ШТО КРЫЗIС НАМ ЦЯПЕР РЫХТУЕ PDF Печать E-mail
15.09.2009 20:35

krisisУ той час, калі вядучыя эканомікі свету заяўляюць аб тым, што выхад з крызісу для іх не за гарамі, “беларускі эканамічны цуд” нават не дасягнуў дна свайго падзення.

Праўда, дзяржаўныя чыноўнікі і эксперты прытрымліваюцца іншага погляду на гэтае пытанне. У якасці “бясспрэчных” аргументаў прыводзяцца довады, што ў нас амаль спыніўся працэс скарачэння працоўных на прадпрыемствах, павысіўся рознічны тавараабарот, пакрысе сталі разгружацца склады вядучых заводаў краіны. І яшчэ навіна, якая павінна быццам парадаваць усіх жадаючых набыць другаснае жыллё: упершыню з пачатку года кошт квадратнага метра такога жылля вырас на 5 долараў!

Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук для “Тут і цяпер” заявіў, што такія станоўчыя “сімптомы” для беларускай эканомікі — адназначна не паказчык: “Лічыць невялічкае павышэнне цэн на жыллё нейкім сігналам выздараўлення айчыннай прамысловасці і сельскай гаспадаркі не выпадае. Занадта шмат аргументаў супраць гэтага. Крэдыты дасягнулі крытычнай мяжы. Нават МВФ ужо выстаўляе жорсткія ўмовы для атрымання чарговага траншу свайго крэдыту — замарожванне і нават скарачэнне заробкаў, больш жорсткі кантроль за грашовай масай і г.д. Дый я думаю, што да канца года цэны на жыллё могуць і ўпасці”.

Прыблізна такога ж меркавання прытрымліваюцца і эксперты даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту. Адзін з магчымых сцэнарыяў развіцця краіны, паводле ІПМ, прадугледжвае дэвальвацыю беларускага рубля ў 33,3 працэнта сёлета, і ў 6,7% — у 2010 годзе. Аб’ём валавога ўнутранага прадукту сёлета павінен знізіцца на 1,2 працэнта, а ў 2010-м — на 5,6. Інфляцыя паскорыцца да 16,2% і 16,7% адпаведна.

Эксперты “Тут і цяпер” таксама не вельмі падзяляюць аптымізм улад адносна бягучага і будучага эканамічнага развіцця краіны.

ШТО СТАНЕ СА СПАЖЫВЕЦКІМІ ЦЭНАМІ

Яраслаў Раманчук перакананы, што да канца бягучага года інфляцыя (а гэта, па сутнасці, і ёсць рост спажывецкіх цэн) складзе 15—20 працэнтаў. Нагадаем, што па гэтым паказчыку Беларусь з’яўляецца адным з сусветных лідэраў. У ЗША і Еўропе, наадварот, адбываецца працэс дэфляцыі — зніжэння цэн.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Рагойша прытрымліваецца больш лагоднага меркавання наконт росту цэн у краіне: “Трэба памятаць, што асноўны рост цэн на тавары і паслугі ў нас адзначаўся на пачатку года, калі адбыліся і дэвальвацыя, і іншыя вялікія прыкрасці для эканомікі ў цэлым і шараговых беларусаў у прыватнасці. Таму думаю, што за астатнія 4 месяцы цэны павысяцца максімум на 2 адсоткі. Ніякіх вялікіх пагроз тут я не бачу”.

ЦІ АДБУДЗЕЦЦА ЧАРГОВАЯ ДЭВАЛЬВАЦЫЯ РУБЛЯ

Вось тут Пётр Рагойша настроены больш песімістычна. Па яго меркаванні, урад павінен будзе пайсці на “паўзучую” дэвальвацыю, каб разгрузіць складскія запасы і павысіць канкурэнтаздольнасць айчынных экспарцёраў: “На маю думку, да канца года беларускі рубель адназначна ўпадзе яшчэ на адсоткаў 10. Інакш наша эканоміка можа проста не вытрымаць”.

Праўда, Яраслаў Раманчук у сваіх прагнозах яшчэ больш сумны: “Наша эканоміка недаатрымае ў гэтым годзе дзесьці 18 мільярдаў долараў. Такую прарэху трэба ж нечым закрываць. Таму, думаю, беларускі рубель да канца года абясцэніцца яшчэ на 25 працэнтаў. Не менш!”

Напомнім, што МВФ у сваім прагнозе абяцае гадавую дэвальвацыю беларускага рубля ў 50 працэнтаў.

ЦІ ТРЭБА ТУРБАВАЦЦА НАКОНТ УЛАСНЫХ УКЛАДАЎ У БЕЛАРУСКІХ БАНКАХ

Пётр Рагойша перакананы, што бліжэйшыя паўгода можна не хвалявацца: “Якая-ніякая стабільнасць у гэтым пытанні дасягнута. Нашы ўлады цудоўна разумеюць, што фінансавая паніка можа прывесці да калапсу беларускай эканомікі ў цэлым, таму ўсімі сродкамі будзе імкнуцца пазбегнуць гэтага. Іншая справа — даходнасць па банкаўскіх укладах. Вось тут, лічу, захоўванне грошай у банках страціць сваю прывабнасць”.

Яраслаў Раманчук прадказвае стабільную сітуацыю адносна ўкладаў максімум да канца гэтага года: “Сама прапанова аб 22-х працэнтах даходнасці па рублёвых укладах вельмі рызыкоўная. Згаданыя працэнты банкам трэба неяк “адбіць” — значыць, прапанаваць гэтыя грошы яшчэ па большых працэнтных стаўках прадпрыемствам. А як тым разлічвацца з банкамі падчас крызісу? Да таго ж на наступны год у нас няшмат шансаў атрымаць чарговыя сур’ёзныя крэдытныя рэсурсы. З усімі наступствамі. Так што лёс банкаўскіх укладаў у наступным годзе, на маю думку, дастаткова цьмяны”.

Так мяркуюць нашы эксперты, а вы, шаноўныя чытачы, самі рабіце для сябе высновы.

ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ РОЗДУМУ

За перыяд са студзеня па ліпень 2009 года індэкс спажывецкіх цэн у сярэднім па краінах СНД склаў 112% у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года, паведамляе “Тэлеграф”.

Беларусь заняла другое месца ў СНД па росце цэн за дадзены перыяд. Рост склаў 14,4%. Самы вялікі ўзровень росту спажывецкіх цэн зафіксаваны ва Украіне, дзе яны выраслі на 17,3%, паведамляе “Тэлеграф”.

Паводле даных статыстычнага камітэта СНД, на трэцім месцы размясцілася Расія — там рост спажывецкіх цэн склаў 12,9%, на чацвёртым месцы — Кыргызстан — 11,1%.

Інфляцыя за першыя сем месяцаў 2009 года ў Казахстане склала 8,3%, у Таджыкістане — 8,2%, Азербайджане — 3,1%.

Найменшы паказчык росту цэн зарэгістраваны ў Арменіі (2,7%) і Малдове (0,9%). Туркменістан і Узбекістан інфармацыю пра паказчыкі росту цэн не прадаставілі.

Нагадаем, што Беларусь і Украіна маюць самы вялікі ўзровень інфляцыі не толькі сярод краін СНД, але і сярод усіх еўрапейскіх краін. Найбольш спрыяльная сітуацыя з інфляцыяй у трох краінах Еўрасаюза — Бельгіі, Ірландыі і Эстоніі. У першых дзвюх да снежня мінулага года індэкс спажывецкіх цэн знізіўся на 1,7%, у Эстоніі — на 1,4%. Таксама ў студзені — ліпені 2009 года цэны зніжаліся ў Аўстрыі, Іспаніі, Італіі, Партугаліі, Славакіі і на Кіпры.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ

Обновлено 17.09.2009 10:39
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов