ПАД ФАНФАРЫ PDF Печать E-mail
21.05.2012 07:15

Zakonnikov-columnЯ люблю свята Вялікай Перамогі. Яно прыходзіць тады, калі вершыцца абуджэнне прыроды. На аптымістычным фоне сонечнага святла, зялёнай лістоты, кветак ажывае памяць беларускага народа-пакутніка, у якой спалучаны ўслаўленне подзвігу франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і жалоба па тых, хто загінуў у змаганні з фашысцкімі захопнікамі.

Якой была другая сусветная, самая крывавая вайна ў гісторыі чалавецтва, паказвае, напрыклад, дзённік афіцэра Д. Фібіха: «4 .10. 1942 г. Мы хорошо деремся, но воевать не умеем. 25 лет бряцания оружием, бахвальство, самолюбование — и позволили немцу дойти до Волги и до Кавказа.

7. 11. 1942 г. Людей, совершенно не обученных, не приспособленных к строю, погнали на заведомую гибель. На убой. Это было в порядке вещей. Они даже стрелять не умели.

4. 03.1943 г. Потери, потери без конца… Если такой ценой достаются нам победы и на других фронтах — надолго ли хватит резервов?»

Мы павінны пакланіцца да зямлі, быць удзячнымі тым, хто адстаяў мірны дзень. Але яшчэ не вырашылі кватэрныя праблемы 39 тысяч ветэранаў у Расіі. Сорамна слухаць, як кіраўнікі велізарнай краіны, якая першынствуе ў свеце па колькасці самых багатых алігархаў, дзе купаюцца ў грашах сотні тысяч чыноўнікаў, пераносяць выдачу жылля нямоглым людзям з аднаго года на наступны, кормяць абяцанкамі. А жменька герояў хутка знікне назусім, знесеная ў вечнасць бязлітасным часам. Няўжо нельга, хоць на развітанне, зрабіць ім паслугу, раз і назаўсёды закрыць даўняе, ганебнае пытанне?

У Беларусі пад клятвы і запэўніванні чыноўнікаў, што яны робяць для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўсё магчымае і нават немагчымае, тым часам з пераліку льготных лекаў вымываюцца якасныя імпартныя прэпараты і замяняюцца менш эфектыўнымі айчыннымі. Па водгуках хворых, гэта адмоўна ўплывае на стан іхняга здароўя. Я не збіраюся агулам ганіць беларускую фармацэўтычную вытворчасць, яна развіваецца, мае пэўныя дасягненні. Тым не менш, апладзіраваць ёй буду толькі тады, калі мінскія, лагойскія або барысаўскія лекі будуць прадавацца ў Германіі, Швейцарыі або Францыі. Экспарт — асноўны паказчык якасці прадукцыі!

А ў нашым канкрэтным выпадку ёсць абяцанне ўлады забяспечваць хворых ветэранаў усім якасным, лепшым. Дык забудзьцеся, начальнікі, на свае любімыя лозунгі: «Купляйце беларускае!», «Спажывайце беларускае!», якія, дарэчы, вы самі не выконваеце, зрабіце ласку хоць ім!

Яскравым сімвалам казёншчыны, фармальнага стаўлення да ветэранаў нават у святочны дзень стала тое, што, напрыклад, прыкаваная да ложка былая партызанка, якая жыве ў Партызанскім раёне сталіцы, атрымала ад «Минского городского исполнительного комитета, Минского городского Совета депутатов, Минской городской организации БОО ветеранов» ажно тры… абсалютна аднолькавыя віншавальныя паштоўкі. Гэта называецца — узялі колькасцю! Тры пасланні, але ніводнай кветачкі, хай сабе самай сціплай. А дзве лішнія паштоўкі разам з канвертамі каштуюць прыблізна столькі ж, колькі белы або чырвоны гваздзік. Кветку прынеслі б дзеці, якія наведалі старую, дарэчы, з яшчэ з двума сваімі паштоўкамі, і эфект ад віншавання быў бы зусім іншым!

У паштоўцы ад гарадской улады напісана: «Пусть Вас окружают тепло и забота близких людей, пусть в Вашей душе сохранится вера в лучшее и уверенность в достойном будущем нашей страны». Наконт «тепла и заботы близких людей» чыноўнікі не памыляюцца. Звычайна толькі закончаныя падонкі могуць кінуць нямоглых родзічаў сам-насам з бядою. Але «близким людям» няпроста наладжваць быт ветэранаў-інвалідаў. Добра ведаю гэта на ўласным вопыце. З неймавернымі цяжкасцямі здабывала наша сям’я для абязножанай пасля цяжкай траўмы ветэранкі спецыяльны медыцынскі ложак, прытым выраблены не ў нас, а ў Польшчы. А рычаг для падцягвання набылі ў Маскве. Служба сацыяльнай дапамогі не прыняла ніякага ўдзелу ў дапамозе хворай, а таму не думаю, што ў яе сэрцы «сохранится вера в лучшее и уверенность в достойном будущем нашей страны». У той дзяржавы, якая належным чынам не клапоціцца пра малых і пра састарэлых, лепшай будучыні ніколі не будзе!

Няшмат ветэранаў, трываючы боль ад шматлікіх хвароб, з намаганнямі прайшло і праехала сёлета ў адкрытых «уазіках» па сталічным праспекце Незалежнасці да Вечнага агню на плошчы Перамогі. Большасць з іх не можа пакінуць свае кватэры або наогул — уласны ложак. Так і застануцца яны ляжаць, думаць нялёгкую думу да наступнага свята. Будуць чакаць вясёлых, звонкагалосых дзяцей са святочнымі паштоўкамі…

Затое на свяце самазадаволена пакрасаваліся, напоўніцу выкарысталі яго гіганцкі прапагандысцкі і папулісцкі патэнцыял тыя, хто да векапомных ваенных падзей ніякага дачынення не мае. Эксплуатацыя гераічных заслуг старэйшага пакалення, надзіманне шчок на пустым месцы, нагнятанне ў грамадстве мілітарысцкага духу, для якога няма ніякіх падстаў, у Беларусі і ў Расіі працягваецца. У наш час для ўтрымання ўлады ўсе метады і спосабы прымальныя!

Але няўжо дзеля правячых сямейных кланаў, якія патанаюць у раскошы, або ненасытнай хэўры чыноўнікаў гінулі героі, многія з якіх яшчэ па-людску не пахаваны, сіратліва ляжаць у палях, лясах і балотах Беларусі, Украіны, Расіі?

Не ведаю, як каму, а мне, хоць і люблю свята Перамогі, у гэты дзень часта становіцца сумна і сорамна. Прад вачыма праплываюць жыцці маці — юнай партызанкі і бацькі — маладога франтавіка, якія свае сілы і здароўе спачатку аддалі змаганню з фашыстамі, а пасля вайны — доўгай настаўніцкай працы ў вясковых школах. Яны самі пабудавалі хату, вырасцілі пяць дзяцей, далі ім вышэйшую адукацыю, адрываючы ад сябе рублі сціплых зарплат. Яны ніколі не прэтэндавалі на асаблівую пашану, так і не змаглі пакарыстацца нават транспартнымі льготамі, якія тады мелі ўсе ветэраны. З удзячнасцю імі прымаліся звычайныя віншавальныя паштоўкі з сельсавета…

У беларускім жыцці сёння маецца шмат хлусні, фальсіфікацый, прыпісак, карупцыі, махлярства, дэмагогіі, абяцанак, грандыёзных, але пустых пражэктаў, пошлага гламуру, папсоўскай маскультуры, безпадстаўнай абыякавасці, грэблівасці да ўсяго свайго, крэўнага, і ў першую чаргу да роднай мовы, гісторыі, народных традыцый.

Не ў прыклад тым, хто шукае «ворагаў» унутры краіны і за яе межамі, хто спісвае ўласнае няўменне наладзіць годны дабрабыт народа, яўныя памылкі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны на нейкіх міфічных «зламыснікаў», я заўважаю зусім іншае. Ніхто нам нічога «не подбрасывает», кожная дурнота — гэта мясцовая «прыдумка».

Я хацеў бы, каб пад фанфары свята Перамогі не здзяйсняліся злачынствы тымі, хто надзелены ўладай, не чыніліся сілавікамі здзекі над невінаватымі людзьмі, каб сышло ўсё цёмнае і дзікае, нягеглае і пустое, каб да кожнага грамадзяніна Беларусі вярнуліся праўдзівае бачанне жыцця і сумленнасць. Калі няма сумлення, то на выбарах нават празрыстыя скрыні і Web-камеры не дапамогуць.

А калі ў душы ажывае сумленне, то абавязкова мацнеюць імкненне да свабоды і чалавечнасць. Гэта нам неабходна не меней, чым тое, што чалавек штодзённа дастае з халадзільніка або мае ў кашальку.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Обновлено 28.05.2012 09:23
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов