Курсы валют

Доллар США
2.5881
Евро
Российский рубль

Фельетон

АМАПу кавуны далі б імпэт трайны

Nyauves_200

Палавіну бульбы, якую Аляксандр Лукашэнка сабраў на сваім участку, ён перадаў АМАПу.

Як толькі адгарае лета
І ў хлебаробаў шмат турбот,
Дык піша кожная газета
Пра шчодры Бацькаў агарод.

Усе другія агароды
Таму, што ў Бацькі, не раўня.
Такія там караняплоды!
Любы калгасны старшыня
Хацеў бы мець такія «соткі»,
Дзе бульбіны — як кулакі:
Калгас парадавалі б зводкі,
І ў рэшце рэшт знайшліся б сродкі
На трактар ці камбайн які…
Там, дзе «нязменны» топча сцежкі,
Яшчэ ўдаюцца кавуны.
Яны пузатыя, як дзежкі,
Калі зірнуць са стараны.
Найбольш прыгожыя дзяўчаты
Збіваюцца ў адну гурму,
Каб ураджай сабраць багаты
І дагадзіць красой Яму,
На здымках паўсміхацца міла.
Ён сам не з’есць усе плады:
Тых кавуноў яму б хапіла
На цэлы год з адной грады.
А бульбу са свайго загона
Не з’еў бы ён і пагатоў,
Бо там не цэнтнер і не тона —
Хапіла б і на шмат гадоў.
І нам, канешне, не ў навіну,
Бо бачылі і чулі мы:
Гародніну і садавіну
Здае ў дзіцячыя дамы
Наш, так сказаць, руплівец нівы.
Для Бацькі ўцехай агарод:
І дзеткам «хлеб», і сам шчаслівы,
Што ашчаслівіў ён сірот.
І ў гэты раз улетку дзеткі
Са смакам з’елі кавуны.
Для іх, сірот, ласунак рэдкі,
Былі давольнымі яны.
А бульбы меней перапала,
Хоць і яна была б якраз.
Чаму? Бо з’еў яе нямала
АМАП — міліцыі спецназ.
Байцам аддаў караняплоды
Рукою шчодрай прэзідэнт:
Па вулках бегаюць заўсёды
І, пэўна, згаладалі ўшчэнт.
Каб сілы ўсё-такі не нуль быў,
Каб дух маральны не аслаб,
Няхай адборнай самай бульбы
Наесца доблесны АМАП.
Хай бунтароў з двайным імпэтам
Байцы ганяюць да вясны.
Імпэту больш было б, каб летам
Ім дасталіся й кавуны.
На жаль, ужо на агародзе
Няма славутых кавуноў.
Ды верыць, што ў наступным годзе
Ён кавуны пасадзіць зноў…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

І нават на імёны стварылі забароны

Замольваць прыйдзецца грахі, аднак давольныя «вярхі»

Галовы дураць нам яны, што ў іх «сакрэтныя штаны»

Якраз «пашчасціла» яму папасці ў родную турму

Добавить комментарий