Курсы валют

Доллар США
2.0373
Евро
Российский рубль

Погода

7..9 °C

Культура

«Спіс Гедройца»: гульня па правілах

Image 6618

Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца-2018 абвясціла поўны спіс намінантаў на перамогу. Гэта 32 беларускамоўныя кнігі мастацкай і дакументальнай прозы — агулам «суддзям» трэба прачытаць 7 388 старонак тэкстаў.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, Таццяна Нядбай:

— Прэмія Гедройца — найбольш значная і прэстыжная незалежная літаратурная ўзнагарода, будзе ўручацца ўжо ў 7 раз, плануем гэта зрабіць увосень. А пакуль — час для працы журы.

Упершыню заваяваць «Гедройца» спрабуюць 13 аўтараў, але гэта зусім не толькі дэбютанты: напрыклад, упершыню намінавана кніга Уладзіміра Арлова, які доўгі час быў сябрам журы. А вось Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Алесь Аркуш падаваліся на прэмію па некалькі разоў.

Сёлета свае кнігі прадстаўляюць 11 выдавецтваў: дзевяць з Беларусі і два з Украіны. Больш за ўсіх падаў «Кнігазбор» — 10, «Галіяфы» і «Логвінаў» — па 5, «Янушкевіч» — 4.

У журы прэміі розныя людзі, якіх, аднак аб'ядноўвае прыналежнасць да цэху літаратурнай крытыкі: Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.

Image 6619

І першае маё пытанне — як яны адужаюць тыя кніжныя Гімалаі ўсяго за два месяцы? На першым (да верасня) этапе трэба «выбракаваць» 20 заяўленых твораў…

Марына Казлоўская:

— Праца сапраўды цяжкая. Але ж нездарма наш склад вылучаецца найперш сваёй акадэмічнасцю: у журы прадстаўнікі чатырох універсітэтаў, тут як стваральнікі сучаснай літкрытыкі, так і тыя, хто вырас у гэтым працэсе — напрыклад, Ціхан Чарнякевіч.

Ціхан дадае:

— Спадзяюся, сур’ёзных эстэтычных канфліктаў ня будзе. Раней лепшых вызначалі па балах, а цяпер — рашэнне выключна на кансэнсусе. І гэта  вельмі важны прэцэдэнт ва ўмовах Беларусі: мо ён стане ўзорам ці прыкладам паразумення паміж прадстаўнікамі розных плыняў, канцэпцый, школ...

— То бок у вас, як на футбольным першынстве свету, — з правіламі абсалютна ўсё ясна? Але ж у футбольных арбітраў заўважаюцца сімпатыі-антыпатыі, хоць усё нібыта і прапісана, кантралюецца...

Сакратар прэміі Аляксей Стрэльнікаў:

— Размова і спроба дамовіцца праз выкладанне аргументаў, праз спрэчкі, дыскусіі і дыялогі да агульнага ранжыравання якраз і робіць удзел у журы найбольш цікавым. Бо пры традыцыйным раней таемным галасаванні у пэўным сэнсе было прасцей, а зараз трэба выказвацца «прынародна» і дакументальна фіксавана — гэта цяжка, канфліктна, складана... Бо вельмі шмат амбіцый, меркаванняў, поглядаў, прыхільнасцяў-непрыхільнасцяў... Але мы ўзялі за ўзор гульню па правілах.

— Правілы выбару ў пісьменнікаў больш-менш зразумелыя: як напісана, наколькі моцны мастацкі бок, напрыклад... А правілы літаратуразнаўцаў?

Ціхан Чарнякевіч:

— Творцы выбіраюць больш правільна? Гм, досьвед чытання у кожнага з іх свой, і часта яны не дужа цікавяцца творамі іншай мастацкай, эстэтычнай школы... Таму якраз крытыкам прасцей дамовіцца, прыйсці да нечага агульна прымальнага. Што да вызначэння галоўнага крытэра правілаў адбору, то для мяне асабіста найперш важная цэласнасць выказвання твора, і тут колькасць старонак не мае значэння, як і жанр.

Ну, і пра тое, ці можна прачытаць за кароткі тэрмін усе кнігі, пададзеныя на Прэмію... Паслухайце, яны ж летась выйшлі: я шмат што ўжо прачытаў, таму праблемы асаблівай тут насамрэч няма. Дарэчы, у футболе многае ўспрымаецца несправядлівасцю. Здорава, што літаратура — не фабрыка, а жывая прастора, дзе матэматычныя катэгорыі ці свісткі арбітраў не дужа працуюць. Мы сапраўды ў пэўным сэнсе далучыліся да гульні, але — па правілах.

Галоўны прыз Прэміі — сума ў беларускіх рублях, эквівалентная 5 000 еўра. Другое і трэцяе месца — розныя творчыя паездкі. Грашовы складнік таксама абмяркоўваўся.

Аляксей Стрэльнікаў:

— Як зрабіць так, каб грошы на Прэмію давалі беларусы? Сапраўды, мы ў нейкай ступені сталіся закладнікамі сітуацыі ў Беларусі, калі спонсарства і мецэнацтва, праекты сацыяльнай адказнасці знаходзяцца ў пачатку станаўлення. Пакуль, па праўдзе, патэнцыйныя  нашыя сябры яшчэ разважаюць, вывучаюць сітуацыю... Мы таму і намагаемся зрабіць Прэмію больш прывабнай для мецэнатаў, падвышаць яе статус, каб ён трансліраваўся ў розныя супольнасці.

Нацыянальная літаратурная прэмія дзяржавы, дарэчы, — гэта адказ на з’яўленне прэміі Гедройца. То бок варушэнне ідзе. Але ж застаецца і падзел на «сваіх» аўтараў ды «чужых». Палярызацыя, на жаль, працягваецца...

Варта прызнаць: хапае праблем і ў стасунках з журналістамі: яны канцэнтруюцца  ў асноўным на медыйных, ужо раскручаных асобах — тых самых Марціновічу ці Горваце, а мы хочам пашырыць гэтае кола, паказаць прывабных цікавых пісьменнікаў, жывы літаратурны працэс.

Падсумоўваючы размову, Марына Казлоўская заўважыла:

— Калі дзеці пытаюцца, што пачытаць летам, — я з чыстым сумленнем даю ім спіс удзельнікаў прэміі Гедройца...

Аляксандр Байчун

Добавить комментарий