Курсы валют

Доллар США
2.3977
Евро
Российский рубль

Погода

16..18 °C

Фельетон

Любуюцца на наш футбол усе краіны навакол!

Nyauves

З-за пандэміі ва ўсім свеце не праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы. Беларусь — выключэнне. Таму гульні нашага футбольнага чэмпіянату транслююцца на ўсю Еўропу, у буйнейшых букмекерскіх канторах прымаюцца стаўкі на вынікі матчаў. Гэта, дарэчы, датычыць і хакея — на амерыканскіх каналах можна ўбачыць беларускіх гульцоў.

Ну хто дагэтуль знаў у свеце,
Што ў Беларусі ёсць футбол?
Гульцоў тутэйшых проста «смеццем»
Лічылі ўсе, хто навакол.

У літаральным сэнсе слова
Была тутэйшым грош цана.
За хлопца, скажам, з Магілёва
На рынку не ішла вайна,
Ніхто не шастаў па Палессі,
Каб бамбардзіра адшукаць,
І каштаваў паболей Мессі,
Чым футбалістаў нашых раць.
І мы ўспрымалі гэта з болем…
Але з нядаўняе пары
Перавярнулася ў футболе
Усё нагамі дагары.
На нашых хлопцаў попыт вырас,
Футбол увогуле ў цане.
А дапамог каранавірус,
Які прыпёр усіх к сцяне!
Хоць гэты вірус вельмі юны,
Аднак нахабны дужа ён:
Ачысціў ад людзей трыбуны,
Гульцоў прагнаў за стадыён.
Прапаў футбол ва ўсёй Еўропе.
Як выключэнне — толькі мы
Наладзілі ў «сваім акопе»
Так званы баль падчас чумы.
Касцьмі кладуцца абаронцы,
Але не чуюць пахвалы,
Бо ў форвардаў імпэт бясконцы
І забіваюцца галы.
Дарма, што на трыбунах — гола,
На іх заўзятараў няшмат…
Еўропе сумна без футбола,
Таму і наш чэмпіянат
Глядзець гатовы еўрапейцы
(Бывайце, Мессі і Грызман!):
Як кажуць, вочы па капейцы —
І пазіраюць на экран.
(І наш хакей, дарэчы, ў глянцы.
Хоць ты вачам-вушам не вер:
Яго глядзяць амерыканцы —
Свайго нямашака цяпер.)
Для еўрапейцаў як падзея
(Ад радасці крычаць «ура»),
Калі гуляе «Гарадзея»
Або каманда з Мазыра.
А нашых форвардаў імёны
Еўропе трапілі на слых —
Цяпер іх ведаюць мільёны,
І клубы выбітныя іх
Хоць заўтра ў нас купіць гатовы,
Бо ім цяпер няма цаны,
І клуб «БАТЭ» — мяшок грашовы,
Бо там, лічы, Пеле адны.
Бадай, выдатна пойдуць справы
І ў «Смалявічах» з гэтых пор…
Канешне, наш футбол цікавы
Для ўсіх букмекерскіх кантор.
На рэзультаты стаўкі робяць
Усёй планеты жыхары:
Хто ахвяруе толькі дробязь,
А хто — мільёны два ці тры.
Для футбалістаў гэта ніва,
Дзе разгарнуцца можна ўшыр,
Дзе могуць багацець імкліва
І варатар, і бамбардзір,
Тым больш што нашы футбалісты
Тут маюць вопыт немалы:
Паказвалі футбол «нячысты»
І грошы бралі з-пад палы,
Калі «распісвалі» на полі
Так званы матч-дагаварняк.
Было ім добра як ніколі,
Пілі не бырла, а каньяк!
Расперазаліся не ў меру
«Героі» нашыя тады.
А зараз гэтую аферу
Якраз ацэньваюць суды.
Гульцы чакаюць прыгаворы,
І кожны круціцца, як вуж…
Цяпер з букмекерскай канторы
Загрэбці можа ладны куш
Той, хто не трапіў пад раздачу,
Хто выбраўся з вады сухім.
(Як сапраўды такое ўбачу,
Дык не здзіўлюся я зусім.)
Ім спадцішка буржуяў хеўра
(Заўзятараў-буржуяў шмат)
Савацьме долары і еўра
За той, што трэба, рэзультат.
Мы дужа ганіць іх не будзем,
Хоць нажывуцца на бядзе,
Хоць беларускім простым людзям
Нічога не перападзе…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

Будзе ведаць капітан, колькі ў горадзе путан

Гісторыя з флагштокам тутэйшым выйдзе бокам

Лепш за ўсё для нас сягоння, каб гербом была Пагоня

Былі на ланцугу мы, а пасля на шыі зацягнулася пятля

 

Добавить комментарий