У павуціне абсурду
Нядаўна разумная, інтэлігентная, мілая майму сэрцу суайчынніца рашуча
заявіла ў размове: «Усё! Не хачу болей належаць да беларускай нацыі.
Мне сорамна і агідна! «Я ніколі не бачыў яе такой разгневанай, а таму
быў шакіраваны. Далікатна папрасіў патлумачыць прычыну незвычайнай узрушанасці.
Пачутае не было сенсацыяй. Але страсны маналог жанчыны, які стаў, што
выразна бачылася, вынікам доўгага роздуму, пакут, страсянуў маю душу.
Перадаю яго: «Бацька ў мяне — рускі, пасля вайны тут служыў, ажаніўся,
мама — беларуска. Згодна канонаў, па маці, а найперш па сваім адчуванні,
усё жыццё лічыла сябе беларускай. Дзецям прывіла любоў да гісторыі, мовы,
традыцый. А вось унукаў так выхоўваць не буду. Што толку? Ніякай перспектывы
не бачу. Беларусь будзе, як муха, і далей бясплённа тузацца ў павуціне
абсурду…
Мне не падабаецца тое, што творыцца ў Расіі, але лепш ідэнтыфікаваць
сябе з рускімі, чым з беларусамі. Што гэта за нацыя, якая не цэніць свабоды,
самастойнасці, святынь? Другой такой, абыякавай да сябе, не знойдзеш.
Чаму яна, як прадажная дзеўка, гатовая абслугоўваць каго заўгодна: мясцовых
палітычных авантурыстаў, суседніх імпершчыкаў? Беларусы маглі б жыць
добра, але не хочуць, самі знішчаюць сябе. Ну дык туды ім, дурням, і
дарога — у нікуды!»
Балюча і крыўдна слухаць такія словы, але крыць няма чым. Якія аргументы
я магу прывесці, каб апраўдаць годнасць нацыі, да якой належу? Безумоўна,
пэўныя асобы, грамадзянскія ініцыятывы, якія, хоць крыху, ратуюць наш
нацыянальны гонар, ёсць. Аднак масавыя выявы беларускага духу, на жаль,
засталіся ў мінулым.
Сапраўды, суразмоўніца мае рацыю. Прыкрывацца тым, што нацыя яшчэ маладая,
недабудаваная, марна. Ёсць жа проста здаровы сэнс. Ім і трэба кіравацца.
Аднак, якую галіну нашага жыцця ні вазьмі, у кожнай уладарыць абсурд.
Вось лозунг «За Беларусь для народа!», які гадамі пераследуе людзей усюды
— на вуліцах, у метро і г. д. Ствараецца ўражанне, што грамадства жыве
ў рэжыме нейкіх няспынных выбараў. Прытым вынік іх вядомы: «Дело не в
том, изберете вы меня или не изберете. Куда вы денетесь! Изберете!» А
што тычыцца «дзяржавы для народа», то яе сутнасць тлумачыць выказванне:
«Я президент государства, и это государство будет, пока я президент».
Вось і чухай патыліцу народ: «А як жа затым? Дзяржавы ў беларусаў не
будзе? Настане канец свету?»
Абсурдам патыхае ад назваў вуліц, плошчаў, калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў,
устаноў, якія захоўваюць імёны тых, хто не мае дачынення да Беларусі,
яе народа, а калі і ўплываў на наш лёс, то ў трагічным плане. Ва ўсіх
постсавецкіх рэспубліках разабраліся з праблемай. Там вяртаецца даўнейшая
тапаніміка, пераацэнена бязглуздзіца, наварочаная за 70 гадоў савецкімі
ідэолагамі. А ў нас фальшывыя ідалы жывы-здаровы.
Бярэш у рукі самую тыражную газету, чытаеш яе назву, змест і адразу разумееш,
што Беларусь, нягледзячы на ўладныя запэўніванні ў самабытнасці, унікальнасці
яе шляху, на вонкавы марафет, унутры застаецца банальна савецкай.
З казарменнай «арыгінальнасцю» вядзецца рэклама газет на тэлебачанні.
Прэзідэнцкая прасоўваецца ў масы загадам: «Написанному верить!» Асэнсоўваць
надрукаванае не трэба. Вер, і ўсё! А «родная газета на роднай мове»,
ветэран друку рэкламуецца іншай камандай: «Выпішы бацькам!». Невядома,
ці школьнікі павінны выцыганіць у мамы-таты рублі і ашчаслівіць іх падпіскаю,
ці сталыя людзі абавязаны выпісаць выданне ў вёску састарэлым бацькам,
рэзервацыйным носьбітам мовы? Яшчэ адна афіцыйная газета дэвізам узяла
неўміручыя словы Я. Купалы: «Жыве Беларусь!» Абсурднасць сітуацыі заключаецца
ў тым, што выданне з клічам спакойна друкуецца, а людзей за гэтыя словы
штрафуюць, садзяць за краты.
Дарэчы, нігілістычная цвердалобасць кіраўнікоў і часткі грамадства ў
адносінах да роднай мовы шакіруе ўвесь свет. Ці ж не абсурд тое, што
бацькам-беларусам даводзіцца цягаць дзяцей праз сталіцу ў беларускамоўную
школу, садок з двума-трыма перасадкамі? У іншых гарадах і такой «прывілеі»
няма. А пасля перад выпускнікамі беларускіх школ паўстае новы тупік.
ВНУ — усе рускамоўныя. Гэта адбываецца ў незалежнай беларускай дзяржаве!
А як можна ахарактарызаваць тое, што ў Беларусі, якая не адышла ад крывавай
вайны, дзе загінуў кожны трэці жыхар, мірных маніфестантаў, што абараняюць
правы і свабоды, пратэстуюць супраць несправядлівасці, жорстка збіваюць
дубінкамі і нагамі, здымаюць на відэакамеры, каб потым расправіцца з
імі на месцы працы, вучобы?
Шмат абсурду ў цэнавай палітыцы. Прапаганда заклікае:»Купляйце беларускае!»
Але тольку з гэтага мала. Людзі, маючы выбар, спыняюцца на прадуктах,
таварах, якія якасныя і па цане даступныя. Націскам на патрыятызм іх
не возьмеш. Здавалася б, калі не можаш прывабіць якасцю, то не накручвай
цану, павышай тавараабарачальнасць ніжэйшым коштам. Ды дзе там! А таму
перавага пакупнікамі аддаецца прывезенаму з іншых краін.
Увогуле, нерэфармаваная эканоміка, якая трымаецца на гандлярскай знешняй
палітыцы, на расійскай дапамозе, нягледзячы на пераможныя лічбы, не можа
парадаваць народ сапраўднай стабільнасцю і надзейнасцю.
Засланіць абсурд немагчыма нават пампезнымі лядовымі палацамі, іншымі
падобнымі аб’ектамі, якія ўзводзяцца не па гаспадарскай волі народа,
а ў выніку задавальнення валюнтарысцкай прыхамаці, амбіцый кіраўніцтва.
Ды і яны будуюцца без уліку мясцовых рэалій, не ўплываюць на паляпшэнне
дабрабыту людзей, а толькі абцяжарваюць падаткаплацельшчыкаў, патрабуючы
шмат выдаткаў на ўтрыманне. Летась я пабыў у новым палацы культуры ў
адным з райцэнтраў Магілёўскай вобласці. Ён вялікі, мэбля, люстры, купленыя
за валюту, — выдатныя, сцяг, герб і партрэт кіраўніка краіны — на месцы.
Тут не хапае толькі аднаго — гледачоў і слухачоў. Супрацоўнікі скардзіліся,
што выдаткі на ацяпленне, электраэнергію велізарныя, а народу прыходзіць
небагата. Дык навошта ў нешматлюдным гарадку такая аграмадзіна, калі
можна было абысціся патрэбным па памерах, утульным будынкам?
А самы галоўны наш абсурд — гэта таталітарны рэжым, які плодзіць усе
лакальныя абсурды. Чаму мы гэтага ніяк не зразумеем, не вучымся ў іншых?
Няўжо сапраўды дажыліся да такога стану, што здольныя асвоіць толькі
«Ваше лото», якое па тэлебачанні рэкламуецца, як «гульня для роднай краіны».
Што і казаць, надта загуляліся беларусы! Дык хто ўрэшце будзе вырашаць
наш далейшы лёс: абмежаваныя бюракраты-дачаснікі, чужы дзядзька ці ўсё
ж сам народ, у масе якога ёсць шмат адукаваных, інтэлігентных, высока
маральных людзей?
Не ведаю, шаноўныя чытачы, як вам, а мне хочацца вярнуць згаданую, знявераную
і разгневаную жанчыну да свайго берага. Гэта не адбудзецца, пакуль мы
разам не зменім фантасмагорыю на нармальнае жыццё. Прызнаюся, што і мне,
як ёй, надакучыў абсурд. Так хочацца пажыць па-чалавечы, астатні акрайчык
зямнога лёсу правесці ў тым беларускім Доме, які стаіць на трывалым нацыянальным
падмурку, дзе ёсць размераны гаспадарскі лад, адчуванне дабрабыту і спакою,
чые вокны дружалюбна глядзяць у вялікі свет, чые дзверы гасцінна адчынены
ўсім добрым людзям.
|