ДЭВАЛЬВАЦЫЯ СЛОВА PDF Печать E-mail
27.03.2012 10:39

Zakonnikov-columnАпошнім часам насельніцтва Беларусі заклапочана дэвальвацыяй рубля, істотным змяншэннем зарплат, пенсій і няспынным павышэннем цэн. Але вырашаць эканамічныя праблемы прасцей, чым маральныя. Нас напаткала больш небяспечная дэвальвацыя — абясцэньванне публічнага слова.

Драматычны працэс змяншэння павагі да афіцыйнага слова на тэрыторыі былога СССР пачаўся даўно. Вядомы філосаф Л. Шастоў пісаў: «Как это ни странно, но большевики, фанатически исповедующие материализм, на самом деле являются самыми наивными идеалистами. Для них реальные условия человеческой жизни не существуют. Они убеждены, что «слово» имеет сверхъестественную силу. По слову все сделается — нужно только безбоязно и смело ввериться слову. И они вверились. Декреты сыплются тысячами. Никогда еще ни в России, ни в какой-либо иной стране столько не говорили, сколько у нас говорят сейчас. И никогда еще слова не были так уныло однообразны, так мало /…/ соответствовали действительности, как в наши дни («Что такое большевизмъ?», Берлин: /Издание автора, 1920)».

Сапраўды, надаючы важнае значэнне натхняльным заклікам, лозунгам, у цэлым прапагандысцкай апрацоўцы, замбіраванню насельніцтва, бальшавікі дамагліся парадаксальнага выніку, які захоўваецца і ў нашы дні. З аднаго боку, у малаадукаванай часткі насельніцтва бытуе сляпы давер да любой абяцанкі кіраўнікоў, а з другога — замацавалася выключная падазронасць разумных людзей, якія ніколі не пераводзяцца ў грамадстве, да начальніцкага папулізму і дэмагогіі.

У мяне вялікую трывогу выклікае тое, што ў атмасферы страху вусным і пісьмовым словам слаба карыстаюцца простыя грамадзяне, каб адстойваць праўду і справядлівасць. Маўчанне народа або палахлівыя гамонкі на кухнях — гэта яго татальная дэвальвацыя. Гісторыя паказвае наколькі больш смелымі былі людзі, пакуль іх ушчэнт не затапталі сталінская дыктатура, «мяккі таталітарызм» і сучасны аўтарытарызм.

У 1930 годзе ў сувязі з гвалтоўнай калектывізацыяй сялянства Р. Чумачэнка з г. Бярозаўка Адэскай вобласці піша ў газету «Правда»: «Я не знаю, как партия может терпеть такого типа, который, не зная постановки дела на селе, своими выступлениями заставляет делать два шага назад и один вперед… Пусть живет коммунистическая партия, но без сталинских уставов!»

Выдатны расійскі кампазітар Р. Шчадрын у канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў час фальклорнай экспедыцыі запісаў на Валагодчыне смелы ўзор народнай творчасці і пусціў яго гуляць па савецкай краіне:

«Дядя Ленин, открой глазки,

Нет ни мяса, ни колбаски,

Яйца видим только в бане

Между ног у дяди Вани».

На маёй малой радзіме, у саўгасе «Глыбачаны» Ушацкага раёна, у гэты час з’явіліся не такія «салёныя», адпаведныя характару затурканых беларусаў, але таксама дасціпныя радкі:

«У нашай вёсцы Краснае

Даяркі ўсе прыўкрасныя.

Ды шкада, што рабачком

Абыходзіць іх бачком».

Тлумачу для маладзейшых чытачоў: рабачком — гэта рабочы камітэт саўгаса, які ў дадзеным выпадку скупіцца, не хоча выдаць жанчынам прэміі за старанную працу.

Расійскія мастакі (усяго 100 чалавек) у 1974 годзе не спалохаліся напісаць сакратару ЦК КПСС, які з 1939 года кіраваў ідэалогіяй, «шэраму кардыналу СССР» М. Суславу знішчальныя радкі: «Догматические фразы, подтасовки, волюнтаристские обобщения, не имеющие ничего общего ни с теорией исторического материализма, ни с действительной жизнью советского общества, — вот весь Ваш «научный» багаж, а с ним занимать такой пост, товарищ Суслов, сейчас нельзя».

Аўтарытарны рэжым разліву 90-х гадоў мінулага стагоддзя пераняў метады савецкага кіраўніцтва, але звёў замбіраванне на больш грубы, прымітыўны ўзровень. Чаму так адбылося? Беларускае насельніцтва аказалася настолькі пасіўным матэрыялам, што ўладзе, афіцыйным СМІ можна было апрацоўваць яго так, як захочацца.

Сёння дэвальвацыя слова ў дзяржаўным маштабе бачыцца такой: з самага верху — папулізм, абяцанкі, пражэкты і дэмагогія, у сярэдзіне — мыканне, пыканне чыноўнікаў, якія не могуць даць адказ на выклікі часу, а ўнізе — народнае маўчанне, народжанае павальным страхам.

Нядаўна мэр італьянскага гарадка па прычыне адсутнасці месцаў для пахавання на могілках выдаў дэкрэт, у якім строга загадаў, каб людзі не паміралі. Але цыркуляр не апраўдаў яго спадзяванняў. Два жыхары памерлі. Гэты кур’ёзны выпадак нагадаў лавіну ўказаў і дэкрэтаў, якімі засыпана наша краіна. Не раз прымаліся дакументы па працоўнай дысцыпліне, па працы з пісьмамі і скаргамі, па малым і сярэднім бізнесе, але што змянілася ў лепшы бок?

Калі скласці і прааналізаваць выступленні адміністратыўных, эканамічных, фінансавых кіраўнікоў краіны, параўнаць нагаворанае, наабяцанае за многія гады і тое, што выканана, то атрымаецца гіганцкі зборнік фантастычных казак. Нават у асобнай прамове канцы з канцамі не сыходзяцца, «за здравие» і «за упокой» чаргуюцца тут так невераемна, што непадрыхтаваны, незнаёмы з мясцовымі фокусамі чалавек можа проста з глузду з’ехаць!

А тутэйшы люд прызвычаіўся, з’ядае ўсё, што яму ні падсунуць. Некаму спыняць, ставіць на месца неадукаваных, некультурных і да таго ж подлых у адносінах да свайго народа балбатуноў. Задуранае, запалоханае насельніцтва другое дзесяцігоддзе не рэагуе на махровы падман, на неадэкватныя (у тым ліку амаральныя і крымінальныя!) учынкі начальства…

Класічная формула высокамаральных чалавечых паводзін: «Даў слова — трымай яго!» страціла сілу ў Беларусі. Незаменным сімвалам аўтарытарнага рэжыму стала татальная хлусня, а інструментам для апраўдання рабскіх паводзін яе жыхароў — зацяганая, звыклая фраза: «Мы былі б лепшымі, калі б не такія абставіны».

Напрыклад, мне незразумела: хто каго больш псуе — улада народ або народ уладу? Якраз цёмная, закамплексаваная маса генетычна перадала не лепшыя рысы тым, хто прарываўся да кіраўніцтва, і цяпер, праз столькі часу, хоць у нейкія моманты і незадаволеная ўціскам рэжыму, але ўсё роўна падтрымлівае, сілкуе сваёй ухвалою ўзурпатараў.

Хранічнай хваробай беларусаў стала прыстасавальніцтва, якое абавязкова выклікае раздвоенасць асобы і яе думак, пашырае, узмацняе дэвальвацыю слова. У публічных месцах, на людзях гаворыцца тое, што «трэба», а дома або ў коле блізкіх сяброў — прыхаванае ў думках. Гэтая звычка перарасла ў маштабны негатыўны працэс, калі падрываецца вера чалавека ва ўласныя здольнасці і сілы, а ў грамадстве знікае атмасфера адкрытасці, шчырасці, добразычлівасці, даверу і павагі паміж людзьмі.

Часта вымушаная раздвоенасць асобы становіцца прычынай п’янства, алкагалізму і нават суіцыду, што пацвярджае сумная рэчаіснасць.

Нічога не атрымаецца з дзяржавы, дзе не шануюць нацыянальныя святыні, не абараняюць правы і свабоды чалавека, у якой цкуюць, садзяць у турмы таленавітых, сумленных людзей, сапраўдных патрыётаў Айчыны. Пад прэсам гвалту, цынізму і цемрашальства народ выраджаецца ў натоўп нахлебнікаў, пустадомкаў і боўдзілаў. Такі ганебны лёс чакае ўсіх, хто спачатку здраджвае матчынай мове, роднаму слову, затым самім сабе, сваім дзецям і ўнукам, а ў цэлым — будучыні нацыі!

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Обновлено 03.04.2012 11:22
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов