ГАРАНТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ PDF Печать E-mail
28.11.2010 20:00

Zakonnikov-column26 лістапада 1930 года ў г. Оршы ў сям’і бухгалтара нарадзіўся хлопчык, якому суджана было стаць не толькі любімым у народзе пісьменнікам, але і знакавай асобай у айчыннай гісторыі, абярэгам нацыі. Дзякуючы гэтаму чалавеку сотні тысяч тутэйшых людзей адчулі і ўсвядомілі сябе беларусамі, пачалі працаваць на беларускасць. Яго слаўнае імя — Уладзімір Караткевіч.

Высокі інтэлектуальны патэнцыял, шматграннасць таленту, выключная працавітасць Караткевіча надзвычай уражваюць, бо бліскуча ўвасобіліся ў паэзіі, гістарычных раманах, аповесцях, апавяданнях, эсэ, публіцыстыцы, нарысах, драматургіі, кінасцэнарыях, крытыцы, малюнках.

Нездарма кажуць, што здалёку ўсё лепш бачыцца. Яшчэ з гадоў студэнцтва ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце Уладзімір Караткевіч усвядоміў, што пад націскам татальнай русіфікацыі беларуская нацыя ўступіла ў фазу маруднай смерці. Яе трэба хутчэй ратаваць. А гэта азначае — адкрыць наноў і захапляюча паказаць для сучаснікаў айчынную гісторыю, справы продкаў, іх спадчыну. Пастаўленая задача была вырашана. Ён адзін зрабіў тое, што не змаглі здзейсніць за дзесяцігоддзі тысячы людзей на зарплаце ў розных інстытутах, бо духоўны подзвіг за грошы не вершыцца.

Ніводная кніга Уладзіміра Караткевіча не праходзіла выдавецкія калідоры спакойна. Апалагеты таталітарызму навесілі на яго яшчэ з маладых гадоў ярлык «нацыяналіста». Цкаванне пісьменніка то нарастала, то крыху аціхала, але не спынялася. Ведаю гэта, бо маё сяброўства з Караткевічам пачалося з сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя, калі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, і працягвалася да апошніх дзён яго жыцця. Значна пазней, працуючы ў «высокім партыйным доме», я не раз дапамагаў адбіваць цэнзарскія атакі Галоўліта БССР і аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ на яго таленавітыя рукапісы. Мужнасці, смеласці Караткевіча трэба павучыцца сённяшнім жыхарам Беларусі. Наконт страху Валодзя казаў так: «Той, хто баіцца, памірае кожны дзень. А хто не баіцца — толькі адзін раз».

Але і ў такіх, мякка кажучы некамфортных, умовах Уладзімір Караткевіч, які пражыў няпоўных 54 гады, паспеў зрабіць фантастычна многа. Сам Валодзя называў асабліва дарагімі тры творы: «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія» і «Ладдзя роспачы». Яны сапраўды вартыя любові не толькі чытачоў, але і аўтара. Ніякай самапахвальбы тут няма.

Усім, хто хоча ведаць край, дзе жыве, раю прачытаць яшчэ адну выдатную кнігу Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Лепшага гімна роднай зямлі і народу па сардэчнасці пачуццяў, па даходлівасці напісання не склаў яшчэ ніхто. Ёсць там даўняя «іранічная і злая легенда» пра тое, як Бог дзяліў зямлю. Беларусы яму спадабаліся, а таму адарыў іх шчодра. А Мікола штурхае ў бок: «Ты ж рай ім стварыў!» Тады Бог кажа: «Добра, зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі».

Легенда, на жаль, актуальная і трапная!

У прадмове да Збору твораў пісьменніка Васіль Быкаў напісаў: «Яго пры жыцці любілі людзі розных характараў і нават светапоглядаў, ён умеў аб’яднаць, памірыць, пакарыць глыбінёй свайго розуму і дабрынёй свайго сэрца. Бо ён любіў людзей і ненавідзеў усё дробязнае, фальшывае і мярзотнае сярод іх. Многім памятна яго, мабыць, апошняе выступленне на адным з пленумаў праўлення СП Беларусі, пафасным заклікам якога было: давайце жыць у міры і згодзе, навошта самаедства, зласлівасць, жыццё і без таго кароткае, каб траціць яго на сваркі. Трэба больш працаваць. Тады, можа, не дужа прыслухаліся да тых яго слоў, а між тым, яны прадаўжаюць надзённа гучаць і цяпер. Ён ведаў, што гаварыў…»

На невялікай газетнай плошчы нельга нават збольшага асэнсаваць велічную постаць Уладзіміра Караткевіча, якая непаўторна вылучаецца ў беларускай літаратуры, культуры, увогуле, у нацыянальнай гісторыі, а таму адсылаю чытачоў «Снплюс» да літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў» (№ 48 за 2010 год), дзе апублікаваны мае ўспаміны пад назвай «Ахоўная зорка»…

У аўтарытарнай Беларусі цяпер існуюць розныя псеўдапатрыятызмы. Самы распаўсюджаны — палітыканскі, другі — кар’ерны, трэці — карпаратыўны і г. д. Усюды на плакатах красуецца і ў тусовачных канцэртах гучыць — «Беларусь — гэта мы!», «Мы беларусы!», але за душой ні ў чыноўнікаў, якія арганізоўваюць масоўкі, ні ў маладых кан’юнктуршчыкаў нічога роднага няма, ёсць толькі мітусня і крыкі. Жыццё даўно засведчыла, што пазбаўленыя нацыянальных каранёў, малаадукаваныя, хлуслівыя, схільныя да шантажу і гандлю, без маральных прынцыпаў людзі не могуць быць гарантам нечага.

Уладзімір Караткевіч нездарма акцэнтуе ўвагу на галоўнай рысе продкаў — свабодалюбстве, якое нашчадкамі страчана. Сапраўдны гарант дзяржаўнай незалежнасці — гэта сам беларускі народ. Але многія сучаснікі яшчэ павінны ўсвядоміць ісціну, што адданымі сынамі і дочкамі Айчыны становяцца толькі тыя, хто любіць і абараняе сваё, крэўнае, захоўвае нацыянальныя традыцыі, валодае роднай мовай, ведае гісторыю народа, засвойвае культуру, літаратуру. Якраз на такім падмурку, як сведчаць самыя выдатныя людзі свету, нараджаецца ўсвядомлены, трывалы патрыятызм, які праз усё жыццё чалавека не зможа пахіснуць нішто і ніхто.

Палітыкі, кіраўнікі дзяржаў прыходзяць і сыходзяць. Добра, калі нехта з іх зарэкамендуе сябе добрымі справамі, каб застацца ва ўдзячнай памяці людзей. Такое здараецца не надта часта. Звычайна па спінах сапраўдных герояў да ўлады прарываюцца даволі шэрыя асобы, чые сляды непазбежна і хутка сціраюцца часам.

На вякі з народам застаюцца вялікія таленты. Якраз Уладзімір Караткевіч сваёй да апошняга слова, да кожнай крывінкі беларускай творчасцю, якая блізкая для кожнага новага пакалення суайчыннікаў, стаў і будзе назаўжды гарантам нашай незалежнасці. У дзень яго нараджэння жыхарам сучаснай Беларусі варта да зямлі пакланіцца гэтаму слаўнаму, цудоўнаму чалавеку і магутнай сілы творцу.

Обновлено 06.12.2010 09:33
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов