ЗАСТАЦЦА ДОМА PDF Печать E-mail
31.10.2010 23:05

Zakonnikov-columnУ лісце ад 4 лютага 1999 года народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў піша мне: «Ужо 9 месяцаў, як мы на чужыне. Увогуле добра, для заняткаў л-рай нават выдатна: сытна, цёпла, утульна… І, бывае, ніводнага званка за дзень. Але ж… Усё болей прыходжу да элементарнай высновы: трэба жыць дома! Каб тое толькі было магчыма…»

Перачытваю балючыя радкі з пачуццём сораму. Ганебныя дзеянні ўлады па цкаванні і выпіхванні з роднай зямлі выдатнейшага літаратара, творы якога перакладзены на многія мовы свету, адбываліся на вачах мільёнаў беларусаў (успомніце нападкі з высокай трыбуны, газетны бруд, паклёпніцкія перадачы радыё і тэлебачання), але грамадства не абараніла яго. Многія людзі называлі Быкава «сумленнем нацыі». Тады як можна дазволіць, каб яно — сумленне — на працягу больш пяці гадоў вымушана было жыць на чужыне, а самой нацыі застацца без яго? Вось яны — беларускія парадоксы, тутэйшы абсурд.

Улада выпіхвае і сёння за мяжу тысячы маладых талентаў, здольных, ініцыятыўных людзей сталага веку, чым асуджае грамадства на далейшую дэградацыю.

Працэс напамінае 20-я гады ў СССР, калі малаадукаваныя бальшавікі прымусілі выехаць за мяжу вялікую армію вучоных, філосафаў, гісторыкаў, інжынераў, якія бачылі разбуральнасць дыктатуры пралетарыяту і не хацелі з ёй мірыцца.

Бальшавіцка-сталінскі рэжым сканаў, але трансфарміраваўся ў сучасныя аўтарытарныя падрэжымчыкі, нікуды не дзелася і ідэалагічная спадчына.

Доктар гістарычных навук У. Якабсон у артыкуле «История с математикой» (часопіс «Звезда», № 8 за 2010 год) піша: «…Многие люди на протяжении многих поколений живут в коммуналках или в убогих жилищах «с удобствами во дворе», плохо питаются, плохо одеваются, никогда не видели других стран, учатся в плохих школах и лечатся в плохих больницах, ежедневно видят повсеместную и всеохватную коррупцию и чиновничий произвол, запуганы этим произволом и обожают вождя (генсека, фюрера, президента, национального лидера или как там еще его зовут…). Так что это уже отчасти особая порода людей. Не стоит соваться к ним с проповедью духовности, высмеют, а то и побить могут. Немалое число из них способно лишь на повальное пьянство, мелкое воровство или — на «бунт, бессмысленный и беспощадный» /…/ Общество, которое не ставит во главу угла права и достоинство личности, — не общество, а стадо или стая».

Ці не праўда, вельмі пераканаўчы партрэт постсавецкіх людзей? А вось і рэзюме: «Все это — закономерные результаты начавшейся с приходом советской власти и до сих пор продолжающейся отрицательной селекции по принципу «нам умные не надобны, надобны верные»…

Але справа ў тым, што гэтыя «верные» застаюцца такімі, пакуль ім добра плацяць, асыпаюць падарункамі і ордэнамі. Паглядзіце, што сталася з «вялікімі патрыётамі» Беларусі любой нацыянальнасці, якія займалі высокія пасады пры дзеючым прэзідэнце. З назапашаным тут капіталам амаль усе яны «злінялі» ў Расію, у іншыя краіны. Тое ж будзе і з пераемцамі.

Нядаўна я правёў «сацыялагічнае» даследаванне. Высветліў у знаёмых людзей: пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, урачоў, настаўнікаў, чыноўнікаў, вайскоўцаў, міліцыянераў, былых партыйных, савецкіх і прафсаюзных функцыянераў, дзе жывуць іхнія дзеці і ўнукі. Цікава тое, што, як выявілася, за мяжою апынулася найбольш нашчадкаў тых, хто граміў буржуяў у савецкі час і дагэтуль ваюе з Захадам, а таксама службоўцаў і прыхільнікаў рэжыму. Дома яны паліваюць брудам «свядомых», кляймяць «знешніх ворагаў», услаўляюць Сталіна і яго парадкі, складаюць дыфірамбы беларускаму правіцелю, а шчасце сваім наступнікам усё ж куюць у ЗША, Канадзе, Англіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і іншых дэмакратычных краінах, у горшым варыянце — у Расіі.

Што ўжо казаць пра дзяцей і ўнукаў прадстаўнікоў высокага эшалона ўлады! Незалежная прэса выдае «сакрэты», расказвае дзе і як уладкаваліся «прынцы і прынцэсы». Тут размах кар’еры, жыццёвая камфортнасць — найвышэйшыя.

Натуральна, што я нікога не асуджаю, кожны чалавек шукае нешта лепшае і можа жыць там, дзе яму хочацца. Гэта тычыцца і чыноўнікаў, сілавікоў, іхніх нашчадкаў. Але навошта тады біць сябе ў грудзі, істэрычна крычаць з трыбун пра «процветающую Республику Беларусь», пра выдатнае жыццё ў ёй, пра патрыятызм, рабіць выгляд, што вы свяцей папы рымскага?

Смешна сказаць, але, аглядаючы бліжэйшае асяроддзе, неяк прыкінуў і ўбачыў, што не з’ехалі на чужыну шукаць шчаслівай долі мае дзеці, а яшчэ нашчадкі некаторых лепшых сяброў. Сваімі прозвішчамі, якія выклікаюць скрыгат зубоў у начальнікаў, мы прынеслі ім рыкашэтам матэрыяльны і маральны ўціск, нязручнасці, перажыванні, але яны выстаялі, засталіся дома. Вось гэта сапраўдныя патрыёты, якія вераць у Беларусь. Не баюся высокіх слоў, бо проста канстатую неабвержны факт.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя мне прапаноўвалі спачатку пасаду інструктара, а затым загадчыка сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПСС. Націск быў магутны. Працадаўцы пагражалі партыйнай дысцыплінай, пераманьвалі выдатнай кватэрай, іншымі прывілеямі. Але я не здаўся, сказаў, што ніколі не пакіну Беларусь, якую люблю ўсёй душой, без якой не ўяўляю жыцця, што ў Маскве мне няма чаго рабіць. Саслужывец, калі дазнаўся пра гэта, цяжка ўздыхнуў і прамовіў: «Ну ты і выкінуў коніка! Калі б мне прапанавалі, то я папоўз бы ў белакаменную на карачках!»

Пасля майго звальнення ў 2002 годзе па палітычных матывах з пасады галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» нямецкія сябры запрашалі пажыць разам з сям’ёй у Германіі. Я падзякаваў ім за клопат, але адмовіўся.

Ніякага геройства ў гэтым няма. Проста такое разуменне радзімы выхавана ў маёй душы з маленства.

Толькі беларусы пасля набыцця незалежнасці пачалі станавіцца народам, як гэты працэс з прыходам аўтакратычнай улады перарваўся. «Калі б не бэнээфаўцы, то ўжо беларускай мовы не было б і ў паміне, і ўсе былі б багатымі і шчаслівымі». Здагадайцеся, хто вярзе такое глупства? Не, гэта не бабулька і не дзядок з-пад Віцебска, якім можна і дараваць, бо ў свой час прапагандысты зрабілі з БНФ такога монстра, што хоць святых вынось, яны і сёння закормлены хлуснёй. Гэты абсурд сядзіць у галаве чалавека з вышэйшай адукацыяй, былога партыйнага функцыянера, пенсіянера, які актыўна наведвае бібліятэкі. А вы кажаце — народ…

На мой погляд, самае страшнае заключаецца ў тым, што рэжым за 16 гадоў разбэсціў усіх: вярхі — вялікімі зарплатамі, прывілеямі, нізы — падачкамі. Пад гэты ўплыў падпала нават частка апазіцыі, якая на лёгкім, бяззубым тузанні з рэжымам пабудавала неблагі дабрабыт.

Зараз у Беларусі мала людзей, якія думаюць, аналізуюць. Абывацель адгароджваецца ад рэчаіснасці сваімі ўяўленнямі пра яе, якія складзены пад дыктоўку ўлады і афіцыйных СМІ.

У маёй кнізе «Дол» ёсць верш «Застацца дома», радкі з якога прыводжу:

Жыць тут,

Дзе зямля і нябёсы — твае,

Дзе нават салома ядома.

Хоць здрада табе пельку рабскую ўе —

Застацца дома.

Быць тут,

Дзе балюе раз’ятраны гвалт,

Дзе дух горды сціснула кома,

Трымацца,

Апошні акоп не здаваць —

Застацца дома.

Застацца дома і быць гатовым да ўсяго. Асабіста я зрабіў такую выснову для сябе даўно і, нягледзячы на ўціск з боку ўладных дачаснікаў, на частае неразуменне затурканых землякоў, ніколі не шкадую аб гэтым.

Обновлено 08.11.2010 09:20
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов