ЧАЙНІК СА СВІСТКОМ PDF Печать E-mail
20.06.2010 13:13

Zakonnikov-columnНехта здзівіцца, што ў эпоху інтэрнэту, складаных тэхналогій я прыгадваю такую простую рэч — чайнік са свістком. Але якраз з ім можна параўнаць аўтарытарную Беларусь. Гэтая думка прыходзіць у галаву напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў, калі, адпрэчваючы прапагандысцкі тлум, бессаромную пахвальбу, зноў прыглядаешся да айчыннай рэчаіснасці.

Сапраўды, чаму б і не пакарыстацца метафарай? Чайнік — гэта дзяржава, вада ў ім — народ, а свісток — улада. Звыклы любімец кухні, пакінуты без нагляду на электрычнай або газавай пліце, заўсёды ўяўляе недарэчнае відовішча. Вынік кіпення — пара і свіст. Такое здараецца і з намаганнямі цэлай нацыі, калі дзяржава служыць не ёй, не яе гістарычнаму развіццю, а толькі карумпіраванай чыноўніцкай вярхушцы і драбнейшым начальнікам, таксама ласым да вялікіх грошай і зацятага фельдфебельства.

Пачнем з дзяржавы. Яна і па знешніх атрыбутах, і па ўнутраным змесце дагэтуль не беларуская, а савецкая. Давайце ўспомнім: як выглядаюць нашы дзяржаўныя сімвалы, чые імёны носяць вуліцы і плошчы пасёлкаў, гарадоў, каму стаяць тут помнікі? Або ўчытаемся ў паказальнікі, шыльды, у тэксты на шчытах, у назвы газет, часопісаў, паглядзім мясцовае тэлебачанне. Ці наведаем школы, гімназіі, каледжы, ВНУ, дзе не толькі няма нацыянальных адукацыі і выхавання, але і проста не чуваць беларускага слова.

Такіх дзікунскіх адносін з боку суверэннай дзяржавы да нацыянальных асноў і традыцый больш нідзе не знойдзеш. Напрыклад, у Казахстане жывуць прадстаўнікі 130 народнасцей і 45 рэлігійных канфесій, а мясцовы люд складае трэць ад колькасці ўсіх грамадзян. Аднак казахская мова, якая мае статус дзяржаўнай, не замінае стварэнню унікальнай мадэлі міжэтнічнай і міжнацыянальнай талерантнасці, плённаму развіццю краіны як «адной каманды».

Я ведаю, што сучасны Казахстан — гэта краіна з аўтарытарным ладам, дзе ў кіраўніцтве пануюць сямейнасць, кланавасць, дзе парушаюцца свабоды і правы чалавека. Але ўлада мяняецца, а народ застаецца. Галоўнае, што на стэпавай зямлі будуецца агульны дом для ўсіх казахстанцаў, якіх не дзеляць на «сваіх» і «чужых», як гэта адбываецца ў Беларусі, а стараюцца аб’яднаць, згуртаваць. Рэспубліканская акцыя «Мы — адна каманда», якая набыла папулярнасць, падтрымліваецца недзяржаўнымі арганізацыямі, дапамагае развіццю дабрачыннасці і валанцёрства, апекі над дзецьмі і старымі людзьмі.

Галоўная айчынная праблема бачыцца мне ў тым, што кіраўніцтва краіны, нават прымаючы доўгатэрміновыя праграмы ў розных сферах, не жыве будучыняй Беларусі. Яно ахвяруе стратэгічнымі планамі і напрацоўкамі дзеля так званай «стабільнасці», а найбольш, каб утрымацца як мага даўжэй ва ўладзе, каб завалодаць за гэты час вялікімі матэрыяльнымі і грашовымі сродкамі. Многае з таго, што зроблена за 16 гадоў аўтарытарызму ў палітыцы і эканоміцы, прымальнае з пункту гледжання асабістых і кан’юнктурных палітычных інтарэсаў «уладароў жыцця», але з’яўляецца шкодным, калі клапаціцца пра перспектыву развіцця Беларусі. На жаль, ні ўлада, ні народ не думаюць, куды можа завесці краіну ўслаўляемая імі «стабільнасць».

Вельмі хісткі падмурак мае эканоміка. Пра гэта сведчыць нават тое, што яе функцыяніраванне суправаджаецца пастаяннымі скандаламі з кіраўніцтвам Расіі, з заходнімі партнёрамі. А чыноўнікі праз манапалізаваныя СМІ рапартуюць народу, што «все прогнозные показатели выполнены». Не ведаю як каму, а мне часта замест слова «прогнозные» чуецца іншае — «поносные». Хоць бы ўжо хлусы выразней прамаўлялі свой няўклюдны, але ўлюбёны тэрмін.

Сёння любая краіна не можа развіваць эканоміку без супрацоўніцтва з суседзямі і больш далёкімі партнёрамі, без замежных інвестыцый. Якраз гэты важнейшы працэс і выяўляе нізкую кампетэнтнасць беларускіх чыноўнікаў, іх непадрыхтаванасць да перамоў. Думаю, што дакладную і вычарпальную характарыстыку даў ім і мясцовай сітуацыі знаёмы бізнесовец з Германіі, які добра валодае рускай мовай: «Жадные к деньгам, лукавые и малодушные, не желающие брать на себя ответственность, потому что над ними стоит феодал, который все решает один».

А цяпер прыгледземся да саміх сябе. Адзначаючы 65-ю гадавіну Перамогі над нямецкім фашызмам, не толькі чыноўнікі, але і мільёны звычайных (у большасці народжаных пасля вайны!) людзей напуляліся ў неба ракетамі, наскакаліся, да хрыпаты накрычаліся пра гераізм, нібыта яны самі абаранялі мірны дзень. Застольнае чаркаванне скончылася песнямі: «Артиллеристы, Сталин дал приказ!» Моладзь слухала сучасную папсу. Пра тое, што крывавы тыран і бяздарныя военачальнікі загубілі або загналі ў калецтва безліч людзей, што гэтае свята не вясёлае, а жалобнае, не ўспаміналася.

Мяне даймае пытанне: «Чаму, калі ўзнікае надзвычайная сітуацыя, найперш вайна, то тутэйшы люд гатовы ісці да канца, на смерць, а ў мірны час жыць не ўмее і ніяк не навучыцца?» Ведаю, што адназначны адказ знайсці цяжка. Магчыма таму, што на вайне бачны знешняя пагроза і рэальны вораг, якога трэба знішчыць. Пра тваё жыццё наогул гаворкі няма, чаго ўжо тады баяцца. Ды і над табой заўсёды ёсць камандзір. А ў мірны час трэба самому думаць, браць на сябе адказнасць.

Рэчаіснасць яскрава сведчыць пра тое, што жыхары Беларусі (за рэдкім выключэннем) — закончаныя палахліўцы. У нас няма элементарнай грамадзянскай смеласці, каб абараняць свае інтарэсы, адстойваць асабістую чалавечую годнасць. Аўтарытарызм, дыктатура як формы дзяржаўнага беззаконня ўзнікаюць толькі там, дзе народ слабы, палахлівы, дзе ён мае нізкую палітычную і агульную культуру.

Чаму кажу, што цана нам — шчарбаты грош? А таму, што магу спаслацца на ацэнку саміх беларусаў: «Немцы работают на совесть. А наши люди из-под палки. Всегда нужен контроль»; «А что у нас? Сидят себе да пьянствуют по дворам!» Успомнім дзяцей, якіх мы распіхваем па дамах малютак, па іншых прытулках, нават па сметніцах і прыбіральнях. Запрашаю яшчэ пахадзіць па беларускіх могілках, пачынаючы з Кальварыйскіх у Мінску, і паглядзець, у якім стане яны знаходзяцца.

Мы — дзікуны, бо купляемся на костку, кінутую ўладай з барскага стала ў выглядзе мізэрнага павышэння зарплат і пенсій перад выбарамі. Гэты прыём аб’ядноўваць народ і заахвочваць да палітычнай актыўнасці прымітыўны і зацяганы, але з тутэйшым людам заўсёды спрацоўвае.

Усё ідзе да таго, што пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў на «планетарнай пліце» зноў будзе кіпець правакацыямі, шантажом, авантурнымі выхадкамі «беларускі чайнік са свістком». Але такое не можа працягвацца бясконца. Як спалены, распаяны чайнік становіцца непатрэбным і выкідаецца ў металалом, так на звалку гісторыі трапляюць палітыкі-пустадомкі, якія здзекуюцца над грамадзянамі, саманадзейна лічаць сябе «пупамі Зямлі».

Не трэба забывацца, што падобнае можа адбыцца і з самім народам, які не шануе па-сапраўднаму сваю дзяржаўнасць, незалежнасць, грэбуе роднай мовай, культурай, гісторыяй, хварэе на хранічнае бяспамяцтва.

Ад рэдакцыі: кнігі Сяргея Законнікава «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) і «Дол» (вершы і паэмы) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72), у офісах БНФ (пр. Машэрава, д. 8), ТБМ (вул. Румянцава, д. 13).

Обновлено 27.06.2010 15:02
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов