ДАЎГІ НАШЫ ЦЯЖКІЯ PDF Печать E-mail
12.04.2010 20:29

Zakonnikov-columnАпошнім часам у грамадстве абвастрыліся спрэчкі, звязаныя з замежнымі крэдытамі, якімі імкліва абрастае Рэспубліка Беларусь. Прытым апаненты займаюць радыкальныя пазіцыі.

Адны выступаюць за вельмі ашчаднае выкарыстанне такой дапамогі. А другія даказваюць, што практыка жыць на пазычаныя грошы — бяскрыўдная, ёю карыстаюцца і слабыя, і моцныя краіны свету.

Асабіста я ў такіх спрэчках ніколі не ўдзельнічаю. Не трэба быць вялікім знаўцам, каб разумець, што эканамічная напружанасць, падзенне нейкай краіны ў даўгавую яму адбываюцца не таму, што яна бярэ крэдыты. Галоўнае ў тым, як умела і эфектыўна ўлада распараджаецца імі, на што траціць, якую карысць яны прыносяць грамадству, як памнажаюць моц дзяржавы.

Сапраўды, нават ЗША, якія стварылі наймагутнейшую эканоміку свету, актыўна карыстаюцца замежнымі крэдытамі. Але яны ідуць на стварэнне новых эканамічных структур, на мадэрнізацыю вытворчасці. Вось канкрэтны вынік — толькі за апошнія тыдні 162 тысячы амерыканцаў атрымалі новыя месцы працы.

Сёння кожнай постсавецкай краіне патрэбна якасная эканамічная сістэма. На жаль, улады мала заклапочаны яе стварэннем. Яны загрузлі ў палітычных гульнях, у самазахаванні.

Развіццё Беларусі і Расіі, якія ўваходзяць у папяровую саюзную дзяржаву, вельмі падобнае. Самым слабым месцам расійскай эканомікі застаецца яе наркатычная залежнасць ад экспарту энерганосьбітаў. Нафта і газ, іншыя прыродныя рэсурсы дазваляюць суседзям жыць без напружання розуму, не развіваючы вытворчасць, не клапоцячыся пра мадэрнізацыю эканомікі, не будуючы дарогі і г. д.

Допінгам для Беларусі, які патурае ўтрымальніцкім настроям, сталі не толькі «блатныя» расійскія нафта, газ, але і замежныя крэдыты. Кіраваць кампактнай, монанацыянальнай, з выключна паслухмяным, нават рабскім народам краінай, калі табе ў шапку сыплюцца не пакамечаныя, брудныя рублі, а мільярды долараў, не так ужо складана. Размяркоўваць грошы можа і той, хто ў школе да канца не асіліў табліцу множання.

Крэдытаў за апошнія гады ўзята шмат. Безумоўна, так званыя звязаныя пазыкі нельга траціць на нейкія іншыя мэты. Але ж забеспячэнне праз іх важных эканамічных кірункаў развязвае ўладзе рукі ў іншым, дае магчымасць манеўраваць.

Мільярды долараў атрыманы. Дык можа стала лепей выглядаць беларуская эканоміка: узведзены новыя заводы і фабрыкі, паўсюль укараняюцца сучасныя тэхналогіі, выпускаецца канкурэнтаздольная прадукцыя? Можа, вырас дабрабыт людзей? Не, нічога такога не адбылося!

Аўтакратычны рэжым, упарта змагаючыся за захаванне ўлады, баючыся сацыяльных выбухаў у сувязі з беспрацоўем, па-ранейшаму захапляецца падтрымкай стратнай вытворчасці — і прамысловай, і сельскагаспадарчай. Без толку спальваюцца вялікія бюджэтныя сродкі.

Па цэнах тавараў і харчавання мы даўно перагналі не толькі краіны ЕС (не забудзем пра памер іхняй сярэдняй зарплаты, пра магчымасці сямейнага бюджэту!), але нават Расію. Інфляцыя за 2009 год у Беларусі склала 10,1%, а ў суседзяў — 8,8%. Прытым трэба ведаць, што летась расіяне змагаліся з інфляцыяй у 6 разоў горш, чым еўрапейцы. Тыя ў разгар крызісу зніжалі цэны на ежу, за выключэннем мяса. А там, дзе яны павышаліся (Грэцыя, Літва), то ў 15 — 20 разоў марудней, чым у нас.

Нядаўна фінансісты радасна паведамілі пра рост укладаў грамадзян, лічачы гэта даверам да палітыкі, якую праводзіць улада. Але што такі зрух азначае? Толькі тое, што насельніцтва стала зводзіць патрэбы да мінімуму, назапашвае грошы «на чорны дзень». Людзі баяцца застацца без працы, яны не ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Унутраны попыт сціскаецца, а ён павінен пашырацца.

Заўсёды неабходна давяраць спажыўцам, якія з дапамогай рынку самі размяркоўваюць грашовую плынь. Урэшце, эканоміку любой краіны з крызісу выцягвае сваім попытам толькі народ.

Наша дзяржава вінаватая прад многімі катэгорыямі грамадзян. Але я вылучыў бы тых, каму патрэбна было б тэрмінова павялічыць выплаты. Гэта студэнты, маладыя спецыялісты-бюджэтнікі і пенсіянеры. Выдатна ведаю, як нялёгка яны жывуць. Многія студэнты проста галадаюць. У настаўніка, які пасля універсітэта прыходзіць у школу, стаўка 200 тысяч рублёў. Крышку большая яна ў выпускніка медыцынскай ВНУ. Усё, што зарабляюць маладыя спецыялісты за месяц, аддаюць за кватэру. А кормяць і апранаюць іх — бацькі, дзяды-пенсіянеры. Як у такіх умовах маладым людзям ствараць сем’і, папраўляць катастрафічную дэмаграфічную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі?

Але я гавару пра самых маладых і самых старых людзей яшчэ і з той прычыны, што яны свае грошы не кладуць на банкаўскія рахункі, а імгненна ператвараюць у спажывецкі попыт. Якраз гэта цяпер патрэбна эканоміцы.

Тое, што ў краіне ўсё рашае адзін чалавек, які ўзурпіраваў уладу, прывяло армію чыноўнікаў да сытай інерцыі, да бяздумнага выканання каманд. Яны больш заняты не дзяржаўнымі клопатамі, а ўласным дабрабытам.

Беларусь не выконвае галоўныя задачы — не зніжае інфляцыю, не выпускае надзейныя дзяржаўныя каштоўныя паперы, не займаецца мадэрнізацыяй эканомікі. А якраз толькі мадэрнізацыя можа апраўдаць узятыя крэдыты. Яна ўключае стварэнне інфраструктуры, развіццё навукі і тэхнікі, прыцягненне беларускіх і замежных інвестыцый у айчынную вытворчасць.

Але пакуль крэдыты не выкарыстоўваюцца на стратэгічныя мэты, а банальна «праядаюцца» або марнуюцца на авантурныя праекты, на непатрэбшчыну.

Магу біцца аб заклад: чыноўнікі і замбіраваны электарат спадзяюцца, што некалі «пад добры настрой» еўрапейскіх, расійскіх, амерыканскіх і азіяцкіх «дзядзькоў» многія даўгі спішуцца, усё само сабой вырашыцца. Не выйдзе!

А нехта думае пра палітычныя катаклізмы. Напрыклад, бальшавікі пасля падзей 1917 года катэгарычна адмовіліся плаціць царскія даўгі. У дэкрэце УЦВК (люты 1918 года) было сказана: «Безусловно и без всяких исключений аннулируются все иностранные займы».

Але ў Беларусі не толькі «кастрычніцкіх рэвалюцый», але і нармальнай змены ўлады пакуль не прадбачыцца. Не такі чалавечы матэрыял вырас тут пад уплывам крывавых рэпрэсій, татальнага страху і пастаяннай беднасці, каб смела, мужна выступіць за свабоду, праўду і справядлівасць…

Беларусь жыве «на авось», «абы перабыць дзень да вечара», без канкрэтнай стратэгічнай праграмы, без нацыянальнага гістарычнага аптымізму, не саромеючыся ганебнасці такога стану, нават пакрыкваючы на замежных дабрадзеяў: «Ну, хто дасць болей?».

Аднак, хочам мы гэтага ці не, а даўгі краіны перарастаюць у чалавечыя «грахі нашы цяжкія» прад новымі пакаленнямі. Сучаснае грамадства кладзе на іх плечы грузнае ярмо. На шляху да лепшай будучыні ўзводзіцца завал, які нашчадкам будзе няпроста расчышчаць.

Ад рэдакцыі: кнігі Сяргея Законнікава «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) і «Дол» (вершы і паэмы) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72), у офісах БНФ (пр. Машэрава, д. 8), ТБМ (вул. Румянцава, д. 13).

Обновлено 18.04.2010 15:49
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов