СЛЯДЫ РЭПРЭСІЙ PDF Печать E-mail
09.04.2012 08:17

Zakonnikov-columnПікам «вялікага тэрору» ў СССР, наладжанага самым крывавым тыранам ХХ стагоддзя І. Сталіным, стаў чалавеказнішчальны 1937 год. Хоць масавыя рэпрэсіі пачаліся адразу пасля прыходу бальшавікоў да ўлады, але гісторыкі ўзялі для арыенціру менавіта гэтую чорную дату.

Прайшло 75 гадоў, а мінулае вярэдзіць душы мільёнаў людзей. Жорсткія спрэчкі пра яго не сціхаюць і ў нашым грамадстве. Тым, хто настальгуе па сталінскіх парадках (як ні дзіўна,такія «экзэмпляры» ёсць і сярод моладзі!), нагадаю канкрэтныя падзеі. Пра начныя расстрэлы пад Мінскам, напрыклад, у Курапатах, каля былой вёскі Цівалі (тут целы забітых скідвалі ў могільнік жывёлы, якая сканала ад эпідэмій!) вядома кожнаму неабыякаваму жыхару сталіцы. Месцы знішчэння, таемнага схову цел палітычных вязняў знойдзены каля кожнага буйнага беларускага горада. Такія злачынствы адбываліся па ўсёй краіне, над якой вісеў злавесны цень Сталіна.

Думаю, што патрывожыць беларускія сэрцы мае права і адна з трагічных сібірскіх старонак. Чаму я звярнуўся да яе — чытачы зразумеюць у канцы роздуму.

У Томскай вобласці ёсць горад Колпашава, які стаіць на абрывістым беразе Абі. Яна паступова мяняе рэчышча, падмывае гарадскі яр, і таму частка сушы абрынаецца ў ваду. Такім чынам рака адкрыла жудасную таямніцу дзейнасці гэтак званага «городка НКВД». У 1979 годзе, напярэдадні першамайскага свята, настойлівыя хвалі ўначы абвалілі вялікі кавалак берага. Ранкам паўстаў жудасны малюнак: з зямлі тырчалі косці — рукі, ногі, чарапы з пустымі вачніцамі. Кожны чэрап меў адну або дзве адтуліны ў патыліцы і скроні. Праведзенае пад націскам грамадскасці следства высветліла наступнае: «В 60-е «спецподразделения КГБ по уничтожению массовых захоронений», таясь от чужих глаз, бурили скважины, в которые засыпали негашеную известь и закачали воду, дабы уничтожить следы содеянного. Сработали некачественно: часть трупов сохранилась».

Улада, а першым сакратаром Томскага абкама КПСС быў добра вядомы па барацьбе з алкагалізмам шляхам знішчэння вінаграднікаў «перабудоўшчык» Ягор Лігачоў (тады Юры Кузьміч), пусціла ў народ хлуслівую версію пра «расстрелянных дезертиров». Здавалася, усё будзе «шыта-крыта і забыта». Але ў 1990 годзе ў Новасібірску завялі крымінальную справу, па якой Лігачову давялося праходзіць сведкам.

Так адкрыліся цынізм, бесчалавечнасць не толькі бальшавіцкіх кіраўнікоў, сталінскіх катаў — супрацоўнікаў НКУС, але і іхніх пераемнікаў: «Капитана теплохода заставили пристать к берегу и запустить винты с целью вымывать из берега трупы. Тех, кому приказали топить трупы, сотрудники КГБ проинструктировали, выдали черные резиновые перчатки и мотки проволоки /…/, на базе «Вторчермета» набрали кусков железа, кирпичей и поднялись обратно к яру. /…/ По свидетельству капитана теплохода, некоторые трупы попадали под бешено вращающиеся винты, кости дробило и разламывало, но большую часть мертвецов волна относила от берега. Завидев с лодки плывущий труп, ликвидаторы подплывали к нему, накидывали мертвецу на шею петлю и выезжали с ним на фарватер. Там приматывали проволокой к покойнику кирпичи и топили…»

Пасля сакрэтнай «аперацыі» экіпаж цеплахода, які «выдатна папрацаваў» запрасілі ў томскі КДБ і ўзнагародзілі: механіку і штурману былі ўручаны гадзіннікі, матарысту — радыёпрыймач «Альпинист», жанчынам — па дваццаць рублёў, а капітану — больш магутны радыёпрыймач «Томь».

А як жа румянашчокі мацачок Юры-Ягор Кузьміч? Ён адразу пайшоў на павышэнне: стаў загадчыкам аддзела ЦК КПСС, а затым сакратаром і членам Палітбюро ЦК КПСС. У наменклатуршчыкаў старая школа — ад усяго адракацца. Лігачоў заявіў, што гэта былі дзеянні КДБ, якія «на крепком, очень крепком замке для партийных органов».

Пасля краху сацыялістычнага лагера ў Румыніі, Венгрыі, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі была праведзена люстрацыя (праверка асоб, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасады, на прадмет іх прыналежнасці да кіраўніцтва камуністычных партый, органаў дзяржаўнай бяспекі або супрацоўніцтва з гэтымі службамі, з таталітарнымі рэжымамі). Чыноўнікам прапаноўваўся выбар паміж добраахвотным сыходам з пасады (тады выяўленыя факты не абнародваліся) і прымусовай адстаўкай (з публічным абвяшчэннем кампраметуючай інфармацыі). Гэта дало велізарную карысць у справе пазбаўлення тамтэйшых грамадстваў ад беззаконня, гвалту і хлусні, у маральным выхаванні людзей.

Сталінскія рэпрэсіі пакінулі страшныя сляды. Яны дэфармавалі нават псіхіку людзей. Я помню змрочны жарт, які бытаваў у СССР: «Калі сабралася тры чалавекі, то два з іх — абавязкова стукачы. «Не два, а два з паловай», — удакладнялі песімісты».

Асабіста мне сляды рэпрэсій бачацца ў Беларусі ўсюды: у парламенце, дзе дэпутаты галасуюць за спушчаны зверху праект закона па-сталінску — 99, 99 %, у бязлітасным збіцці і катаванні невінаватых людзей прадстаўнікамі органаў аховы правапарадку, у судах, дзе парушаюцца юрыдычныя нормы, дзе хлуслівымі сведкамі выступаюць усё тыя ж міліцыянеры, па версіі якіх апазіцыя толькі што і робіць, як лаецца матам і ўступае з імі ў бойку, у манапалізаваных СМІ, у нацыянальным нігілізме, непавазе да роднай мовы і культуры, у дзікунскім стане грамадства, якое гатова ў любую хвіліну па ўказцы начальства кляйміць знешніх і ўнутраных «ворагаў народа».

Чаму Беларусь ходзіць, як узмылены цыркавы конь, па бясконцым крузе рэпрэсій? Якраз таму, што яны не былі своечасова асуджаны народам. Скажам, старшыня Спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР В. С. Карпік, на сумленні якога ў 30-х гадах дзесяткі тысяч загубленых чалавечых лёсаў, у тым ліку і жыццё майго дзядзькі — паэта Сяргея Ракіты, дзесяцігоддзямі спакойна гуляў па Мінску, меў вялікую персанальную пенсію. У 1980 годзе «сталінскі выкапень» атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР з фармулёўкай — «за большую работу по коммунистическому воспитанию трудящихся». Нічога сабе выхаванне і герой яшчэ той, але так было!

Упэўнены, што мы жылі б у нармальнай краіне, калі б пасля абвяшчэння незалежнасці была праведзена сумленная люстрацыя, якая перапыніла б прасочванне ў кіраўніцтва нягоднікаў, калі б кожны ведаў, што за злачынства ён рана або позна панясе непазбежнае пакаранне.

Чаму ў Беларусі любяць Дзень Перамогі? Не толькі таму, што гэта — усенароднае свята, што ёсць прычына выпіць і закусіць. Галоўнае, што начальству можна пакрасавацца ў промнях чужой славы, заявіць: «Мы выиграли!» Яны несумненна выйгралі, бо гаспадарыць не народ, а старыя і новыя наменклатуршчыкі, сямейныя кланы.

А чаму няма мемарыялаў у памяць незаконна рэпрэсіраваных, забітых людзей? Дык жа не хочацца стаяць у жалобе, маліцца, каяцца за бязвінна загубленых. Значна лепш і прасцей карыстацца шчадротамі жыцця, лічыць накрадзенае «бабло»…

У пачатку 2012 года грамадскасць стварыла аргкамітэт па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі. Варта выкарыстаць жалобную дату для ўшанавання памяці ахвяраў, для яднання супраць аўтарытарызму.

Вельмі важна, каб у гэты рух уключылася як мага болей людзей, каб яны дасылалі свае прапановы па арганізацыі мерапрыемстваў, а затым актыўна ўдзельнічалі ў высакародных акцыях.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Обновлено 16.04.2012 19:10
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов