АКАПВАЕМСЯ Ў АГАРОДАХ? PDF Печать E-mail
01.08.2011 16:49

Zakonnikov-columnДля чалавека, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, назаўжды застаюцца блізкімі яе спрадвечныя клопаты, звязаныя з зямлёй-карміцелькай, з прыродным календаром. Такіх жыхароў у беларускіх мегаполісах шмат, стоадсоткавыя гараджане сталі стабільнай большасцю толькі ў апошні час.

Гледзячы ранкам за вакно, жыхары гарадоў не толькі прагматычна ўлічваюць стан надвор’я, але і канстатуюць, як ён можа ўплываць на ўраджай, думаюць пра вёску. Магчыма, гэта беларускі анахранізм, ды так яно ёсць.

Акрамя таго, многія былыя вяскоўцы, якія перасяліліся ў буйныя цэнтры, і карэнныя гараджане хочуць мець кавалак зямлі, будуюць або набываюць садовыя домікі, дачы (лецішчы).

Па даўнім вызначэнні дача — гэта зямля, якая падорана за заслугі або «для пракорму». Сучаснае разуменне слова — «загарадны дом, звычайна для летняга адпачынку». У далёкім мінулым князі давалі дачы сваім васалам за адданасць. Пазней іх любіў дарыць наменклатурным халуям, а таксама прыдворным пісьменнікам, кампазітарам, мастакам, артыстам крывавы тыран Сталін, што было знакам ягонай асаблівай прыхільнасці…

Цяпер у Расіі 44% гараджан маюць дачы, яшчэ 15% хацелі б іх набыць. Згодна прыватных сацыялагічных даследаванняў, прыкладна гэтыя лічбы можна дапасаваць і да Беларусі. Афіцыйная статыстыка — не памочніца. Дзяржава аўтарытарная, а таму нават у элементарных, незасакрэчаных галінах жыцця — шмат таямніц.

Не толькі хараство роднага краю або жаданне мець магчымасць адпачываць цягне людзей бліжэй да прыроды. Кусаюцца цэны на гародніну і садавіну. У сёлетнім сезоне рэкорд паставіў звычайны часнок, за кілаграм якога трэба аддаваць 55 — 65 тысяч беларускіх рублёў. Па росце коштаў яго даганяюць да болю родныя і незаменныя — бульба (візітная картка Беларусі!), морква. Як кажуць людзі на рынках і ў крамах, такіх астранамічных цэн на класічную сельгаспрадукцыю ў нас яшчэ не было.

Не сакрэт, што глыбінная вёска жыве амаль што натуральнай гаспадаркай. Дабрабыт жыхароў падтрымліваюць прысядзібныя ўчасткі. Прытым трэба зазначыць, што на іх вырошчваецца 70% усёй сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта фенаменальная лічба!

Што тычыцца дачных участкаў, то яны не могуць прэтэндаваць на ролю натуральных гаспадарак. Але на маленькіх гародзіках, у прымітыўных парнічках, цяплічках, у міні-садках дзякуючы мазольнай працы людзей таксама наліваюцца сокамі зямлі дары прыроды. Колькі іх вырошчваецца на дачах, статыстыка замоўчвае. Але і гэта — немалы даважак у харчовую праграму дзяржавы!

Маючы за плячыма вясковае маленства і юнацтва, а затым вопыт апрацоўкі чатырох камяністых сотак і будаўніцтва садовага доміка, пра дачныя праблемы я магу разважаць з веданнем справы. Для настрою, каб надаць сялянскім клопатам арэол хараства, згадаю росны космас агарода мамы, якая была вясковай настаўніцай, а гэта значыць — і сялянкай:

Даўняй моцы няма

            ў аслабелых нагах,

На каленях абпоўзала

            доўгія лешкі,

Праз гарод засвяціўся,

            пралёг

                        Млечны Шлях —

Зацвіла апантаная бульба-паспешка.

 

Гне спіну ў крук

            хваробы бязлітаснай груз,

Ды яна,

            як заўсёды,

                        працуе без змены:

Невядомай планетай

            жаўтлявы гарбуз

Выплывае з туманнасці кропу і кмену.

Змрок ахутвае край наш,

            азёрны, лясны,

Каб чарнечаю кожны куточак запоўніць,

Серабром адліваюцца ў ім качаны —

Маладыя,

            тугія,

                        рыпучыя поўні...

Жыццёвыя абставіны змусілі мяне прадаць лецішча, у якое ўкладзена шмат грошай і сіл, але з гэтай прычыны не сумую. На армію дачнікаў, якія перад выхаднымі штурмуюць электрычкі, гляджу з разуменнем, павагай, але і са спачуваннем, з паблажлівай усмешкай. Безумоўна, выдатна, калі дзеці, унукі ласуюцца клубніцамі проста з градкі, калі на стале — харч без нітратаў. Але, па-першае, на цэлы год гародніны не нарыхтуеш — у горадзе яе немагчыма захаваць, па-другое, з улікам выдаткаў і дарогі, бульба, гуркі, памідоры, (хоць дробненькія, ды свае!) становяцца «залатымі». Самае ж галоўнае — ты не адпачываеш, увесь час у поце, нічога вакол не бачыш, укалваеш да цемры, а потым бяжыш яшчэ некалькі кіламетраў да прыпынку з грузам, ныраеш у перапоўненую, душную электрычку і стаіш там на замлелых нагах…

Мець кавалак зямлі хочуць людзі і на Захадзе. Але ў Германіі, Швейцарыі, Францыі на лецішчах у маіх знаёмых расце траўка, цвітуць кветкі, шапочуць лістотай кусты і дрэвы, шчабечуць птушкі. Людзі прыязджаюць адпачываць, на пуп не бяруць, займаюцца пасільнай працай менавіта «для душы». Праўда, там у любую пару года гараджане могуць купіць свежую гародніну і садавіну. Грошай для пакупак хапае.

Безумоўна, становішча з харчаваннем у Беларусі не параўнаць з тым, што адбываецца ў Паўночнай Карэі, дзе больш, чым 500 тысяч чалавек галадае, спажывае траву і кару дрэў. Але тое, што 80% суайчыннікаў траціць на ежу тры чвэрці зарплаты або пенсіі — паказчык ганебны. Дачы вымушана выкарыстоўваюцца для пракорму.

Беларуская карумпіраваная вярхушка, над якой няма кантролю з боку грамадства, абагачаецца з размахам: яна прысабечвае зямельныя ўчасткі, будуе шыкоўныя катэджы, набывае нерухомасць за мяжой, а насельніцтву праз афіцыйныя СМІ, рэкламу навязвае іншы культ прыватнасці. Салодкімі галасамі лакеі рэжыму спяваюць, што можна быць шчаслівым у маленькай кухні над міскай баршчу, у спальні з калінкавіцкім ложкам, у дачы, падобнай на шпакоўню. Маўляў, гэтага хапае, каб лічыць сябе паспяховым.

Тэлебачанне запаланяюць «мыльныя оперы», крывавыя баевікі і праграмы, прысвечаныя кулінарыі, модзе, дызайну, здароўю, пошукам партнёраў, сексу і г.д., якія паўтараюць адна адну. Грамадства апаноўваюць стомленасць, апатыя, абыякавасць. У людзей прытупляецца адчувальнасць рэальнага жыцця, прападае інстынкт самазахавання.

У дзяржаве трэба мець годны палітычны лад, эфектыўную эканоміку, кожны чалавек павінен займацца сваёй працай, тады будуць якасныя прадукты, прамтавары, а таксама зарплаты і пенсіі, каб іх купіць. Нідзе ў свеце, акрамя Беларусі, не існуюць гарадскія дэсанты ў вёску, гераічная барацьба за ўраджай. Гэта адказ прыхільнікам рэжыму, якія папракаюць апазіцыю: «Замест таго, каб мітынгаваць, лепш паехалі б палоць моркву».

Зямля гараджан прыцягвае, ды не настолькі, каб па закліку мясцовага кіраўніка «ісці ў зямлянкі», «у акопы» дзеля змагання з нейкімі міфічнымі ворагамі. Яны «акапваюцца» на дачах, каб выжыць. Але развіццё падзей паказвае, што ад надзённых праблем у гародах схавацца не ўдасца.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Обновлено 07.08.2011 19:00
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов