Курсы валют

Доллар США
2.5908
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

ЗАНЫЛА ПЕЧАНЬ? ЛЯЧЫ НА ПЕЧЫ…

Nyauves

У Мінску вызначана, якая колькасць высокатэхналагічных аперацый будзе аплачана за кошт бюджэту горада: шунціраванне — 200 пацыентам, трансплантацыя нырак — 140, печані — 35, перасадка касцявога мозгу — 80… Цікава, хто ж трапіць у лік шчасліўчыкаў?

Нарэшце члены выканкама
Перавялі, як кажуць, дух:
Была зацверджана праграма
На аказанне медпаслуг.
Але ў бюджэце грошай мала,
На ўсіх не хопіць, не сакрэт.
Пытанне новае паўстала:
Каго лячыцьмем за «бюджэт»?
Трэ на ліміты апірацца,
Што самі выдалі на год.
Сардэчных, скажам, аперацый
Аплаціцца не больш двухсот.
Каму зрабіць такую ласку?
Начальству дробненькі чынок
Даў вельмі слушную падказку:
— Ліміт — для нашых жа жанок!
Ёсць жонкі, цешчы і свякрухі —
Для іх усіх ліміт якраз.
О, колькі болю, колькі скрухі
Іх сэрцы зведваюць з-за нас!
Мы ўсе ва ўласных кабінетах
Сядзім ад ранку да начы.
Ад нашых пасядзелак гэтых
Ім хоць ты крычма закрычы.
Хто за нявестку, хто за мужа,
Якіх не бачаць цэлы дзень,
Яны перажываюць дужа,
І з сэрцамі ў іх справы дрэнь.
Хвалююцца за нас таксама
Знаёмыя або сябры,
Таму і іх чакае драма —
«Згараюць» сэрцы без пары.
А хтосьці з нас пасля работы
Да палюбоўніцы ідзе…
Ёй болесна ад адзіноты,
І сэрца ейнае ў бядзе.
Ёй трэба арганізм здаровы,
Каб ад страсцей «матор не здох»…
І ад такое прапановы
Ніхто адмовіцца не змог.
Затым намёк пачуўся тонкі,
Што зараз вызначыцца след,
Каму і ныркі, і пячонкі
Мяняць належыць за «бюджэт».
Прыйшлі да згоды: важна гэта,
Пячонкі, ныркі — то не смех.
І ўжо чыноўніца-кабета
Сказала для мужчын-калег:
— Усе мы ведаем, што піва
Вам даспадобы, а не квас.
І на здороўе! Ды не дзіва,
Што ныркі барахляць у вас.
Пячонак стан таксама цяжкі:
На іх цячэ не грамаў сто,
А «паваліць» ажно дзве пляшкі
З вас лёгка можа хто-ніхто…
І п’юць жа ўсе не ў адзіноце,
А ў хеўры, мусібыць, сяброў.
Пячонкі іхнія «ў рабоце» —
Ад алкаголю чысцяць кроў.
Дык хай і лечацца за грошы
З бюджэту, з гарадской казны.
«А варыянт зусім не горшы!» —
Рашылі злагадна чыны.
Ну дык ці варта нам дзівіцца,
Што і сумневу ў іх няма,
Каму хрыбетнікі ў бальніцах
Лячыць патрэбна задарма.
— Мы днямі
«Віснем» над сталамі —
Павырасталі ўжо гарбы.
У нас (і людзі бачаць самі)
Хрыбетнікі — крукі нібы.
Таму, вядома ж, маем права
(Бо горб у кожнага расце),
Каб аплаціла нам дзяржава
Сто аперацый на хрыбце.
Задавальнення не хавалі —
Усе падлечацца цяпер.
І на такой узнёслай хвалі
Паставіць кропку быў намер.
Ды ўбегла раптам сакратарка:
— Прашу мяне прабачыць, бос,
Ды тут якогась перастарка,
Якогась дзеда чорт прынёс.
Сюды ён рвецца, ломіць дзверы…
— Чаго ён хоча, хрыч стары?
— Каб падпісалі вы паперы…
— Якія, ліха пабяры?
— Каб зубы ў клініцы-бальніцы
Бясплатна ўставілі яму…
«Бос» рыкнуў-гаркнуў маладзіцы:
— Скажы яму, што не прыму!
Скажы, няхай ідзе дахаты
І мне не дакучае дзед.
Такіх халяўшчыкаў багата,
А ў нас не гумавы бюджэт…

Добавить комментарий