«ЖЫВЕМ ТОЛЬКІ РАЗ…» PDF Печать E-mail
08.11.2010 09:19

Zakonnikov-columnФраза, вынесеная ў загаловак, даўно стала маніфестам для людзей, якія злачыннымі спосабамі ствараюць сабе зямны рай. Тут будуць да месца словы выдатнага рускага пісьменніка М. Салтыкова-Шчадрына: «Отечество-пирог — вот идеал, дальше которого не идут нахальные умы. Отечеству надлежит служить, а не жрать его». На жаль, «слугі» на ўсёй тэрыторыі былога СССР пераступілі мараль і наварочалі такога, што розум уваходзіць у ступар.

У Расіі разрастаецца скандал. Пасля зняцця з пасады мэра Масквы Ю. Лужкова, які ператварыў сталіцу ў цэнтр карупцыі, тысячы людзей выказалі жаданне атрымаць судовыя спагнанні не толькі ад яго, але і ад ягонай жонкі-міліярдэршы, ад прэфектаў, іншых чыноўнікаў.

Былога мэра Масквы і кіраўніка Беларусі звязвае сяброўства, яно, як заведзена цяпер у чыноўнікаў, падмацавана матэрыяльна. Кругі скандалу абавязкова дойдуць да нашай краіны, бо А. Батурына мае ў ёй «смачныя кавалкі».

Памеры казнакрадства ў Маскве, дзе згодна прапагандысцкіх халуёў былі «стабільнасць і парадак», зашкальваюць. Напрыклад, экс-прэфект Паўднёвай акругі Ю. Буланаў, які сядзіць у Лефортаўскай турме «за присвоение или растрату в особо крупном размере», а канкрэтна за крадзёж 23 млн рублёў, выдзеленых на капрэмонт жылля, з’яўляецца ўладальнікам многіх дамоў, кватэр як у Маскве, так і ў Парыжы, Ніцы, іншых месцах, вялізнага ўчастка зямлі ў элітным Падмаскоўі, яшчэ адной дачы ў Цвярской вобласці, калекцыі шыкоўных лімузінаў, гадзіннікаў і шмат чаго яшчэ. Пры вобыску ў офісе і ў доме чыноўніка знойдзена безліч пачак долараў, еўра, рублёў, да якіх прымацаваны паперкі з надпісамі: «Руководителю», «Проверка бюджетных учреждений» і іншымі. Пакуль у Маскве арыштаваны дзесяткі «слуг народа», але наперадзе — дзесяткі тысяч крымінальных спраў.

Беларускім чыноўнікам таксама хочацца раскошы, бо «жывем толькі раз». Яны без сумніву лічаць, што маюць на гэта права, ім пляваць на тое, што побач ёсць мільёны суайчыннікаў, якія таксама жывуць у белым свеце «толькі раз», але па іхняй віне змушаны бедаваць. Такое паняцце, як «сацыяльная мараль», чыноўнікі ў аўтарытарнай дзяржаве ніяк не могуць засвоіць.

Улада падзяліла насельніцтва на «сваіх» і «не сваіх», на багатых і бедных. Нягледзячы на балбатню пра стабільнасць, у краіне спакою няма, ідзе нягучная «грамадзянская вайна». Возьмем адно яе выяўленне. Расійскія эканамічныя падпоркі і міжнародныя крэдыты дазволілі пабудаваць у Беларусі падабенства сістэмы сацыяльнай абароны. Але якая яна? Лісты чытачоў дапамаглі ўбачыць праблему з розных бакоў.

Дзяржаўныя службоўцы, якія выйшлі на пенсію да 1994 года, з абурэннем пішуць, што выплаты ім у 4 – 5 разоў меншыя, чым тым, хто ўскочыў у новы прызыў. А што ты хочаш? Састарыўся зарана, не змог паслужыць правіцелю, кладзі зубы на полку!

Найбольш пакрыўджаны ўладай пенсіянеры па ўзросце, якія складаюць асноўную масу ў агульнай колькасці. Тут суцэльны падман! Ведаю са свайго вопыту, бо, маючы 38 гадоў працоўнага стажу, індывідуальны каэфіцыент заробку 3,53, многія ўрадавыя ўзнагароды, атрымліваю пенсію практычна такую, як у тых, хто мае каэфіцыент 1,5. Супрацоўніца ўпраўлення, з якой давялося гутарыць, сумленна сказала: «Сяргей Іванавіч, Вы правільна кажаце пра несправядлівую пенсіённую сістэму ў краіне. Але ж на ўсіх грошай не хапае. Трэба выконваць загад прэзідэнта, у першую чаргу забяспечыць саліднымі пенсіямі былых чыноўнікаў, дэпутатаў, сілавікоў. А ўсім астатнім — ураўнілаўка».

Але цікава не гэта, а зусім іншае. Людзі расказваюць, што, абурыўшыся ўраўнілаўкай (напрыклад, чытач піша, што ён проста знямеў, калі ўбачыў памер сваёй пенсіі, такі, як у прыбіральшчыцы ўстановы), яны пачалі хадзіць ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне і прымусілі зрабіць пераразлік. Нейкія 60 — 80 тысяч рублёў — гэта як костка настырнаму халопу з барскага стала, але ж прэцэдэнт ёсць.

Узнікае шэраг пытанняў. Як можна нахабна трындзець пра нейкі парадак у Беларусі, калі больш напорыстыя людзі самі рэгулююць сістэму сацыяльнай абароны? Як быць тым, хто баіцца хадзіць да чыноўнікаў? Чаму не шкада большасці пенсіянераў, якія свята вераць, што пенсію ім налічылі правільна і памяняць яе немагчыма?

Чытачоў абурае тое, што так званыя сацыяльныя пенсіі амаль прыраўнялі да пенсій працоўных. Людскі гнеў я падзяляю: адзін чалавек усё жыццё гарбаціўся на дзяржаву, а другі — краў, грабежнічаў, сядзеў у турмах, басцяўся, піў, жыў за кошт бацькоў, іншых родзічаў, а вынік — адзін. Чаму так адбываецца, зразумела. Той, хто атрымлівае сацыяльную пенсію, — гэта надзейны электарат дзеючага правіцеля.

Безумоўна, трэба клапаціцца і пра такіх людзей, каб былі накормленымі і апранутымі. Але ж навошта прыніжаць аснову дзяржавы — сумленных грамадзян? Хто пры сучаснай «справядлівасці» стане самааддана працаваць?

Каб зразумець абсурд дзеянняў улады, успомнім, як працуе ацяпленне. Уключаць яго восенню ў дзіцячых садках, школах крыху раней усталяванага тэрміну і пачынаюць крычаць пра свой гуманізм. Тое, што дзеці вяртаюцца ў кватэры-лядоўні, што ў сем’ях ёсць немаўляты або малыя, якія не ходзяць у дашкольныя ўстановы, начальнікам «да лямпачкі».

Паведамленні СМІ паказваюць, што ў Беларусі няма ніводнага раёна, дзе б не панавалі злоўжыванні начальнікаў. Можа, кіраўнік краіны не ведае, што робяць ягоныя вылучэнцы? Ведае! Дык ці можна перамагчы карупцыю, калі з ёй змагаюцца… самі карупцыянеры?

На думку чытачоў (цытаты не прыводжу з-за іх «вастрыні», якая не для друку!), дзяржаўных чыноўнікаў, асабліва супрацоўнікаў праваахоўчых органаў ( перш за ўсё суддзяў, пракурораў, міліцыянераў) за здзейсненыя злачынствы трэба караць як вайскоўцаў за пераход на бок ворага ў час вайны. А за прыніжэнне чалавечай годнасці яны мусяць адказваць, як за забойства, бо такім чынам знішчаецца ўсё лепшае ў людзях, пасля чаго яны канчаткова дэградуюць, што і заўважаецца ў Беларусі. Неабходна біць начальнікам па руках, пакуль хвароба не заходзіць далёка!

А як жа яшчэ змагацца з цынічнымі носьбітамі лозунга «Жывем толькі раз»? Найлепшы сродак — выхаванне ў людзях чалавечай годнасці, павагі да ўласнай асобы і да іншых. Вопыт дэмакратычных дзяржаў паказаў, што гэта універсальнае, эфектыўнае супрацьдзеянне многім сацыяльным хваробам.

Жыць добра, камфортна можна толькі ў краіне, дзе пануе ўзаемная павага. Чыноўнікі, якія паважаюць саміх сябе і грамадзян, ніколі не бяруць хабар, не прысабечваюць зямлю, чужую маёмасць, не прысвойваюць дзяржаўных грошай, не апякаюць родзічаў, сяброў у незаконным абагачэнні. Пракуроры, суддзі праз хабар не дапускаюць паблажлівасці да злачынцаў. Міліцыянеры, якія маюць павагу да сябе, не бяруць «падарункаў», не катуюць затрыманых, заўсёды застаюцца ветлівымі. Людзі, якія паважаюць сябе і іншых, не крадуць, не гандлююць наркотыкамі і не ўжываюць іх, не жлукцяць гарэлку да парасячага віскату. Пералік можна працягваць.

Выснова прыходзіць такая — толькі выхаванне чалавечай годнасці, магчыма працяглае і цярплівае, а па меры неабходнасці нават суровае і жорсткае, дапаможа пазбавіцца пошасці, якая апанавала Беларусь.

Обновлено 14.11.2010 23:42
 

Комментарии  

 
0 #1 09.11.2010 13:14
Дзякуй вялiкi Вам,Сяргей Iванавiч,за артыкул,якi балюча кранае душу,вымушае задумвацца i пераасэнсоуваць свае жыцце,рабiцца лепей i надае надзею,што прыйдзе лепшы час у гаротную любiмую БЕЛАРУСЬ!Моцнаг а здароуя Вам i радасцi!
Цитировать
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов