Курсы валют

Доллар США
2.3995
Евро
Российский рубль

Погода

16..18 °C

Фельетон

Сапёры правялі абрад і трохі палізалі яд

Nyauves

У расійскіх сапёраў ёсць даволі дзіўная традыцыя, абрад: каб засведчыць, што ў поўнай меры засвоілі прафесію, яны ліжуць узрыўчатку. Ваеннаслужачыя Пухавіцкага гарнізона вырашылі пераняць гэты абрад і таксама палізалі выбуховае рэчыва. 13 вайскоўцаў трапілі ў шпіталь з цяжкім атручэннем.

Традыцый у вайскоўцаў многа…
Калі зірнуць са стараны
І калі іх ацэньваць строга,
Парой бязглуздыя яны.

Узяць, напрыклад, дэсантуру.
Адслужыць хлопец і пасля
Штогод такое творыць здуру,
Што, так сказаць, дрыжыць зямля.
У дзень той ён звычайна п’яны,
Ён не спявае, а раве,
Нырае ў вопратцы ў фантаны
І пляшкі б’е на галаве;
Кагосьці можа ўзяць за грудзі,
Без дай прычыны ў морду даць…
Услед яму гавораць людзі:
— Ці пасталееш ты, птамаць?
У нас краіна маладая,
А войска юнае пакуль —
Яно падлеткам выглядае,
Таму сваіх традыцый — нуль,
І пераймае год каторы
Расійскіх доблесных ваяк.
Прынамсі, нашыя сапёры
Зрабілі ў Пухавічах так.
Каб звацца прафесіяналам,
Каб даказаць, што ты — сапёр,
Патрэбна, згодна з рытуалам,
Лізаць-слінявіць з гэтых пор
Свой «хлеб надзённы» — узрыўчатку,
З якой працуеш дзень пры дні.
Пярэчыў хто-ніхто спачатку:
— Ды што вы, божа барані!
На ёй жа шкодныя мікробы,
І разяўляць не варта рот:
Як пападуць яны ў вантробы,
Дык будзе кішак заварот!
Таму ўстрымацца мы павінны…
З такіх пасмейваліся:
— Лох!
Вунь у Расіі ліжуць міны,
Але ніхто пакуль не здох!
І вось ужо сабралі ў часці
Сапёраў-жэўжыкаў атрад:
Каб у эліту ім папасці,
Патрэбна ўсім прайсці абрад.
Адрузлы «прапар» перад строем
Сказаў:
— Хто рэчыва лізне,
Той самым доблесным героем
Сябе праявіць на вайне!
Хто ж стаць героем не жадае?
Хто ў сэрцы мужнасць не нясе?
Няхай краіна маладая
Спакойна спіць — героі ўсе!
Нібы бычкі або цяляты,
Якім паднеслі лізунец,
Лізалі рэчыва салдаты
Заўзята —
За байцом баец.
А хто-ніхто смактаў з імпэтам —
Нібы пламбір ці эскімо,
Што атрымаў спякотным летам,
Што ў рот прасілася само.
Сказаў ім прапаршчык пузаты,
Калі закончыўся абрад:
— Цяпер мы можам вам, салдаты,
Даверыць міну і снарад.
Ды потым рушылі сапёры
У прыбіральню і ў кусты:
Яны чамусьці не ў гуморы —
Скруціла раптам жываты.
Каб рады даць такой напасці,
Пазваць прыйшлося дактароў.
Яны й паведалі, што ў часці,
Як кажуць, наламалі дроў.
Байцы здароўе падкасілі,
Па сутнасці лізнуўшы яд…
Дарма глядзелі ў бок Расіі,
Бо бокам выйшаў той абрад.
Ды галасіць не будуць мамы,
Не плюнуць камандзіру ў твар:
Напрыканцы вайсковай драмы,
На шчасце, не было ахвяр,
І, адляжаўшыся ў шпіталі,
На ногі сталі лізуны.
А што было б, калі б кусалі?
Бадай, загнуліся б яны.
* * *
Намнога большыя турботы
Займеюць нашы дактары,
Калі аб’ект сваёй работы
Пачнуць лізаць залатары*…
____________
* Залатар — даўнейшая іранічная назва асенізатара.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

Любуюцца на наш футбол усе краіны навакол!

Будзе ведаць капітан, колькі ў горадзе путан

Гісторыя з флагштокам тутэйшым выйдзе бокам

Лепш за ўсё для нас сягоння, каб гербом была Пагоня

Добавить комментарий