэта рабіў? Ты мо нешта падпісваў? Тыя людзі, што пратэставалі і цяпер сядзяць у турмах, або былі збітыя і вымушана з’язджалі – ім яшчэ выбачацца за тое, што маньякі твораць на тваёй зямлі?.. Ты не нясеш адказнасць за тое, што адбываецца ў тваёй краіне, асабліва калі ў ёй не жывеш.

Я веру ў людзей, па шчырасці. Будзе сярод тых, хто цяпер вайну падтрымлівае, моцнае расчараванне, слёзы, будуць прасіць пакаяння. Прынамсі, хацелася б верыць, што ў іх адкрыюцца вочы, як некалі ў немцаў, якія пабачылі рэальныя кадры вайны.

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023