АБЛАВУШКА PDF Печать E-mail
23.05.2011 16:59

Zakonnikov-columnУнучка, якая глядзела са мной тэлевізійную інфармацыйную праграму, спытала: «Дзядуля, а хто гэты прыкольны дзівак у шапцы-вушанцы, чаму ён размахвае рукамі, крычыць?» Яе цікаўнасць тычылася лівійскага дыктатара М. Кадафі. Як мага даходлівей, я адказаў, а пасля падумаў, што дзеці часта сваімі пытаннямі падводзяць дарослых да важных праблем.

Дыктатурызацыя многіх краін свету, што адбылася ў бурлівым, крывавым ХХ стагоддзі, сучасныя драматычныя падзеі ў міжнародным жыцці даюць імпульс паразважаць, чаму не памяншаецца колькасць тыранаў у вушанках, чалмах, цюбіцейках, капелюшах, папахах, фуражках, на якой глебе яны вырастаюць, якія маюць тыповыя рысы, у чым яднаюцца?

Здаецца, выспеленыя чалавецтвам за доўгі час свайго існавання асноўныя патрабаванні адносяцца як да звычайных грамадзян, так і да тых, каго лёс узнёс на вышэйшую пасаду: жыві па сумленні, выконвай маральныя правілы, працуй так, каб не было сур’ёзных прэтэнзій, каб па табе не плакала турма, — і ўсё будзе добра! Але так атрымліваецца не заўсёды. Улада над людзьмі — гэта цяжкі наркотык, які сціскае ў чэпкіх шчупальцах кожнага маральна слабога чалавека і знішчае яго. Усе ўзурпатары яднаюцца ў тым, што абсалютна не ўмеюць слухаць іншых людзей, не прымаюць ніякія чужыя меркаванні, парады, пастаянна самаўпэўнена талдычуць пра вялікую любоў да сябе ўсяго народа.

Прыход патэнцыяльнага дыктатара ва ўладу, яго праўленне заўжды звязаны з парушэннямі законаў, злоўжываннямі і злачынствамі. Па гэтай прычыне яму выгадна як мага даўжэй заставацца на троне. Страта ўлады аўтаматычна азначае следства і суд. Вось чаму на працягу дзесяткаў гадоў захоўваюць надзвычайнае становішча, сударгава чапляюцца за трон, а цяпер бязлітасна ўжываюць армію і зброю супраць пратэстуючых народаў кіраўнікі Лівіі, Сірыі, Емена.

Любымі спосабамі выкручваюцца ад сыходу вялікія аматары ўлады на постсавецкай прасторы. Н. Назарбаеў, каб утрымацца на пасадзе, пайшоў на датэрміновае галасаванне. Вельмі лагічна і прагматычна! Лепш ахвяраваць амаль двума недабытымі ў крэсле прэзідэнта гадамі, затое атрымаць яшчэ адзін поўны тэрмін.

З другога боку, у дыктатараў ёсць спадзяванне, што працяглае праўленне, прывыканне да іх асобаў і проста забыўлівасць людзей дапамогуць схаваць усе чорныя сляды. Акрамя таго, дзе ўлада — там вялікія грошы, якія таксама правяць светам, аблытаным самымі нечаканымі сувязямі паміж чыноўнікамі, нават паміж прадстаўнікамі розных ідэалагічных сістэм. А таму ў любога ўзурпатара заўсёды будзе забяспечаная старасць.

Прыклад у нас прад вачыма: у той час, калі сем’і людзей, рэпрэсіраваных Сталіным, падвяргаліся здзекам, жылі ў голадзе, па Мінску спакойна хадзілі, атрымлівалі ад дзяржавы высокія пенсіі апрычнікі вусатага тырана — члены сумна вядомых «троек», аўтары хлуслівых абвінавачванняў, дырыжоры езуіцкіх працэсаў, выканаўцы расстрэльных прысудаў. Крывавыя каты своечасова не панеслі суровага пакарання, сталінізм не быў асуджаны савецкім народам, а таму лютуюць сучасныя беларускія следчыя, пракуроры, суддзі, якія ламаюць лёсы невінаватым людзям толькі за тое, што яны выступілі з пратэстам супраць узурпацыі ўлады адным чалавекам.

Беларуская рэчаіснасць настолькі абсурдная, што знаходзіцца за межамі чалавечага разумення. У нас можна абвінавачваць людзей, калі няма ніякіх доказаў іх віны, можна збіваць дубінкамі за тое, што грамадзянін суверэннай краіны гаворыць на роднай мове, паўтарае за геніяльным нацыянальным паэтам патрыятычныя словы: «Жыве Беларусь!».

Абсурд стаў магчымым пасля працяглай ідэалагічнай апрацоўкі беларусаў. Практыка барацьбы з людзьмі, якія думаюць, маюць уласныя перакананні, у нашых краях традыцыйная. У пазамінулым стагоддзі ў царскай паліцыі Расійскай імперыі арганізавалі трэцяе аддзяленне, якое шукала і затым «выхоўвала» нядобранадзейных грамадзян, каб спыніць працэс думання. Такі метад застаўся на ўзбраенні сучасных спецслужбаў, што выразна паказваюць апошнія падзеі, але з’явіліся і новыя тэхналогіі. Усю этычна-маральную атмасферу грамадскага асяроддзя рэжым манапольна запаўняе процьмай паведамленняў, якія прапагандысцкая машына тэлебачання, радыё і прэсы аблягчае да прымітыву, празрыстасці і пустаты.

Поўная адсутнасць дыскусій, дыялогу грамадзян і ўлады, роздуму людзей дазваляе прыхільнікам лёгкага рашэння ўсіх праблем, якія цяпер запоўнілі дзяржаўны апарат, гвалтам навязваць насельніцтву тое, што ім выгадна. А замбіраванаму абывацелю так жыць прасцей — навошта думаць, шукаць разумнае вырашэнне нейкага пытання, калі за яго ўсё зробяць начальнікі?

Неяк па запрашэнні выдавецтва «Золотые ворота» (г. Уладзімір) разам з добрай душы чалавекам, глыбінна беларускім, таленавітым паэтам Алесем Пісьмянковым, якога, на жаль, няма ўжо з намі, мне выпала праехаць па славутаму расійскаму «Золотому кольцу», у якое ўваходзяць Маскоўская, Уладзімірская, Іванаўская, Кастрамская, Яраслаўская вобласці, на працягу дзесяці дзён выступаць перад аматарамі паэзіі. Да гэтага часу помняцца хараство краявідаў, гістарычныя гарады Мурам, Гарахавец, Вязнікі, Суздаль, Галіч, Угліч, шчырасць, сардэчнасць і гасціннасць людзей, якія сустракалі. Але ўсюды — у цэнтрах і ў вёсках — бачыліся татальная безгаспадарчасць, запушчанасць.

Стаяў цёплы чэрвень. Быў працоўны дзень, 12 гадзін. А на прызбе, на фоне прыгожых уладзімірскіх акяніц, якія выразалі яшчэ яго прапрадзеды, сядзеў у валёнках і ватоўцы п’яненькі мужычок. На галаве ў яго была завэдзганая зімовая аблавушка, адно вуха якой задзіралася ўгару, а другое абвісала на плячо. Мужычок заўзята тузаў хрыпаты гармонік і галасіў: «Мимо тещиного дома я без шуток не хожу…»

Сёння, напрыклад, у Іванаўскай вобласці налічваецца 600 вёсак, дзе няма пастаянных жыхароў, на лета прыязджаюць толькі дачнікі. Яшчэ больш тут паселішчаў, у якiх жыве да 10 чалавек. Беларуская глыбінка — занядбаныя мястэчкі і вёскі — мала чым адрозніваецца ад расійскай. У нас таксама пануе закінутасць, паныласць, п’янства.

Пры аўтарытарных рэжымах імкліва ўзрастае агрэсіўнасць апарата. Нават самыя «ліберальныя» наменклатуршчыкі «распярэзваюцца» , выяўляюць сваё сапраўднае аблічча, нораў. У Беларусі гэта бачна на кожным кроку. Але жыццё, якое абрынаецца на нас высокімі цэнамі, пагаршэннем дабрабыту, паказвае, што трэба праводзіць не рэпрэсіі супраць мыслячых прадстаўнікоў народа, а рэформы…

Бляск царскай, каралеўскай кароны або зіхатлівы німб кіраўніка дзяржавы вымагаюць ад іх уладальнікаў (падкрэсліваю — часовых!) дасведчанасці, выхаванасці, чалавечай мудрасці, дабрыні, спагадлівасці, міласэрнасці. На жаль, углядаючыся ў міжнароднае палітычнае жыццё, усё часцей прыходжу да думкі, што па ўзроўню адукацыі, культуры, па дзелавых і маральных якасцях многім сучасным лідарам больш падыходзіць шапка-аблавушка, якую бачыў я на галаве ўладзімірскага мужычка з гармонікам.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).

Обновлено 29.05.2011 16:52
 

Комментарии  

 
0 #1 23.05.2011 20:29
Истории диктаторов и народа, который их выбирает, банальны. У С.Кинга в "Мертвой зоне" есть отриц. герой: Грег Стилсон - независимый кандидат в палату представителей США. "Этот человек знал, как овладеть аудиторией. Было в нем что-то истеричное, властное, берущее за горло, что-то кликушеское. Оратор брызгал слюной". Он выступает перед аудиторией в каске строителя, чтобы у народа возникало ощущение "своего парня".Его охраняют охранники,котор ые могут убить любого, кто настроен против их лидера. С ним никто не хочет связываться: "С какой стати рисковать? Его избирательная кампания - верх сумасшествия. Но пусть кто-нибудь другой скажет об этом во всеуслышание. Кто-нибудь другой, кому нечего терять. Уоррен Ричардсон поехал домой, где его ждали свиные отбивные, и ни словом не обмолвился о случившемся. Кто-нибудь другой наверняка положит этому конец".
Цитировать
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов