Курсы валют

Доллар США
2.3995
Евро
Российский рубль

Погода

12..14 °C

Фельетон

Дарма нам Бацька раіў, што мы можам выпіць грам па сто

Nyauves

За парушэнне рэжыму самаізаляцыі суд Брагінскага раёна аштрафаваў мясцовага жыхара на 810 рублёў. Ён працаваў у Маскве, а калі вярнуўся дадому, павінен быў два тыдні знаходзіцца на «хатнім каранціне». Замест гэтага паехаў у суседнюю вёску, каб закупіцца спіртным. Там яго і затрымалі.

Як толькі вірус гэты кляты
Сярод людзей, як здань, узнік,
З Масквы знямелае дахаты
Вярнуцца змусіўся мужык.

Як кажуць, на кавалак хлеба
Ён зарабляў у той Маскве.
Але Маскве «рабы» не трэба,
Пакуль зараза там жыве.
А як у роднае краіне
Сустрэлі гэтага «раба»?
— Ты пасядзі на каранціне, —
Сказаў, зірнуўшы спадылба,
Той, хто ў мясцовым сельсавеце
Галоўны самы — рэй вядзе. —
Як вецер,
Гойсаў ты па свеце,
Туляўся невядома дзе.
Магчыма, што з табою разам
Сюды прыехаў і «мікроб».
Як прыжывецца тут зараза,
Нам будзе дужа неўспадоб,
Займеем клопатаў багата.
Таму часова, мілы мой, —
Пажартаваў, —
Хай стане хата
Табе курортам і турмой.
Прашу цябе па-чалавечы:
Перацярпі ўжо тыя дні…
Мужык, канешне, не пярэчыў,
Пачуўшы словы старшыні.
«Сядзець на печы» сумна дома,
Прычым бязвылазна, але ж
У нас усім здаўна вядома:
Супроць улады не папрэш.
Дык калі гэтак легла карта,
Адбыць патрэбна каранцін.
А жыў мужык, адзначыць варта,
У роднай хаце не адзін —
Была і ўласная «палова».
Яе даўно не бачыў ён,
І ўсё было ў іх адмыслова
Пасля разлукі пару дзён.
Не падымаліся з пасцелі,
«Адгаладалыя», яны
І больш нічога не хацелі,
Бо адчувалі рай зямны.
А потым пачаліся звады,
Калі спатолілі імпэт.
Мужык ужо зусім не рады,
Што ў хаце ён сядзіць, як дзед.
Адно што з раніцы да ночы
Глядзеў ён на тэлеэкран —
Вылазілі, як кажуць, вочы,
І быў благім душэўны стан.
З экрана слушныя парады
Давалі людзям урачы,
А Бацька не таіў бравады:
— Як вірус той перамагчы,
Калі ён прычапіўся раптам
І лёгкія грызе ўнутры?
Садзіся на калгасны трактар
І поле пад ячмень ары!
Калі ўвіхацца будзеш потым,
Як конь, яшчэ і на сяўбе,
Дык, безумоўна, выйдзе з потам
Зараза гэтая з цябе.
Калі ж за хатай пасля працы
Шашлык падсмажыш на кастры,
Дык пабяруць той вірус пранцы —
Пачысціць дым усё ўнутры!
Усё пачысціць можа й лазня,
Калі там градусаў пад сто:
У пары вірус той завязне,
Хвароба сыдзе на нішто.
Як пасля лазні ўзяць на грудзі
(Але не болей, чым сто грам!),
Зусім капец заразе будзе,
Ісці не трэба к дактарам…
— А малайчына ўсё-ткі Бацька,
Ён з галавою залатой!
Што ні кажы, прыдумаў хвацка,
Як нам падужаць вірус той! —
Мужык усклікнуў. —
Можа, вірус
І сапраўды жыве ўва мне.
Пакуль маленькі ён, не вырас,
А вырасце — душыць пачне.
Стаць не магу я трактарыстам,
І лазні ўласнае няма,
Каб арганізм зрабіўся чыстым,
Каб знікла гэтая «чума».
Затое «эліксір» спіртовы
Яго ўва мне заб’е якраз.
Мужык звярнуўся да «паловы»:
— Гарэлка дома ёсць у нас?
— Прабач, але няма ні грама.
З табой глынулі б разам мы,
Ды не працуе ў вёсцы крама —
Закрытая яшчэ з зімы.
— Тады я на веласіпедзе
Адскочу ў аграгарадок.
Як старшыня сюды прыедзе,
Скажы, што я ў адрыне недзе,
Задурыш да вяртання клёк…
Прымчаўся, як віхор, імкліва
Ён да суседняга сяла.
І прадавачка, што не дзіва,
Яму гарэлку прадала.
Ды як выходзіў ён за дзверы,
Трымаючы каштоўны груз,
На ганку міліцыянеры
К яму набіліся ў хаўрус.
— Ты ў цяжкім грэху вінаваты,
Таму і затрымалі мы,
Бо ў каранцін сышоўшы з хаты,
Ты ўсё адно што збег з турмы.
— Дык я ж сюды як да аптэкі
Прыехаць змусіўся, браткі!
Гарэлка сёння — лепш за лекі,
Каб вірус рваўся на шматкі.
Не даяце вы, бачу, веры?
Пра гэта кажа Бацька сам! —
Пачулі міліцыянеры. —
Збіраўся глыкаць па сто грам…
Ды для службоўцаў тыя словы —
Нібыта пугай па вадзе.
І вынеслі вердыкт суровы:
— Пра гэта скажаш у судзе…
Працэс адбыўся вельмі скора.
Каб неяк выбрацца з бяды,
Ён для суддзі і пракурора
Даводзіў тое ж сапраўды.
Ды грошай ён аддасць багата,
Хоць не адправілі ў астрог,
Бо Бацьку ў ролі адваката
Мужык прывесці ў суд не змог…
* * *
Скажу табе па-панібрацку,
Наіўны братка беларус:
Ты, безумоўна, слухай Бацьку,
Ды не заўжды матай на вус…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

На свята выйдуць ветэраны, дзе развярэдзіць вірус раны

Каб жылося ярка, трэба не аўчарка…

Улада мову топча ў гной і прыкрываецца маной

Сапёры правялі абрад і трохі палізалі яд

Добавить комментарий