Курсы валют

Доллар США
2.0854
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Культура

З МІНУЛАГА — Ў БУДУЧЫНЮ

Vandrouki

«Вандроўкі ў мінулае» — без сумневы патрэбная справа, якую ладзіць «Еўрапейскі клуб». Аб першых выніках і перспектывах распавядае яго кіраўнік Юрась Меляшкевіч.

— Традыцыйна, пачнём з падсумавання...

— За мінулагоднія сем падарожжаў наша электронная база папоўнілася амаль на чатырыста новых адрасоў. Трэба ўлічваць, што гэта далёка не ўсе ўдзельнікі вандровак і далёка не заўсёды трапіць у падарожжа маглі ўсе жадаючыя. Нават калі мы выкарыстоўвалі два турыстычных аўтобусы.

Сярод удзельнікаў быў праведзены конкурс эсэ «Што я магу зрабіць, каб Беларусь стала часткай Еўразвязу». Прыемна, што сярод больш як дзесятка работ былі і аналітычныя, з канкрэтнымі прапановамі. У тым ліку і для беларускай дыяспары за мяжой.

Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі напісалі адразу па два эсэ.

Нагадаю мінулагоднія падарожжы — Слонімшчына, Глыбоччына, Чырвоны Бераг (Гомельскі рэгіён), самы маленькі райцэнтр Беларусі — Дзісна, «шлях Напалеона», Ашмянска-Астравецкі рэгіён і Смаленск.

У гэтым годзе ўжо было цудоўнае падарожжа ў ракаўскія ваколіцы з наведваннем адзінага ў Беларусі прыватнага музея Фелікса Янушкевіча і вандроўка ў Дняпроўска-Сожскае міжрэчча — Рагачоў, Доўск, Слаўгарад, Лясная, Грудзінаўка, Быхаў.

Будучыя вандроўкі адбудуцца 25 траўня, 8 і 29 чэрвеня. Як бачна, па датах яны скончацца чэрвенем, але гэта не азначае канчатковы фініш. Разам з нашым нязменным вядучым старшынёй Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам мы распрацавалі яшчэ цэлы шэраг маршрутаў, і працягвацца яны будуць да позняй восені.

— Напэўна, многія ведаюць, што да 1945 года Слаўгарад называўся Прапойскам, а новая назва з’явілася толькі дзякуючы вызваляўшай яго дывізіі, бо прысвоіць ёй назву «прапойская» было б звыш магчымасцяў савецкага агітпропа... Але амаль ніхто не ведае, што гэта яшчэ і вашы родныя мясціны.

— Так. Спадар Астаповіч нават даверыў мне быць там вядучым. Трэба адзначыць, што я ведаў пра гэта загадзя, таму рыхтаваўся да сустрэчы з родным горадам вельмі грунтоўна. Асвяжаў у памяці даволі шмат гістарычных момантаў.

На жаль, сёння жыхары маленькіх гарадоў дрэнна ведаюць сваю мінуўшчыну і гістарычныя калізіі развіцця мясцін, дзе нарадзіліся альбо жывуць зараз.

— А што пра родны горад не ведалі асабіста вы?

— Паўтаруся, я больш аднаўляў у памяці пэўныя гістарычныя нюансы...

Але былі і адкрыцці. Адно з іх — постаць Осіпа (па-іншаму Юзафа) Казлоўскага, які быў народжаны ў ваколіцах старажытнага Прапойска. Аказваецца, ён быў аўтарам першага гімна Расійскай імперыі «Гром победы раздавайся». І ён жа быў музычным настаўнікам напісаўшага знакаміты паланез пра развітанне з радзімай Міхала Клеафаса Агінскага.

У даглінкаўскай Расіі Осіп Казлоўскі быў музычнай зоркай нумар адзін. А напрыканцы жыцця прыязджаў на радзіму і нават стварыў у Прапойску свой хор.

На жаль, сучасныя мясцовыя ўлады не звяртаюць на такія «дробязі» ніякай увагі альбо не ведаюць іх увогуле. Сёння ў Слаўгарадзе няма не тое, што вуліцы імя такога славутага земляка, а нават шыльды ў яго гонар.

— Наколькі я памятую, раней вандроўкамі займалася ЗБС «Бацькаўшчына», зараз «Еўрапейскі клуб». Адсунулі?

— Ні ў якім разе. Мы працуем сумесна. «Бацькаўшчына» забяспечвае інфармацыйную падтрымку, мы ж выконваем ролю своеасаблівых менеджэраў (у тым ліку і я) і па поўнай выкарыстоўваем патэнцыял «Еўрапейскага клуба». Напрыклад, магчымасць праз СМІ больш разнастайна падаваць тэму «еўрапейскасці беларусаў».

Аляксандр ТАМКОВІЧ

Loading...

Добавить комментарий