Курсы валют

Доллар США
2.0566
Евро
Российский рубль

Погода

13..15 °C

Выборы

Хроніка «пікіруючага» кандыдата ў дэпутаты

vybory7

Дзесяць апошніх гадоў я прымаю ўдзел у самых розных выбарчых кампаніях. Досвед? Раскажу і пра яго, і пра тое, што з яго вынікае.

Усё ў храналагічным парадку.

2003 год

Падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. І заўважыў відавочнае: не рады мне ў родным Капыльскім райвыканкаме, не, зусім не рады... І таму што пісаў-гаварыў па-беларуску, і таму, што не хаваў свае думкі-погляды... Вынік просты: зняты з рэгістрацыі — нібыта ўвёў паважаную камісію ў зман...

Зразумела, судзіўся, але плёну тое не мела.

2004 год

На другі дзень пасля здачы дакументаў на чатырох чалавек для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сам мусіў быў зняцца — так ужо «дабрадзеі» выбудавалі сітуацыю. Доўга расказваць не буду, занадта шмат нібыта дробязных дэталей, але паверце — абсурд. Ну, глупства глупствам, толькі мой удзел звёўся да назірання на адным з участкаў. Фіксаваў надзвычай грубыя парушэнні, напісаў аб іх у Цэнтрвыбаркам. І атрымаў урэшце адказ: «...узгаданыя парушэнні не паўплывалі на агульныя вынікі, аб іх трэба паведамляць адразу».

Крыўдна, аднак ладна, улічу на будучае...

2006 год

Падаў заяву з подпісамі выбаршчыкаў аб уключэнні ва ўчастковую камісію — адмовілі. Пазней атрымаў штраф за распаўсюд абвестак пра сустрэчы даверанай асобы з людзьмі.

Такая вось справядлівасць...

2007 год

Нарэшце зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты — абласнога савета. Пад час датэрміновага галасавання выявіў шэраг парушэнняў. Памятаючы ранейшы сумны досвед, адразу паведаміў пра іх у ЦВК. І неўзабаве пасля гэтага на мой дом фактычна напалі «невядомыя». Штурм удалося вытрымаць, аднак разбілі шкло аўтамашыны. Завесці справу па факту хуліганства не выйшла.

Пацярпеў і маральна, і матэрыяльна.

2008 год

Новыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Праводзіў доўгатэрміновае галасаванне. Прысутнічаў на паседжанні выканкама, дзе зацвярджалі ўчастковыя камісіі. Доўжылася яно не больш за 20 мінут. Зноў выявіў відавочныя парушэнні: у 8 камісіях незаконна вылучылі 30 чалавек. Пракуратура факт пацвердзіла, але ўсё засталося, як і было. Далей зафіксаваў новае адступленне ад правілаў: выніковыя пратаколы здаюцца ў выканкам напалову незапоўненымі.

Але рэакцыі па справе не дачакаўся...

2010 год

Зарэгістраваны ажно ў тры саветы: сельскі, раённы і абласны. Вынік: паводле назіральнікаў мусіў мець мандат дэпутата райсавета. Аднак абвешчаныя вынікі пасля вельмі маруднага падліку галасоў збянтэжылі нават чыноўнікаў.

Пра маю каманду і выбаршчыкаў нават і не кажу...

2010 год

Капыльшчына, як і ўся Беларусь, выбірае прэзідэнта краіны. Калі збіраў подпісы за альтэрнатыўнага кандыдата, пачуў: людзей спрэс дэзінфармуюць — маўляў, падпісвацца можна толькі за дзейнага кіраўніка дзяржавы. І шмат хто з вяскоўцаў верылі ў неверагоднае — ну, такія ў нас «даверлівыя» людзі... Запатрабаваў у начальнікаў даць тлумачэнне на гэты конт у «раёнцы». Таксама сабраў адпаведную колькасць подпісаў пад заявай выбаршчыкаў аб уключэнні ў склад участковай камісіі.

Аднак як заўсёды — міма...

Выснова

Мой досвед пераканаў мяне ў банальнай думцы: вертыкаль заўсёды імкнецца падмяніць выбары прызначэннем. Як кандыдатаў ды дэпутатаў, так і складу ініцыятыўных груп, участковых камісій.

Што да апошніх, гэта сапраўдная песня: звычайна працэнтаў 75 складаюць настаўнікі, астатнія — чыноўнікі з розных падпарадкаваных выканкаму аддзелаў ды кантор і канторак...

Практыка і тактыка простыя: шараговец-выбаршчык мусіць трапіць у поўную залежнасць ад чыноўніка-дэпутата. І гэты «выбрана-прызначаны» папросту з’яўляецца маўклівым рабочым інструментам сістэмы.

У выніку маем парадаксальны ланцужок: спачатку мы прымусова-добраахвотна «надзяляем» апаратных бюракратаў дэпутацкімі коркамі, а потым ходзім перад імі ж упрысядку, каб зрабілі ласку — добрасумленна выконвалі свае абавязкі, паважалі выбарцаў...

Ды дзе той павагі дачакацца?

Ад каго?!

Пра тое — у наступным нумары.

Віктар ДАШКЕВІЧ

Добавить комментарий