БЕЗ ВЫБАРУ PDF Печать E-mail
05.03.2012 23:22

Zakonnikov-columnУ Маскве пратэстуючых супраць несумленных выбараў накіроўваюць на Балотную плошчу, а ў Мінску заганяюць на плошчу Бангалор, якую людзі называюць «Багналор». Пераклічка расійскай і беларускай назваў пасяляе ў душы невясёлыя думкі — вылезці з аўтарытарнай дрыгвы двум народам цяжка, бо няма на што абаперціся.

З прыходам свабоды і незалежнасці расіянам і беларусам неабходна было ў савецкім таталітарным балоце насыпаць цвёрды грунт для нармальнага жыцця. Ён выглядае так — суверэнная нацыянальная дзяржава, а ў ёй — дэмакратычныя, адкрытыя выбары, падзел заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, свабодныя СМІ, эфектыўны кантроль грамадства за дзеяннямі кіраўніцтва. Але такі лагічны план не здзейсніўся. Народы загрузлі яшчэ глыбей. Чаму?

Літаратары свету думаюць над пазітыўнымі і негатыўнымі пературбацыямі, якія адбываюцца з іхнімі народамі. Мне, занятаму падобнымі развагамі, цікава ведаць гэты досвед. Іспанскі пісьменнік Х.Бергамін піша: «Когда народ становится массой, он перестает быть народом, ведь тогда он перестает быть личностью, превращаясь в нечто инертное, без правды, без свободы. Нет ничего легче, чем управлять подобной массой, народом, сбившимся в массу. Это самый бездарный из Макиавеллиевых секретов всех современных тираний. Напротив, нет ничего более сложного, более невозможного, чем противостоять воле, святейшей воле народа, народа свободного и требующего справедливости».

Мудры іспанец нездарма ўспамінае італьянскага мысліцеля і гісторыка Н. Макіявелі (1469 — 1527), які лічыў, што дзеля ўмацавання дзяржавы можна ўжываць любыя сродкі. Тэрмінам «макіявелізм» азначаецца палітыка, якая ідзе напралом, не зважаючы на нормы маралі.

Якраз такая палітыка пануе ў Беларусі і ў Расіі. Тут да кіраўніцтва прыйшлі шляхам прымітыўнага папулізму «нашы хлопцы». Гэты імідж падабаецца электарату, ён хоча бачыць над сабой не лепшага, а такога ж, як і ўся маса. Акрамя таго, у простым народзе стагоддзямі бытуе імкненне ствараць з высокага начальніка клапатлівага «бацюхну-цара», які кіруе справядліва, але яму замінаюць «баяры». Людзі дэлегуюць наверх свае палітычныя і грамадзянскія паўнамоцтвы, а потым чакаюць апекі.

«Нашы хлопцы» хутка асвоіліся ва ўладзе, у вялікай раскошы, якую яна дала, кіраваць ім спадабалася, і цяпер, улічваючы беларускі і расійскі менталітэт, з дапамогай піяру чыноўніцкіх і прапагандысцкіх халуёў яны ўдала «косяць» пад незаменных цароў.

Значная частка беларусаў і расіян падобна на дзяцей. Вы заўважалі, што ў свядомасці маленькіх дзяцей няма мінулага і будучыні, яны жывуць толькі цяперашнім. Іх звычайны стан — вярчэнне вакол сябе, сваіх жаданняў. Такім чынам успрымаюць зямное існаванне і многія дарослыя людзі. Слуп, да якога яны прыкаваны ўладай зараз, — гэта зарплаты і пенсіі, чарговае павышэнне якіх успрымаецца, як міласць «цара». Адзіным уздыхам кожны раз гучыць: «Ура! Павысілі зарплаты і пенсіі. Які ў нас выдатны кіраўнік! Будзем галасаваць толькі за яго!» Тое, што цэны на прадукты, тавары і паслугі павышаліся неаднойчы, не выклікае ў людзей абурэння, пабурчаць і супакояцца. Голаду пакуль няма. Але ж добра харчавацца — не азначае добра жыць. Ды хто пра гэта думае, помніць?

Людзі адносяцца да палітыкі абыякава, непатрабавальна. Без выбару праходзяць прэзідэнцкія выбары нават тады, калі ў гонцы ўдзельнічае не адзін, а некалькі кандыдатаў. Пра гэта сведчыць не толькі беларускае, але і расійскае «волевыяўленне». Два чалавекі правялі міжсабойчык, цынічна размеркавалі вышэйшыя пасады ў гіганцкай краіне, якая валодае атамнай зброяй, а насельніцтва на гэта — ні гу-гу! Я ўяўляю, якая рэакцыя на такія нахабныя дзеянні была б, скажам, у Францыі або Італіі!

Расіяне выйшлі пратэставаць толькі пасля сфальсіфікаваных парламенцкіх выбараў. А ўсё, што звязана з прэзідэнцкімі выбарамі, у тым ліку самапіяр і масіраваны піяр у СМІ аднаго прэтэндэнта, спакойна глытаюць. Адначасова тэлебачанне, радыё, прэса накінуліся на апанентаў, прытым робіцца гэта нахрапіста, брудна, агідна. Але ж для аўтакрата галоўнае — перамагчы любымі спосабамі. Пасля бойкі, як кажуць, кулакамі не махаюць.

Заўсёды перад выбарамі ў Беларусі і ў Расіі ў галовы людзям удзёўбваецца, што «сапраўднай альтэрнатывы» пастаяннаму кандыдату няма. Чаму ж няма? Ёсць, і не адна, а тысячы. Калі і вы, шаноўныя чытачы, не верыце ў гэта, то ўспомніце, што з сябе ўяўлялі сённяшнія бонзы ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Дзве суседнія дзяржавы падтрымліваюць на плыву, ратуюць ад краху не аўтарытарныя кіраўнікі, якім замбіраваны электарат не перастае трубіць славу, а прыродныя рэсурсы Расіі. Нафта, газ — вось ідалы, на якія трэба маліцца расіянам і беларусам.

Але нічога вечнага няма. Згодна прагнозаў спецыялістаў, да сярэдзіны бягучага стагоддзя прыродныя рэсурсы ў асноўным будуць вычарпаны. У гісторыі чалавецтва пачнецца больш складаны этап развіцця, дзе першынство будзе належаць не сыравіне, а найперш навуцы, новым тэхналогіям. Нашы народы да яго не рыхтуюцца, а займаюцца пад кіраўніцтвам аўтакратаў простым спажываннем.

Савецкая ўлада пачыналася ў 1917 годзе прамовай апантанага сусветнай рэвалюцыяй У. Леніна з браневіка ў Петраградзе, а скончылася спічам «весніка дэмакратыі» Б. Ельцына, які ў 1991 годзе ўзлез на танк у Маскве. Але заяўлены дэмакратызм не перашкодзіў уральскаму партыйнаму наменклатуршчыку стаць «хросным бацькам» захопу прахіндзеямі агульнанароднага багацця, татальнай карупцыі, а ў палітыцы — новага аўтарытарызму.

Прайшлі гады. Вырасла, замацярэла і разбагацела беларуская і расійская вертыкаль. А народная гарызанталь, як і раней, жыве вельмі сціпла, ледзь зводзіць канцы з канцамі. Раптам выявілася, што ў нашых дзяржавах трэба шмат чаго мяняць, у тым ліку палітычную сістэму, пра што публічна заяўлена з высокіх трыбун. А хто ў нас ва ўладзе? Вы ж і ёсць! Дык чаму не рабілі да гэтага часу тое, што патрабуецца?

Яшчэ ў жніўні 1991-га надрукаваў артыкул «Святкаваць перамогу яшчэ рана», у якім засцерагаў дэмакратаў ад заўчаснай эйфарыі, папярэджваў, што на нашай зямлі можа ўтварыцца «бананавая рэспубліка» з усімі пачварнымі атрыбутамі.

Аўтарытарызм заводзіць народы ў такі тупік, што, акрамя радыкальных метадаў, нічога ўжо не можа дапамагчы: ні актыўны ўдзел у выбарах, ні іх байкот, ні нейкія іншыя захады. Словам, адбываюцца толькі выбары без выбару. Мякка кажучы, уляпаліся беларусы і расіяне — па самае не магу!

Асабіста мне настолькі надакучыла палітыка ў беларускім і расійскім выкананні, што не хочацца ў той бок і глядзець. Я сёння хвалююся па іншай прычыне. Непакоіць стан здароўя А. Саннікава, М. Статкевіча і ўсіх палітычных вязняў. Трывожна за С. Каваленку, які знясілены доўгатэрміновай галадоўкай. Чалавек вывесіў гістарычны нацыянальны сцяг, пад якім продкі перамагалі ў бітвах за волю, а яго кінулі за краты.

Наша грамадства павінна актыўней змагацца за вызваленне невінаватых суайчыннікаў. Не думаю, што любая выбарчая валтузня з вядомым вынікам можа пераважыць каштоўнасць жыцця гэтых смелых і мужных людзей.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Обновлено 11.03.2012 14:53
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов