ПАМІРАЕ СУМЛЕННЕ PDF Печать E-mail
11.03.2012 14:52

Zakonnikov-columnЛюдзі выяўляюць свае лепшыя або горшыя якасці, нягледзячы на знешнія ўмовы, пры любой уладзе і ідэалогіі. Усё залежыць ад асабістых намаганняў чалавека, ад яго жадання змяніць жыццё да лепшага, дапамагчы сабе і ўсім. Галоўным дарадцам і памочнікам у такіх дзеяннях выступае сумленне.

Сёння найбольш цяжкае маральнае становішча ў грамадзян, якія жывуць у аўтарытарных і дыктатарскіх краінах. Скажам, у сучаснай Беларусі захаваць чалавечую годнасць, відаць, не лягчэй, чым у сталінскі час. Калі прыйшла галоснасць, я з душэўным хваляваннем чытаў апублікаваны ліст геніяльнага рускага вучонага, акадэміка І. Паўлава ў Савет Народных Камісараў СССР: «… Мне тяжело, по временам очень тяжело жить здесь — и это есть причина моего письма в Совет…

Мы жили и живем под неослабевающим режимом террора и насилия. Если бы нашу обывательскую действительность воспроизвести целиком без пропусков, со всеми ежедневными подробностями — это была бы ужасающая картина…»

Нешта падобнае адчуваюць неабыякавыя людзі роднага краю цяпер. Асабіста мне сорамна жыць у такі час.

Наша дзяржава называецца Рэспубліка Беларусь. Напамінаю: у перакладзе з лацінскай мовы слова respublica — гэта агульная, грамадская справа. Але аўтарытарная ўлада, якая ўзброілася лозунгам узурпатараў — «разделяй и властвуй», размежавала народ на «сваіх» і «чужых», узяла курс на пошук унутраных і знешніх «ворагаў», стала ініцыятарам г. зв. «халоднай грамадзянскай вайны». Замест таго каб дружна займацца агульнай справай — будаўніцтвам нацыянальнай, дэмакратычнай, суверэннай дзяржавы, адны насельнікі Беларусі яшчэ настальгуюць па зніклым СССР, другія мараць жыць у новай імперыі з расійскім рублём, трэцім няважна, дзе жыць, іх цікавіць толькі голы бізнес, назапашванне грошай і маёмасці, чацвёртыя злоўжываюць службовым становішчам і беспакарана крадуць, пятыя клапоцяцца пра зніжэнне цэнаў, пра павышэнне сціплых зарплат і пенсій.

Па ініцыятыве ўлады асабліва жудасны і балючы падзел, які вядзе нацыю да знікнення, адбыўся ў нацыянальнай сферы. Побач з тымі, хто помніць пра святасць і каштоўнасць роднай мовы, пра базіснае значэнне для развіцця народа ўласнай гісторыі і культуры, хто мужна адстойвае права беларусаў быць у гэтым белым свеце, значна разраслося племя манкуртаў. Згодна тлумачальнага слоўніка Т. Яфрэмавай, гэта «тот, кто забыл свое прошлое, отказался от своих национальных обычаев, традиций, ценностей, потерял нравственные ориентиры».

Якраз на прыкладзе адносін да беларускасці, да сваіх каранёў выразна бачна, як засынае, памірае сумленне ў многіх насельнікаў краіны. Віноўнік такіх працэсаў вызначаны расійскім пісьменнікам, святаром М. Кураевым: «Источники морально-паралитических средств усыпления совести бывают разные, но главным источником все-таки надо считать власть — это как бы ее постоянный побочный продукт, в большей или меньшей мере служащий для скрепления ее устоев».

Ніякі інтэрнэт, рэгулярныя інфармацыйныя апавяшчэнні пра гвалт улады — не перашкода. Кіраўніцтва Беларусі дэманстратыўна не звяртае ўвагі на любую крытыку ў свой адрас. Наадварот, рэпрэсіі кожны раз павялічваюцца. Рэакцыя такая: вы — не ўказ нам, што захочам, тое і зробім. Акрамя таго, невераемна разбухлыя спецслужбы ўсё і ўсіх кантралююць, праслухоўваюць, правакуюць, нацкоўваюць адзін на аднаго, у тым ліку і ў згаданым інтэрнэце.

Атмасфера ўседазволенасці перацякае ўніз. Калі памірае сумленне, можна запіхваць дрот у лісічкі, каб грыбы болей важылі, аблічваць пакупнікоў і ўпіхваць ім гніллё, прадаваць сурагатную гарэлку суседзям з Пскоўскай вобласці, ад якой там паміраюць людзі, і так — аж да згвалтавання роднай дачкі, да забойства маці або бацькі.

Жыццё строга правярае наяўнасць сумлення не толькі ў прадстаўнікоў улады, у насельніцтва, але і ў апазіцыянераў. У 2010 годзе пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў публічна было заяўлена, што некаторыя прэтэндэнты на высокую пасаду не сабралі патрэбную колькасць подпісаў, ды, насуперак закону, былі паблажліва зарэгістраваны. Пра гэта нядаўна ўспомніў «герой апошніх выбараў» Я. Раманчук, выступаючы на расійскім тэлеканале РБК. Тады задаволенымі засталіся абодва бакі: наяўнасць супернікаў з апазіцыі легітымізавала чарговы прыход да ўлады «звыклага кадра», а аматары славы пагрэлі сваё самалюбства. Тое, што аўтарытарны рэжым пастаянна займаецца фальсіфікацыямі, мы выдатна ведаем. Але прабачце, амбіцыйныя хлопцы, дзе ваша сумленне, з якімі вачыма вы ішлі на падлог, а потым да людзей?

У шэрагах апазіцыі ёсць шмат асобаў, якія не ўяўляюць нічога талковага ні з прафесійнага, ні з грамадска-палітычнага боку, але пастаянна блытаюцца па Еўропе, рашаюць свае меркантыльныя пытанні, імітуючы бурную дзейнасць, вылазяць як Піліп з канапель з дзівакаватымі прапановамі. Аглядацца на сумленне ў зманлівай, прыбытковай мітусні ім няма калі і няма чаго.

На жаль, некаторыя еўрапейскія чыноўнікі (нібыта вопытныя, салідныя мужы!) у сваіх дзеяннях выяўляюцца надта блізкімі да ганарлівых беларускіх «палітпачаткоўцаў», а часам нават капіруюць іх. Успамінаюцца словы паэта Н. Каржавіна, якія народжаны з іншай прычыны, але дапасуюцца да нашых рэалій:

«И усталая совесть Европы

Примирилась со смертью моей».

Калі абагуліць сказанае, то атрымліваецца, што «апошні дыктатар і апошняя дыктатура ў Еўропе», як ні парадаксальна, многім патрэбныя…

Нядаўна Уладзімір Някляеў надрукаваў у газеце «Народная воля» артыкул «Русский мат, или Пятый распил Беларуси», у якім заклікаў суайчыннікаў правесці Усебеларускі з’езд, каб «определить и установить неотложные меры по спасению» краіны і нацыі. Лічу, што прапанова сабрацца на такое веча — слушная і патрэбная, хоць песімісты могуць заявіць, што ў сённяшніх умовах гэта здзейсніць немагчыма. Хай сабе і так, але, тым не менш, паспрабаваць «всем собраться во спасение» варта. Толькі ў драматычнай сітуацыі нам абавязкова трэба быць мудрымі, пра што бліскуча сказаў вядомы беларускім чытачам пісьменнік Ф. Іскандэр : «Мудрость обязательно сопрягает разрешение данной жизненной задачи с другими жизненными задачами, находящимися с этой задачей в обозримой связи. Умное решение может быть и безнравственным. Мудрое — не может /…/. Мудрость — это ум, настоянный на совести».

Калі добра пашукаць, то нейкая кропля сумлення можа знайсціся нават у душы закончанага мярзотніка. Бліжэйшы час праверыць грамадзян Беларусі: ці шмат сярод іх людзей з яшчэ жывым сумленнем? Пакуль што дух яднання прад бядой не сышоў на айчынныя прасторы. Розныя пласты грамадства падзелены глухімі перагародамі, сацыяльныя групы не чуюць, не разумеюць адна другую. Няма адчування асабістай і агульнай віны за тое, што адбываецца ўнутры дзяржавы, за цынічную, драпежную валтузню вакол яе.

Я ні ў якім разе не выношу ў роздуме ніякага прыгавору Беларусі, але яна можа знікнуць толькі па адной прычыне — калі беларускія душы канчаткова пакіне сумленне, нам балюча не будзе, будзе смяротна!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

… Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).

Обновлено 19.03.2012 08:52
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов