Курсы валют

Доллар США
2.058
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Культура

МОЙ ЛІСТАПАД…

Усеня Алесь

У мінулым годзе наша газета надрукавала ўрыўкі з тады яшчэ будучай кнігі Алеся Усені. Яны выклікалі вялікую цікавасць у чытачоў. І вось зусім нядаўна кніга Алеся Усені пабачыла свет. Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі ўрыўкаў з яе.
Дарэчы, кнігу можна купіць у мінскай кнігарні «Ў» (праспект Незалежнасці, 35 а), у крамах «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), «Кніжны салон» (вуліца Калініна, 5).
У электронным варыянце (PDF) кнігу можна скачаць на нашам сайце.

Image 147

Image 147

Народная любоў і званне

У кінатэатры «Кастрычнік» ладзіцца творчая вечарына Васіля Быкава. Такую значную падзею не абмінаем і мы, студэнты журфака.

Вялікая зала набітая людзьмі «па завязку». Быкаў распавядае пра сваё жыццё, дзеліцца творчымі планамі. Затым чытачы задаюць пісьменніку пытанні: хто выходзіць на сцэну, хто проста перадае цераз галовы запіску.

На той час я «падхалтурваю» літкансультантам у газеце «На страже Октября» і, каб была падстава «ціскануць» у яе адпаведную заметку, крэмзаю ў запісцы сваё пытанне: «Вы шмат пішаце пра подзвіг савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Але ж і цяпер ёсць месца подзвігу. Узяць, да прыкладу, нашую міліцыю. Хіба ж не гераічна працуе яна ледзь не штодня? Дык ці не збіраецеся Вы напісаць аповесць пра нашых доблесных міліцыянераў?»

Калі даходзіць чарга да маёй запіскі і Быкаў зачытвае пытанне, па зале хваляй прабягае насмешлівы гул, хто-ніхто нават рагоча. Быкаў жа не зганяе з твару звыклай сур’ёзнасці і толькі коратка адказвае:

— Не.

У адной з запісак праскоквае абрывак фразы: «Вось вы — народны пісьменнік Беларусі…» Ніхто не заўважае гэтае недакладнасці (Быкаў тады яшчэ не меў афіцыйнага звання «народны»), і сустрэча працягваецца ў звыклым рэчышчы. А мой сусед, паэт-пачатковец, вельмі пільна сочыць за ўсімі літаратурнымі працэсамі і таму, натуральна, добра ведае, што ўлада не надзяліла Быкава гэтым званнем, зларадна ўсміхаецца. Яму вельмі карціць паказаць сваю дасведчанасць (а можа, «уесці» Быкава?), таму ён пасылае цераз галаву запіску з пытаннем: «А хіба ж Вы народны? Ніхто Вам такога звання пакуль што не прысвойваў…»

Іншы, напэўна, адклаў бы гэтую запіску ўбок, але ж Быкаў — чалавек не хцівы, просты, бескампрамісны як у адносінах з другімі, так і з сабою. Ён, не вагаючыся, зноў жа коратка адказвае:

— Сапраўды, я не «народны».

Што тут усчыняецца ў зале! Гул, абуральныя крыкі:

— Хто гэта напісаў? Няхай падымецца!

— Не зважайце, Васіль Уладзіміравіч! Вы для ўсіх нас, чытачоў, ужо даўно народны!

Мой сусед зніякавела ўціскае галаву ў плечы…

А народная любоў усё-ткі вышэй, чым званне.

Сюжэт

Аднакурснік Саша Германовіч, ведаючы, што апошнім часам мяне пацягнула на баладныя вершы (я дык папросту называю іх сюжэтнымі), прапануе:

— Калі праставіш пляшку «чарніла», падару табе выдатнейшы сюжэт. Прычым не выдуманы, не высасаны з пальца. Відавочцам быў мой добры сябра.

Я недаверліва пазіраю на яго:

— А калі гэты сюжэт мне не спадабаецца? Тады, выходзіць, тую пляшку ты выжлукціш на халяву?

— Даю гарантыю, што спадабаецца. Так што бяжы ў краму.

Прынамсі, разыка не надта вялікая. Пляшка «Лучыстага» каштуе ўсяго 97 капеек. Крама суседзіцца з нашым інтэрнатам № 2. Так што адна нага там, другая — тут.

Услодыч падлячыўшыся «пасля ўчарашняга», Германовіч распавядае свой сюжэт, які потым становіцца вершам «Балада пра ногі»:

 
Горнай дарогі крук.
Выгнуты хвост калоны.
Выпусціш руль
З рук —
І шлях бяздонны...
Раптам кінула ўбок.
Неба... Клінок дарогі...
Неба... Зямля... Боль.
Прыціснула ногі.
 
Гуртам стаяць сябры.
Выцягнуць немагчыма:
І чалавек гарыць,
І машына...
 
Дапамагчы!
А чым?
Дзе адзінае выйсце?
— Там... у кабіне... сячы...
Ногі... сячыце!
 
Зараз усё рване!
— Хлопцы... тапор... ударце!
— Не!
— Не магу я!
— Не!
— Не пакідайце...
 
Выбух агнём пакрыў
Выгнуты крук дарогі.
Горнага рэха крык:
— Ногі сячыце!
Но-о-огі!..
 
Неўзабаве гэты верш будзе надрукаваны ў альманаху «Дзень паэзіі». І я атрымаю ганарар, за які можна будзе купіць не толькі пляшку «Лучыстага»...
Як тут не прыгадаць знакамітыя радкі: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи…»
«Што напіша сяржант...»
З раніцы ў кабінет заходзіць карэспандэнт сельгасаддзела Мікола Міхальчык. Усхваляваны, узлахмочаны.
— Дружа, выручай!

Аказваецца, напярэдадні вечарам, добра пасядзеўшы ў рэстаране, ён «пацапаўся» з міліцыянтамі: сяржант склаў пратакол. Ноч Мікола правёў у «малпоўніку» — камеры для часова затрыманых.

Цяпер бяды не мінаваць. З міліцыі абавязкова прышлюць адпаведную паперу ў рэдакцыю, а тут цырымоніцца ніхто не будзе. Усё-ткі «цэкоўскі» орган. Могуць і з працы пагнаць.

Ведаючы няпросты характар Міхальчыка, здагадваюся, што адным «цапаннем» там не абышлося. Мусіць, Коля, як гэта часта бывае з журналістамі, «качаў правы», а магчыма, браў таго сяржанта за грудзі...

Чаму ж Міхальчык звярнуўся менавіта да мяне? У газеце я пішу на прававыя тэмы і, натуральна, маю зносіны з вышэйшым міліцэйскім начальствам. Мікола просіць, каб я «падключыў сувязі» і справу замнулі.

Лёгка сказаць — «замнулі»! Ёсць показка: «Што напіша сяржант, не паправіць і генерал». І ўсё-ткі еду ў Міністэрства ўнутраных спраў, да начальніка Упраўлення па ахове грамадскага парадку Віталя Іванавіча Апанасевіча. Прыемны чалавек, памяркоўны. Праўда, не генерал, а толькі палкоўнік. Не адзін артыкул мы з ім напісалі сумесна.

Віталь Іванавіч, выслухаўшы, з якою бядою я завітаў, пасля невялікай развагі абяцае:

— Паспрабую што-небудзь зрабіць... Хоць, шчыра кажучы, не надта хочацца...

Абяцанне Віталь Іванавіч выканаў. Папера ў рэдакцыю не прыйшла. Больш за тое: сяржанта міліцыі, які «наехаў» на Міхальчыка і склаў пратакол, самога зрабілі вінаватым і нават неяк пакаралі.

— Можа, гэта ўжо залішне? — пытаюся па тэлефоне ў Апанасевіча.

— А інакш нельга было, — адказвае Віталь Іванавіч. — Пратакол ёсць, затрыманне ёсць — усё зафіксавана. Значыць, некага трэба пакараць: калі не вашага карэспандэнта, дык нашага сяржанта...

Мікола Міхальчык быў на сёмым небе ад шчасця. Я таксама цешыўся, што здолеў дапамагчы калезе. І не задумваўся тады над тым, што, ратуючы аднаго, раблю непрыемнасці другому. Не сумняваюся: той сяржант меў рацыю, сумленна выканаў свой абавязак і справядліва заканапаціў Міхальчыка ў «малпоўнік». А яго з маёй падачы ні за што ні пра што пакаралі...

Нездарма кажуць: каб нешта некаму даць, трэба штосьці ў кагосьці забраць.

Першыя ахвяры

Адпачываю ў крымскай Алушце. З раніцы на вуліцах шматлюдна. Нават турысты не ідуць на пляжы, бурна абмяркоўваюць свежую навіну: да ўлады ў краіне прыйшоў так званы ГКЧП. А звергнуты Гарбачоў адпачывае зусім непадалёку адсюль, у Фаросе.

Найбольш уражвае праезная частка цэнтральнай вуліцы. Яна ўся ўсланая кнігамі Гарбачова. Людзі ходзяць туды-сюды, на іх не зважаючы. Пад нагамі храбусцяць кардонавыя вокладкі. Згадваецца: калі ў Германіі Гітлер прыйшоў да ўлады, на вуліцах і плошчах запалалі кастры з кніг.

І ўвогуле дзіўная заканамернасць: першымі ахвярамі дыктатарскіх рэжымаў чамусьці заўсёды з’яўляюцца кнігі...

Сход

Пачатак 90-х. Беларусь робіць першыя крокі да сваёй незалежнасці. Афіцыйнымі становяцца герб Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг, беларускай мове надаецца статус дзяржаўнай.

Ідзе сход жыхароў Серабранкі. У вялікай актавай зале, набітай людзьмі па самае «не магу», вылучаюцца кандыдаты ў дэпутаты. Абмеркаванне надзвычай бурнае. Свае «тры капейкі» ўстаўляю і я, прычым на беларускай мове. Народ яшчэ не звыкся з тым, што яна можа гучаць не толькі з тэлевізара ці радыё, але і ў паўсядзённым жыцці, таму на мяне скіраваныя сотні цікаўных позіркаў. А слухаюць усе дык і зусім уважліва.

Раптам з крэсла на першым радзе падымаецца дзябёлая кабеціна ў беласнежным футры, паварочваецца да залы ўсім тулавам, паказвае на мяне пальцам і абурана пытаецца:

— Почему этот человек оскорбляет всех нас, разговаривая не на русском языке? Я, например, этой «мовы» совсем не понимаю и слышать ее не хочу…

Кабеціна, пэўна ж, чакае ўсеагульнай падтрымкі, аднак у зале ўсталёўваецца неймаверная цішыня. Нарэшце з месца ўскоквае хударлявы дзяцюк, мяркуючы па знешнім выглядзе — «рабацяга», які толькі-толькі перабраўся ў сталіцу з вёскі, і палымяна дае кабеціне адлуп на «трасянцы»:

— Не панімаеш нашай мовы, дак і шуруй адсюль у сваю Расію!

Услед за ягонымі словамі зала ўзрываецца адабральнымі воклічамі, а хто-ніхто пляскае ў ладкі. Кабеціна ніякавее і моўчкі садзіцца на сваё крэсла, уціснуўшы галаву ў плечы.

Не сказаць, што апасля ўсе імкнуцца абмяркоўваць кандыдатаў у дэпутаты па-беларуску. Спрэчкі вядуцца як і раней — на «языке», бо літаратурнай мовы ніхто не ведае, а на «трасянцы» выкладаць свае думкі сорамна. Ды ўсё ж адчуваецца, што з’явілася ў гэтай зале, павісла ў паветры нешта нацыянальнае, роднае, сапраўды беларускае…

Гэта быў залаты час, калі ў народзе прабіваліся нясмелыя парасткі нацыянальнай самасвядомасці, якія неўзабаве маглі забуяць, закаласіцца, даць плённы ўраджай. Не адбылося. Не сталася. Збэсцілі тыя парасткі. Затапталі.

І, мусіць жа, калі той сход праходзіў бы не ў недалёкіх 90-х, а сённяшнім часам, дык загалёкалі, зблоцілі б нашыя людзі не тую кабеціну, а мяне…

Дзяльба ў Храме

У ерусалімскім Храме, пабудаваным на месцы, дзе, як мяркуецца, узышоў на Галгофу і быў разапнуты Хрыстос, заўсёды шматлюдна. Паломнікі, ды і проста экскурсанты-разявакі, тоўпяцца ля калуквіі, каб патрапіць у невялічкае памяшканне, у якое, паводле рэлігійнага падання, пасля распяцця паклалі цела Госпада, і з якога перад праваслаўным Вялікаднем Патрыярх выносіць Дабрадатны агонь.

Грэчаскі святар, высокі, дужы, з пасівелай барадой і праніклівымі вачыма дзядок, стаіць пры ўваходзе і сочыць, каб людзі не лезлі без чаргі, адлічвае па чатыры-пяць чалавек, якія могуць адначасна знаходзіцца ў калуквіі. Некаторыя на яго мала зважаюць, і тады святар пускае ў ход рукі, адштурхоўвае найбольш нахабных і, што мяне карабаціць, злосна на іх лаецца. «Як жа так? — думаю я. — У самым святым месцы — і лаянка?»

Потым даведаюся, што святары розных хрысціянскіх канфесій і паміж сабою не надта ладзяць.

Храм падзялілі на часткі, і кожная канфесія звычайна трымаецца сваёй «вотчыны». Размеркаваны час, калі, напрыклад, католікі ці армяне могуць маліцца ў святых месцах.

Тут увогуле падзелена ўсё, нават на лесвіцы пры ўваходзе ў Храм кожная канфесія мае адну сваю прыступку...

Ды гэта што! Нярэдка святары ўсчыняюць паміж сабою бойкі. Адну з іх пад час вялікага рэлігійнага свята ў прамой трансляцыі на ўвесь свет паказалі па тэлебачанні.

А нам, вернікам, даводзяць: «Бог ёсць любоў»...

(Працяг будзе.)

Добавить комментарий