ПАЧНЕМ З УНІВЕРСІТЭТА PDF Печать E-mail
26.09.2010 21:41

Zakonnikov-columnУ аўтарытарнай Беларусі, якую халуйскія піяршчыкі рэкламуюць узорам стабільнасці, на самой справе пастаянна пануе вэрхал. Сумбурныя падзеі (ліхаманкавае латанне «дзіравай» эканомікі, спешны пошук замежных крэдытаў для зняцця сацыяльнага напружання, разборкі з Расіяй, тузанне з Еўразвязам, ЗША) набягаюць адна на другую, а стратэгічная нацыянальная праграма развіцця не выпрацоўваецца.

Звернемся да важнейшай праблемы — стану роднай мовы. На мой розум, вынікі апошняга перапісу насельніцтва павінны былі прагучаць у дзяржаве, як трывожны вечавы звон, як грозны набат. Кіраўніцтва рэспублікі, усе грамадзяне мусілі б жахнуцца. Аднак першаму — даўно напляваць на лёс мовы, а другія, як заўсёды, палахліва маўчаць. Перапіс паказаў, што ў краіне жыве 84% беларусаў, але беларускую мову назвалі роднай толькі 53% жыхароў. У 1999 годзе — 73%.

Адкуль ганебная лічба? Што адбываецца? Усё тлумачыцца проста. Гэта вынік татальнай русіфікацыі, якой улада расплачваецца за ратавальны ўсходні рынак, за халяўныя грошы, газ і нафту з Расіі, патрэбныя для выдачы зарплат, пенсій, для ўтрымання ў паслушэнстве насельніцтва.

26 студзеня 1990 года ў рэспубліцы адбыўся доўгачаканы паварот у нацыянальнай палітыцы — быў прыняты Закон аб мовах, які абвясціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Гэта паскорыла яе плённае адраджэнне, якое з народных глыбінь пачалося ў канцы 80-х гадоў. Калі б такая сітуацыя пратрымалася хоць бы два дзесяцігоддзі, то з мовай не было б праблем, працэс стаў бы незваротным. Але ўсё напрацаванае намаганнямі тысяч свядомых людзей нахабна знішчыў цемрашальскі рэферэндум 1995 года, ініцыяваны аўтарытарным кіраўніком.

Заўважу, што ў апошні час усюды ў свеце чыноўнікі (пасада прэзідэнта адносіцца да іх кагорты) надта многа на сябе бяруць, залазяць «са сваёй клюшняю» ў базавыя, нерушныя асновы нацый. Палітыканы сыходзяць з арэны, а расхлёбваць валюнтарысцкія, невуцкія дзеянні даводзіцца іншым. Гэта абсалютна ненармальна.

Тым не менш, на постсавецкай прасторы ніводзін кіраўнік не загнаў родную мову ў рэзервацыю на выміранне, як гэта зроблена ў Беларусі. У 1989 годзе ў Казахстане жыло 6 мільёнаў 535 тысяч казахаў і 6 мільёнаў 228 тысяч рускіх — амаль пароўну. Але такая прапорцыя не перашкодзіла замацаваць тут казахскую мову адзінай дзяржаўнай, а рускай надаць статус мовы міжнацыянальных зносін. Гэтак разумна было зроблена і ў нас, і я ўпэўнены, што мудрае рашэнне адновіцца!

У цяперашніх умовах толькі самыя свядомыя бацькі рашаюцца на змаганне за навучанне дзяцей на роднай мове. Незалежная прэса нядаўна расказала пра гераічную сям’ю А. Астроўскага з Гародні, якая арганізавала пікет. Дзеці трымалі плакат: «Хочам вучыцца па-беларуску!», бацька — «Этнацыд — ціхае забойства народа!», а журналіст У. Хільмановіч — «У Гродне ў школах няма ніводнага беларускага класа! У якой краіне мы жывем?» Яшчэ адна настойлівая сям’я выявілася сёлета ў Магілёве. У Мінску, каб грамадзяне суверэннай Рэспублікі Беларусь вучыліся па-беларуску, патрыятычныя, сумленныя бацькі цягаюць нашчадкаў з двума-трыма перасадкамі ў гімназіі або школы, якіх тут — кот наплакаў. Прачынацца малым даводзіцца вельмі рана. Губіцца іхняе фізічнае і маральнае здароўе, траўміруецца псіхіка. Сапраўды, што гэта такое, як не этнацыд!

Чаму свядомых бацькоў няшмат? Ды таму, што спрацоўвае элементарная логіка. Людзі роспачна кажуць: «Што вы агітуеце за мову, за адкрыццё школ, калі няма беларускіх ВНУ? Магчыма, я патрыёт не горшы, чым вы. Але куды будзе паступаць мая дачка або сын з беларускамоўнай школы?»

Дык вось — у Беларусі трэба адкрываць нацыянальны універсітэт, дзе навучанне будзе весціся на роднай мове. Прапанова — не новая, спробы змагання за такую ўстанову былі, але, на жаль, скончыліся безвынікова. Цяпер сітуацыя больш спрыяльная, грэх яе не выкарыстаць.

Увогуле, патрыётам варта думаць не пра фіксіраванне былых заслуг, а разам налегчы на праблему. Сёння знаходзяцца «нацыяналісты», якія навыперадкі імкнуцца паказаць сябе вялікімі змагарамі «за беларускую мову», «за незалежную дзяржаву», замацаваць у гісторыі праз СМІ і кнігі ўласныя «подзвігі», хоць іх дзейнасць на гістарычным фоне супрацьстаяння жалезабетоннай савецкай сістэмы і абаронцаў усяго роднага, мякка кажучы, выглядае даволі сціпла. «Героі» забываюцца, што барацьба (з канкрэтнымі карнымі наступствамі!) вялася яшчэ тады, калі іх не было на свеце або яны хадзілі пехам пад стол. Згадаю толькі пісьменнікаў, сапраўды гераічных змагароў — Пімена Панчанку, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Дамашэвіча, Анатоля Вярцінскага, Алеся Разанава…

Нехта можа запярэчыць — на носе выбары, а ён зноў пра мову, пра нацыянальны універсітэт, палітычная кампанія важней. Адказваю — нічога падобнага! Якраз у гэты час, калі адбываецца ўздым палітычнай актыўнасці насельніцтва, людзі павінны задумацца: хто яны, куды ідуць, якой бачаць будучыню дзяржавы, долю дзяцей, унукаў, праўнукаў? Выбары будуць праходзіць яшчэ безліч разоў, палітыка і асобы ў ёй пастаянна мяняюцца. А родная мова, культура як галоўныя атрыбуты нацыі застаюцца навечна або знікаюць, разам з імі памірае і народ. На ўсе часы геніяльны Францішак Багушэвіч пакінуў беларусам запавет: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

Было б добра, каб ідэю адкрыцця нацыянальнага універсітэта ўключылі ў свае праграмы ўсе прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду, каб па краіне адбылася яе масавая падтрымка ў выглядзе пікетаў, збору подпісаў.

Мне здаецца, што прапанову варта падтрымаць кіраўніцтву Еўразвяза, яго чыноўнікам, якія займаюцца адукацыйнымі пытаннямі. Ведаю, што Захад, плывучы цяпер на хвалі глабалізацыі, баіцца праяў «нацыяналізму». Старыя краіны, маючы за спіной доўгае непарушнае панаванне роднай мовы, яе выдатны сучасны стан, далёкія ад нашых клопатаў. Аднак ім належыць зразумець, што тутэйшая сітуацыя з мовай патыхае катастрофай і патрабуе хутчэйшага вырашэння. Акрамя таго, ёсць пытанне: у стасунках з Беларуссю, якія настойліва наладжвае Еўразвяз, з кім лепш мець справу — са свядомым народам або з рабскім статкам двухногіх без роду-племя? Мяркую, што дыпламаты, якія працуюць у Мінску, якія глыбей бачаць нашы рэаліі і часта ў інтэрв’ю дзівяцца, засмучаюцца адсутнасцю беларускай мовы ў народным жыцці, маглі б давесці, растлумачыць сваім калегам важнасць праблемы…

Зарабляць хлеб і нешта да яго, утрымліваць сям’ю кожны з нас павінен сам. А такое пытанне, як адраджэнне роднай мовы, можна вырашыць толькі агулам, народнай талакой.

Пачаць трэба з адкрыцця нацыянальнага універсітэта. Упэўнены, што гэта адразу зменіць моўную сітуацыю ў лепшы бок. У нашых добрых суседзяў чэхаў, якіх ледзь не адужала ў ХІХ стагоддзі нямецкая мова, адраджэнне роднага слова бліскуча адбылося якраз праз універсітэты. Чаму б нам не пакарыстацца выдатным вопытам? Прашу лічыць гэты роздум прапановай для Савета міністраў Рэспублікі Беларусь.

Обновлено 04.10.2010 07:32
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов