Курсы валют

Доллар США
2.0395
Евро
Российский рубль

Погода

20..22 °C

Культура

ЯК МІЛІНКЕВІЧ СТАЎ ЭКСКУРСАВОДАМ

Милинкевич1

Адказ на пытанне-назву просты — па асабістаму жаданню. Чарговая з «Вандровак у Еўропу» праходзіла ў роднай для яго Гародні. Каб правесці абяцаную экскурсію па Фарным касцёле, Аляксандр Уладзіміравіч прыехаў з-за мяжы ў пяць гадзін раніцы і, не гледзячы на бяссонную ноч, амаль дзве гадзіны працаваў у новай якасці. Патлумачыў усё шчырым «сантыментам да гадзіннікаў», асабліва да таго, што ўстаноўлены на вежы Фарнага касцёла.
З гэтага і пачалася наша размова з Аляксандрам Мілінкевічам.

— Гадзіннік — частка майго жыцця, да якой стаўлюся з асаблівым імпэтам. Да яго я папаў як краязнаўца. Дзякуючы сваёй даўняй знаёмай, — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч, — Марыі Рамуальдаўне Гратулевіч, якая была даглядальніцай унікальнага гарадзенскага касцёла паўстагоддзя. Любіў да яе хадзіць. Яна была сапраўднай энцыклапедыяй гісторыі Гародні. У іх сям’і была цудоўная бібліятэка!

Марыя Рамуальдаўна сябравала з маёй маці. Калі ў 1961 годзе была знішчана так званая Фара Вітаўта (першы ў горадзе касцёл, які стаяў насупраць), яна была адным з арганізатараў супраціву жаданню камуністычнай улады ўзарваць і гэты «культавы аб’ект», то-бок касцёл Святога Францыска Ксаверыя. А такія планы былі.

Марыя Рамуальдаўна прыехала ў Гародню ў 1944 годзе з Полацка, і з таго часу даглядала касцёл. Яна была ўладальніцай вялікай каштоўнасці — вялізарнага старадаўняга ключа ад храма. Яна са сваім мужам, які працаваў там жа цесляром, кожны дзень падымаліся на вежу і заводзілі гадзіннік. Пакуль не забараніла савецкая ўлада. Чаму? Цяжка сказаць дакладна, бо адзін начальнік казаў пра «сігналы ў мясцовую турму», другі — пра «перашкоды гарадскому транспарту». Словам, нічога больш прыстойнага бальшавікі прыдумаць не маглі.

Марыя Рамуальдаўна і прапанавала мне падняцца на вежу, сказаўшы: «Ты — фізік, у тэхніцы цяміш, мо здолееш запусціць стары «зэгар». Са старэйшым сынам Аляксандрам мы так і зрабілі. Бруд, павуцінне, смецце. Механізм быў амаль нябачным з-за галубінага памёту, бо для птушак гэта было ідэальнае месца жыцця — ніякіх рашотак.

Калі я ўбачыў гадзіннік, адчуў нейкім унутраным пачуццём, што тут нешта вельмі старадаўняе, хаця на той час абсалютна нічога ў гэтай галіне не ведаў. Пачаў чытаць усё, што датычылася тэмы.

1987 год. На той момант я быў дацэнтам кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі мясцовага ўніверсітэта. На тэлебачанні вёў аўтарскую перадачу «Па вулках старой Гародні», дзе выкарыстоўваў слайды, старажытныя фота, малюнкі, гравюры, якія пачаў збіраць яшчэ мой бацька. Аддаў ёй восем год. Сёння нават цяжка ўявіць такое: манаполія КПСС, а мне дазвалялі без аніякай цэнзуры расказваць праўду пра беларускую гісторыю. Перабудова!

— Раз размова кранулася гэтай тэмы, то нагадайце, калі ласка, колькі гадоў у вас быў «экскурсійны» перапынак?

— Так, па-сапраўднаму, мабыць, з 10...

Але вернемся да тэмы. Праз перапіску пазнаёміўся з выдатным спецыялістам па гісторыі старадаўняй тэхнікі і гісторыі навукі Лібертасам Клімкай, дацэнтам Вільнюскага ўніверсітэта. У яго дома нябачна сцен — адны гадзіннікі. Кантакты з ім сталі для мяне ўнікальнай школай.

Акрамя ліставання шмат працаваў у архівах Гародні, Мінска, Вільні, Варшавы, Масквы. Вялікую дапамогу ў вывучэнні гісторыі гадзінніка адыграў навуковец-езуіт з Кракава Ежы Пашэнда, які перадаў хроніку падзеяў Гродзенскага езуіцкага калегіума, што захоўваецца ў Рыме. Высветлілася, што гэты гадзіннік паходзіць з першай гарадзенскай ратушы, разбуранай у час «невядомай вайны» Рэчы Паспалітай з Масквой, калі загінуў кожны другі беларус.

Адначасова я пазнаёміўся з Іосіфам Ясюкевічам, які зараз і з’яўляецца даглядальнікам гэтага гадзінніка. Ён гадзіннікавы майстар, але працаваў на тагачасным заводзе карданных валоў.

Акрамя гэтага я пайшоў у гаркам партыі, дзе першым сакратаром быў Аляксандр Алёшын. Не былы камсамольскі работнік, а тэхнічны наменклатуршчык, які скончыў Ленінградскі палітэх. Ён адразу вельмі зацікавіўся маёй ідэяй і стаў актыўна дапамагаць. Па тых часах гэта было вырашальна ...

Пачалася праца. Ачышчалі гадзіннік і глядзелі, чаго там не хапае. Не хапала маятніка. Мы яго зрабілі і паспрабавалі запусціць. Атрымалася, але было зразумела: дэталі настолькі зношаны, што яны патрабуюць далейшай, вельмі грунтоўнай рэстаўрацыі — трэба сур’ёзна папрацаваць над аднаўленнем колаў і шасцернямі. Што з дапамогай завода карданных валоў і іншых мясцовых прадпрыемстваў і было зроблена. Пра тыя падзеі ведаў увесь горад, шмат пісалі газеты.

У 1989 годзе гадзіннік запрацаваў у пастаянным рэжыме. Адмяраў секунды, кожную гадзіну біў звон, але там не хапала механізма, які адмервае чвэрці. Іосіф Ясюкевіч і далучыўшыйся да справы Аляксандр Налівайка працягвалі займацца адладжваннем гадзінніка. Я ж выступіў з гэтай нагоды на навуковых акадэмічных канферэнцыях у Варшаве і Маскве, надрукаваў адпаведны артыкул у зборніку «Помнікі гісторыі навукі і тэхнікі» АН СССР. Яго прачыталі ў Санкт-Пецярбургу. Дакладней, група фізікаў–энтузіястаў з Гатчыны. Пазней частка гэтых людзей сталі прафесійнымі рэстаўратарамі старажытных гадзіннікаў і былі запрошаны на працу ў Эрмітаж.

Я ўжо працаваў у гарвыканкаме, і мне нечакана пазванілі з Фарнага касцёла: «Прыехалі навукоўцы з Піцера, хочуць убачыць гадзіннік». Пазнаёміліся. Гарадзенскі цуд іх вельмі ўразіў — ледзь не цалавалі. Сказалі, што большасць яго дэталей паходзіць з канца XV стагоддзя і пачатку XVI і што ён хутчэй за ўсё самы стары дзеючы ў Еўропе. Прапанавалі зрабіць навуковую рэстаўрацыю. Гэта была вельмі своечасовая прапанова, такіх спецыялістаў у Беларусі не было. Рэстаўрацыя адбывалася 6 гадоў. Аднавілі і механізм, які адмярае чвэрці. Аднаўлялі старанна па старых аналогіях і з выкарыстаннем старых тэхналогій.

Для мяне гэта не толькі цуд сярэднявечнай тэхнікі, гэта — сапраўднае сэрца Гародні. Неверагодна. Але ён адбівае час паўтысячагоддзя.

Добавить комментарий