СТАРАДАРОЖСКI САМАГОН PDF Печать E-mail
24.01.2011 09:31

Samogon1_150У пераднавагоднім нумары газета «Снплюс» надрукавала заметку пра тое, што ў этнаграфічным музеі Старых Дарогаў з’явіўся незвычайны экспанат — самагонны апарат. Факт сапраўды адметны, бо пра знакаміты «старадарожскі пяршак» ходзяць легенды. У заметцы друкуецца рэцэпт нейкай 75-гадовай жыхаркі вёскі Языль, па якім рыхтуецца вядомая на ўсю краіну «народная гарэлка». На жаль, і сам рэцэпт, і апісанне апарата — поўная прафанацыя. І гэта крыўдна, бо старадарожскую самагонку сапраўды можна назваць нацыянальным скарбам, які на сёння амаль што згублены.

Я нарадзіўся ў Старадарожскім раёне, прычым акурат у той вёсцы, якая лічыцца «сэрцам» самагоннае справы, — у Пасецы. Менавіта «прадукт» ёйных жыхароў лічыцца эталонным.

Што прымусіла мяне не згадзіцца са згаданай заметкай? Пра старадарожскі самагон, пра рэцэпт і спосаб яе прыгатавання — гэта ці не першая публікацыя. І вельмі шкада, што яна ўводзіць чытачоў у зман, прычым такое ўяўленне можа стаць канчатковым.

Зараз я працую над аўтабіяграфічнай аповесцю, у якой акурат ёсць раздзел пра старадарожскі самагон — сапраўдны, «выкрышталізаваны» вякамі. І няхай гэта будзе першай дакладнай публікацыяй пра «прадукт», які гэтага сапраўды заслугоўвае...

Будзе недарэчна, калі я, нарадзіўшыся на Старадарожчыне, не распавяду пра знакаміты мясцовы самагон.

Пра яго ходзяць пагалоскі, так бы мовіць, «ад Буга да Курыл». Яшчэ і цяпер пануе ці то казка, ці то быль, быццам бы пад час нейкага з’езда кіраўнік дзяржавы Мікіта Хрушчоў запытаўся ў беларускіх дэлегатаў:

— А что, стародорожская самогонка не изжита?

— З жыта, з жыта! — горача запэўнілі яго делегаты.

Увесь працэс — ад падрыхтоўкі брагі да струменьчыка першаку — ідзе на маіх вачах.

Найперш трэба неяк раздабыць дрожджы. У вясковай краме іх не купіш — дэфіцыт. Хіба што ў райцэнтры калі-нікалі ўдаецца разжыцца адным-двума пакецікамі-брускамі. Яны ў літаральным сэнсе амаль што на вагу золата.

(Калі я ўжо стану студэнтам і на канікулах наведвацьму бацькоў, яны кожны раз абавязкова будуць прасіць мяне прывезці дрожджы. Я купляцьму па дзесяць кіло — тым лікам і для суседзяў.)

На падаконніках, засланых старымі газетамі, прарастае зерне. Калі вытыркаюцца зялёныя парасткі, маці перамолвае зерне ў муку. Яна саладкаватая, таму і называецца — солад.

Апошнім часам солад часцей замяняюць цукрам ці цукровымі буракамі. І гарэлка атрымліваецца адпаведная — цукроўка. Яна не лезе ў горла, а назаўтра баліць галава і лезуць на лоб вочы. Хлебны самагон ад цукроўкі адрозніць лёгка — варта толькі расцерці далонямі кроплю-другую. Хлебная і сапраўды пахне хлебам — як свежы, толькі што з печы, бохан.

У вялізных чыгунах маці варыць у печы бульбу, перасыпае яе ў цэбар. Тут ужо да працэсу падключаемся і мы, дзеці: арудуем сечкай і таўкачамі.

У стопцы стаіць велізарная дзежка — літраў, можа, на трыста. Цеста, вада, дрожджы і солад месцяцца ў ёй да тае пары, пакуль гэтае месіва не пачынае вуркатаць, булькаць і пахнуць водарам буякоў. Бацька робіць выснову, што «брага ўзышла», і рыхтуецца да наступнага дзейства...

Пазней я пабываю ў розных мясцінах Беларусі, але нідзе не пабачу гэткую брагу, як у нас. Усюды яна рэдзенькая — амаль што вада. Нездарма некаторыя апойкі жлукцяць яе яшчэ да таго, як атрымаеца самагон. А нашую брагу не вып’еш. Яе можна хіба што з’есці. Брага густая, вязкая, падобная на кашу.

На ўсю вялізную вёску ўсяго два самагонныя апараты. Месцяцца яны далёка ў лесе і маюць сваіх гаспадароў — Бельцавага Валодзю і Калабка. У таго ці ў другога трэба запісацца ў чаргу ледзь не за месяц. Апараты працуюць бесперапынна, і днём, і ноччу — як мартэн. Таму брагу трэба завезці загадзя, бо калі празяваеш чаргу, дык ніхто ўжо табе не саступіць.

Зараней варта завезці і дровы. Хоць гэта і гучыць трохі смешна — «дровы ў лес», — аднак без гэтага не абысціся, бо ўсе навакольныя сухастоіны даўно ўжо паваленыя.

Цёмначы бацька запрагае каня. Яму гэта лацвей, бо працуе ў лясніцтве, якое акурат трымае траіх жарэбчыкаў. Іншыя дамаўляюцца з калгасным конюхам.

Усцягнуць на калёсы дзежку з брагаю дапамагае дзед Павел. Яе абкідваюць вяроўкамі, прывязваюць да драбінаў. Бацька з асцярогаю, агародамі, мінаючы калдобіны, кіруецца ў лес...

Апарат абавязкова павінен месціцца каля вады. Вось ужо сапраўды: у гэтай справе без яе «і ні туды, і ні сюды». Азярцамі і рачулкамі наш край Бог не надзяліў, таму звычайна падганяецца экскаватар, які выкалупвае невялічкую копанку.

Калі зірнуць на апарат зверху, дык ён нагадвае літару «л», а калі ўмоўна выцягнуць яго ў адну простую лінію, дык зойме метраў дваццаць — не меней.

Пачынаецца апарат з катла — металічнай двухсотлітровай бочкі з-пад саляркі, у якую заліваецца вада. Пад катлом бесперапынна гарыць касцёр. Вада закіпае, і пара ад яе па доўгай-доўгай трубе таўшчынёй з дзіцячую руку рухаецца ў бражнік.

Бражнік — герметычная бочка. Праз квадратную дзірку зверху сюды заліваецца брага. Апошнім часам яе ўжо возяць да апарата не ў вялізнай дзежцы, а ў саракалітровых малочных бітонах, якія крадуць на калгаснай ферме. У бражнік можна ўліць бітон ці нават паўтара — адзін «затор», пасля чаго ў дзірку абухом сякеры забіваюць затычку, абматаную анучаю.

Мой дзед Павел ніколі не гнаў самагон, даручаў гэта зяцям ці сынам, бо сам панічна баяўся міліцыі. Аднае начы дзеду ўсё ж давялося пайсці ў лес, паўдзельнічаць у «працэсе». І трэба ж такому здарыцца менавіта ў гэты раз: залішне напампаваная пара вырвала ў бражніку днішча, і ён узляцеў угару, як ракета на Байкануры (бражнік па абрысах акурат і нагадвае ракету). Гарачая брага абляпіла дзеда з ног да галавы, і затым баба Каця цэлы месяц рабіла яму прысушкі ды прымочкі ад апёкаў. Зрэшты, гэткі канфуз можна спісаць хіба што на недасведчанасць дзеда, бо ўсе агрэгаты ў апараце надзейныя, правераныя вякамі, і пра падобныя выпадкі я нешта болей не чуў.

У самы верх бражніка ўманціравана яшчэ адна труба — «сабака». Двойчы выгнутая труба сапраўды нагадвае сабаку, які стаіць на задніх лапах. Другі яе канец утыкаецца ў сухапарнік — драўляную бочку каля самае зямлі, копію бражніка, толькі разоў у дзесяць драбнейшую. У сухапарнік цераз «сабаку» пампуецца спіртаносная пара, і ён «зацугляны» металічнымі абручамі, бо ціск унутры яго, мусіць жа, неймаверны. Знізу ў сухапарніку ёсць закаркаваная дзірачка. Калі заліваецца новы затор, корак дастаецца, каб выпусціць адпрацаваную, сівушную пару. Яна вырываецца на волю са свістам, і крый Божа своечасова не адкінуць руку...

Тонкай меднай трубачкай сухапарнік злучаны з дзежачкай, замацаванай над ім і напоўненай вадою (трэба сачыць, каб яна была халоднаю). У дзежцы знаходзіцца, бадай, самы галоўны агрэгат — «талерка». Менавіта гэтае прыстасаванне розніць старадарожскі апарат ад усіх астатніх, менавіта дзякуючы яму мясцовы самагон, чысты, як сляза дзіцяці, і без аніякага сівушнага паху, стаў знакамітым на ўсю краіну. Неяк мне давялося пабываць у Дудутках, што пад Мінскам. Там наведвальнікам музея прапаноўваецца пакаштаваць «сапраўдны старадарожскі самагон» — адразу з апарата, які працуе на вачах у экскурсантаў. Усё гэта мана! Апарат хоць і нагадвае старадарожскі ў мініяцюры, але ў ім нямашака галоўнага, самага адметнага — «талеркі».

Знешне яна сапраўды нагадвае запаяныя адна да адной медныя талеркі. Што там у сярэдзіне, шчыра сказаць, я не ведаю. Ды і ўвогуле гэта мала каму вядома, таму і ёсць апараты толькі ў двух гаспадароў. Чуў, што «талерку» не адзін тыдзень вырабляе ў калгаснай майстэрні самы кваліфікаваны зваршчык... «Талерка» ачышчае спіртавую пару ад сівушнага масла.

Міліцыянты добра ведаюць, у якіх месцах працуюць лясныя «мартэны», і стараюцца іх не чапаць, хіба што раз-пораз наведваюцца сюды, каб затарыцца каністраю першаку. І толькі калі які-небудзь мясцовы зламыснік-аблуда напіша канкрэтную заяву ў райаддзел і на яе трэба неяк рэагаваць, робіцца начны рэйд. Самагоншчыкі, якім не пашанцавала, хаваюцца ў лесе. І калі яны паспяваюць прыхапіць з сабою ёмістасці з гарэлкай, міліцыянты (а гэта тыя ж вясковыя хлопцы) «запрагаюцца» самі, пакуль ад пуза не нагоняць гарэлкі. Дык вось напрыканцы, здаволіўшыся, апарат яны не разбіваюць, не рушаць, хіба што для блізіру трохі падзюбаюць сякерай у «кацёл». Галоўнае ж — міліцыянты забіраюць з сабой «талерку», сэрца апарата, аднавіць якое ўдасца не хутка. Зрэшты, праз дзень-другі гаспадар апарата «выкупляе» ў міліцыянтаў гэтае «сэрца» за добрую бутлю самагону.

З «талеркі» пара імкнецца ў «халадзільнік» — невялікі чан на адным узроўні, гэта значыць, звысака. Трубачка ў ім завіта ў спіраль, а сам чан запоўнены халоднаю вадою, якую трэба два разы на затор абнаўляць, бо яна награваецца. Гэтую гарачую ваду ашчадна заліваюць у кацёл — меней спатрэбіцца дроў.

У «халадзільніку» пара кандэнсуецца і па той жа трубцы ўніз, у яшчэ адну бочачку пад назваю «венджы» цячэ ўжо самагон. У яе уторкнуты абматаны ватаю жалабок, з якога цурчыць «гатовы прадукт».

Струменьчык павінен быць гэткім жа, як суворая нітка. Калі ён танчэйшы, варта падкінуць дроў да катла. Калі ж цурчыць, як малако з каровінай цыцкі, трэба тэрмінова гэтыя дровы адграбаць. Бывае, што даводзіцца вырываць затычку з сухапарніка, інакш можа так ірвануць — не раўнуючы як атамная бомба...

Спачатку пад струменьчык падстаўляюцца паўлітровыя пляшкі — каб аддзяліць пяршак, самую чыстую гарэлку моцнасцю за 90 градусаў. Яго скарыстоўваюць на лекі і настойкі. Неяк я прывёз слоік першаку ў студэнцкі інтэрнат. Негр, які жыў са мною ў адным пакоі, прынюхаўшыся, усклікнуў:

— О, народный водка!

І папрасіў наліць яму як паболей — цэлую шклянку-«хрушчовік». Ну, каўтай, калі гэтак хочацца... Тамтэйшая «народный водка», мусіць, не мацнейшая, чым піва, таму негр і перакуліў у горла адразу ўвесь «хрушчовік». Ратаваць яго давялося цэлую ноч...

Акурат калі пачынае ісці пяршак, да апарата наведваецца ягоны гаспадар (як быццам носам чуе!). Першую паўлітэрку ён прапускае (у ёй самагон «дзікі»), а другую забірае сабе. Гэта аплата за эксплуатацыю апарата. Тут увогуле і ўдзень, і ўначы аціраюцца-боўтаюцца вясковыя апойкі, аматары «халявы». І кожнаму трэба наліць стограмовік-другі, інакш можна не абрацца бяды — «стукне» ў мілiцыю.

Калі пяршак сыходзіць, пад струменьчык падстаўляецца трохлітровы слоік. З аднаго затору атрымліваецца да дзесяці літраў элітнага, узорнага самагону моцнасцю не меней як шэсцьдзесят градусаў.

Затым пачынае цурчэць сівуха. Тут ужо можна падкінуць пад кацёл дроў. Усю сівуху маці аддае бацьку — як «заслужаную ўзнагароду». Таму ён, нягледзячы на звягу, імкнецца як мага зацягнуць «працэс», не залівае новы затор, каб мець для сябе добры запас. (Тая сівуха, дарэчы, калі яе падпаліць, яшчэ гарыць сінім полымем, і не менш як два тыдні бацька будзе ў запоі — да тае пары, пакуль сівуха не скончыцца.)

У бражніку знізу вырываецца яшчэ адна затычка, і адпрацаваная брага выліваецца ў адстойнік — выкапаную побач яму. Адтуль брага вычэрпваецца вёдрамі, заліваецца ў дзежку ці ў парожнія бітоны. Ёю можна цэлы месяц карміць свіней.

Самагонных баек у народзе ходзіць шмат. Адна з іх нарадзілася на маіх вачах. Міліцыянты па наводцы наведаліся да нашага суседа Музыкі — ён якраз учыніў брагу. Пакуль сам Музыка «загаворваў зубы» міліцыянтам, ягоная жонка Ева паспела выліць брагу ў карыты і выпусціла ў двор парасят. Вобшук працягваўся доўга, усё перавярнулі дагары і ў хаце, і ў стопцы, і ў хляве — а нічога нямашака. Збянтэжаныя і расчараваныя міліцыянты накіраваліся ўжо да свайго «козліка», як раптам адзін з іх скмеціў, што парасяты чамусьці ходзяць па двары зігзагамі ці ўвогуле валяцца з капытоў. Тады і прынюхаліся да «цеста» ў карытах...

Тых лясных апаратаў і таго знакамітага самагону, пра які я распавёў, у вёсцы цяперака няма. Пад час вяселляў, хрэсьбінаў і хаўтураў на сталы выстаўляецца «куплёная» (раней гэта лічылася ганьбай, вяскоўцы аддавалі перавагу «свойскай»). Каб атрымаць вартасны самагон, трэба прыкласці шмат патуг. Тыя, хто не ленаваўся гэта рабіць, даўно састарэлі, а большасцю дык і паўміралі. У вёсцы шмат чужых, прышлых, а моладзь захлынаецца танным «чарнілам»...

Прынамсі, прыстойны самагон, калі дужа пастарацца, у вёсцы можна знайсці. Хто-ніхто ўсё ж трымае «падпольна» невялікі апарацік для ўласных патрэб. Напрыклад, мой сусед цераз вуліцу, трохі старэйшы за мяне, усё неабходнае абсталяванне здолеў прыладкаваць у сваёй стопцы — па перыметру ўздоўж сцен. Неяк жа ўціснуў...

Мае землякі-палешукі спакон веку гналі знакамітую гарэлку, перадавалі ейныя сакрэты з пакалення ў пакаленне. Старадарожскі самагон, без перабольшвання, можна лічыць нацыянальным скарбам, які, на жаль, хутка будзе незваротна страчаны. Дык хай жа застануцца хоць гэтыя ўспаміны жывога сведкі і непасрэднага ўдзельніка таго «працэсу»...

Алесь УСЕНЯ

Обновлено 30.01.2011 17:08
 

Комментарии  

 
0 #1 01.08.2011 10:41
кстати - не обязательно из жита - бабушка гнала из картошки, муки и солода (мололи на жерновах руками) - главное ведь что все инградиенты были натуральными - вода из крыницы, картошка, мука, дрожжи брага стояла там где корова - чтобы температура была постоянная - солод - пророшенное зерно и высушенное на русской печке - молотое руками - дрожжжи из магазина и т.д. теперь эту технологию мало кто уже помнит... я просто помогал бабушке с 3 лет - помню все сам как она делала и конструкцию аппарата помню
Цитировать
 

Добавить комментарий

Внимание! Перед добавлением комментария помните, что его прочтут другие пользователи и авторы комментируемого Вами материала. Будьте уважительны друг к другу и старайтесь обходиться без сленговых и нецензурных выражений.


Защитный код
Обновить

Последние добавления

972.
Ну вот и подняли тарифы ЖКХ. А ведь кое-кто утверждал, что наше прав.....
971.
Вовочка, услышав, как мурлыкает кот, бежит к отцу-автомеханику: — Па.....
ПРОТИВ ДМИТРИЯ ДАШКЕВИЧА ВОЗБУЖДЕНО НОВОЕ УГОЛОВНОЕ ДЕЛО
Лидеру «Молодого фронта» грозит еще один год лишения свободы. .....
«НАДО ОТЫСКАТЬ СПОСОБ РАЗГОВАРИВАТЬ НЕ ЯЗЫКОМ САНКЦИЙ»
Посол Литвы в Беларуси Линас Линкявичюс заявил, что Вильнюс и Минск...
МИД ИЗРАИЛЯ СЛЕДИТ ЗА СИТУАЦИЕЙ С ПРАВАМИ ЧЕЛОВЕКА В БЕЛАРУСИ
Глава отдела Евразии израильского МИД Яаков Ливне 18 июля на пресс-к.....

Самое популярное за месяц

службы мониторинга серверов