ПРАПАЛА СУМЛЕННЕ PDF Печать E-mail
24.12.2009 00:03
Zakonnikov-columnУ многіх людзей прапала сумленне. Як бы яны ні апраўдвалі свае паводзіны, але для чалавека гэта яшчэ страшней, чым страціць кватэру, уласны дом. На жаль, разумею, што не ўсе пагодзяцца з гэтым. Але лічу, што праўда за мною, вяртаць сумленне ў душу трэба.
Творчы чалавек, які любіць свой народ, але бачыць разумовую, палітычную ляноту, заняпад маралі, якія апанавалі людзей, разрываецца душой паміж двума полюсамі — аптымізмам і песімізмам. Развіццё незалежнай Беларусі, грамадзянскай супольнасці замаруджваецца. Вінаваты ў стагнацыі не толькі аўтарытарны рэжым, які стрымлівае прагрэс, выціскае з чалавечых душ сумленне, але і само грамадства.

У будзённасці гэтае слова ўспамінаецца часта, аднак людзі не задумваюцца над глыбінёю сэнсу, закладзенага ў ім. Вось энцыклапедычная фармулёўка: «Сумленне — гэта паняцце маральнай свядомасці, унутраная перакананасць у тым, што з’яўляецца дабром і злом, усведамленне маральнай адказнасці за свае паводзіны. Сумленне — гэта выяўленне здольнасці асобы ажыццяўляць маральны самакантроль, самастойна фармуліраваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і рабіць самаацэнку здзейсненых учынкаў».

Прааналізаваць сучаснае жыццё згодна прыведзеных слоў карысна, бо выяўляюцца парадоксы. Мяне не дзівяць нахабныя паводзіны, цынічная хлусня кіраўнікоў постсавецкіх краін. Сама прырода аўтарытарызму, маньякальная прага адукацыйна і культурна абмежаваных людзей да пажыццёвай, неабмежаванай улады, злачынствы, у тым ліку крымінальныя, якія зроблены ў ходзе яе захопу і ўтрымання, не дазваляюць ім ісці насустрач дэмакратыі. З яе ўсталяваннем настане расплата. А дзе вы бачылі чалавека, які па сваёй волі хоча за краты?

Нічога новага няма і ў тым, што агучваюць або пішуць у СМІ афіцыйныя каментатары, палітолагі, сацыёлагі, журналісты. Згодна прызнання вядомага беларускага публіцыста, ён не горш, чым я, заўважае прымітыўнасць і бесперспектыўнасць рэжыму, але вымушаны яго піярыць, адрабляць «сваю чарку каньяку і бутэрброт з ікрой». Таму вертыкальшчык, які сядзіць на аўтарытарным хутары з прасцёртымі да Расіі і Еўропы рукамі, з адным словам: «Дай!», узводзіцца ў ранг героя, абрастае хваласпеўнымі міфамі.

Уражваюць мяне паводзіны чыноўнікаў розных еўрапейскіх структур, якія лічаць сябе дэмакратамі і сумленнымі людзьмі. Яны наперабой сцвярджаюць, што ў Беларусі адбываюцца «пазітыўныя змены». Ясна, што Еўропе не хочацца замярзаць, асабліва ў сёлетні халодны год. Акрамя беларускага паліва, мінеральных угнаенняў і г. д., ёй патрэбны кароткі транзітны калідор на Усход. У нашай гаспадарцы маюць інтарэсы заходнія бізнесоўцы, цесна звязаныя з палітыкамі. Зразумела, што еўрапейцам «свая кашуля бліжэй да цела», матэрыяльнае — на пер-шым плане, але, шаноўныя, пабойцеся Бога, не да такой жа ступені!

На афіцыйны Мінск сыплюцца крэдыты. А што ў адказ? Новыя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадства! Толькі за апошні месяц адбылося выключэнне студэнтаў з універсітэтаў, запалохванне, захоп, збіццё і вываз за межы гарадоў актывістаў «Маладога фронту» і іншых арганізацый «людзьмі ў цывільным».

Дэмакратычных змен не прынясуць і 130 касметычных паправак, унесеных у выбарчае заканадаў-ства, якія смакуюцца ў Беларусі і Еўропе. Для таго каб выбары сталі адкрытымі, без фальсіфікацый, трэба мець сумленне ўсім, хто іх праводзіць. Калі яго няма, то не дапамогуць ніякія законы.

Дарэчы, і еўрапейскія санкцыі дзейнічаюць на беларускую «эліту», як прыпаркі на нябожчыка. Чыноўнікі, сілавікі, прыўладныя бізнесоўцы даўно жывуць у «Еўропе». Яны валодаюць значнай нерухомасцю, атрымліваюць зарплаты, а затым пенсіі амаль, як у развітых краінах. Іхнія дзеці, унукі вучацца, жывуць і маюць бізнес на Захадзе.
Нобелеўскі лаўрэат, выдатны нямецкі пісьменнік і мастак Гюнтэр Грас даўно заўважыў «адмаўленне маральных крытэрыяў палітыкі». Сапраўды, палітыкі часта становяцца прафесійнымі цынікамі, абсалютна не зважаючы на сумленне.

А як паводзяць сябе галоўныя дзеючыя асобы гісторыі — простыя людзі? Згодна даўняй мудрасці, ім трэба цяпер жыць, «па-зычыўшы вочы, каб не згарэць ад сораму». Успамінаюцца словы сёння не шануемага, але мною не забытага класіка рускай літаратуры Максіма Горкага: «Неоспоримо, что всякая наша попытка к самодеятельности встречала уродливое сопротивление власти, болезненно самолюбивой и занятой исключительно охраной своего положения в стране. Все это — бесспорно, однако следует, не боясь правды, сказать, что и нас похвалить не за что. Где, когда и в чем за последние годы неистовых издевательств над русским обществом в его целом, — над его разумом, волей, совестью, — в чем и как обнаружило общество свое сопротивление злым и темным силам жизни? Как сказалось его гражданское самосознание, хулигански отрицаемое всеми, кому была дана власть на это отрицание? И в чем, кроме красноречия и эпиграмм, выразилось наше оскорбленное чувство собственного достоинства?»

Гаворка ідзе пра першыя гады савецкай улады. Але як усё тут падобна на беларускія рэаліі! Вы думаеце, што несумленнасць кіраўнікоў праходзіць бясследна? Ні ў якім разе! Нізы імгненна пераймаюць паводзіны вярхоў. Хто з грамадзян сёння засаромеецца ад таго, што гадамі следам за кіраўніком яны кляймілі «буржуяў», «жульё» з МВФ, а даводзіцца існаваць на іхнія крэдыты?

Сустрэчы, лісты, тэлефонныя размовы з людзьмі сведчаць, што не-вуцтва, абыякавасць, рабства застаюцца яшчэ ў на-шым жыцці. Тым не менш, рукі складваць нельга.
Год, які адыходзіць, для мяне быў плённым. Зада-вальненне прынесла праца над рукапісамі кніг «Згадкі Вогненнага Пса» і «Рабскі дзень, вольная ноч». А яшчэ былі дзесяткі сустрэч з жыхарамі сталіцы, Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, са школьнай і студэнцкай моладдзю, творчыя паездкі ў Польшчу і Германію. Але найважнейшым лічу час, праведзены з мілымі ўнукамі. Любоў, ласка і веды, аддадзеныя ім, клопат пра тое, каб яны выраслі разумнымі, сумленнымі людзьмі, — гэта самыя надзейныя інвестыцыі.

Якраз з такім разумен-нем свайго чалавечага абавязку прад будучыняй Беларусі сардэчна віншую добрых сяброў, знаёмых, чытачоў з Калядамі і Новым годам, жадаю ўсім моцнага здароўя і ўдачы!

Так адбываецца заўсёды: аднаго чалавека называюць сумленнем нацыі, а ў другога пытаюць: дзе ж тваё сумленне, нягоднік? Вось радкі Уладзіміра Ка-раткевіча з верша «Васілю Быкаву»:

Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў…
Ўсё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.

Нездарма тут побач стаяць два знакавых словы: «сумленне» і «свабода». У многіх людзей пра-пала сумленне. Як бы яны ні апраўдвалі свае паводзіны, але для чалавека гэта яшчэ страшней, чым страціць кватэру, уласны дом. На жаль, разумею, што не ўсе пагодзяцца з гэтым. Але лічу, што праўда за мною, вяртаць сумленне ў душу трэба.

Ад рэдакцыі: кнігі Сяргея Законнікава «Насу-страч» (публіцыстыка, эсэ) і «Дол» (вершы і паэмы) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалеж-насці, д. 72), у офісах БНФ (пр. Машэрава, д. 8), ТБМ (вул. Румянцава, д. 13).
Обновлено 10.01.2010 17:12
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов