Курсы валют

Доллар США
2.5908
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

ФЕЛЬЕТОН ПРА ЛЕКСІКОН

Nyauves

Брэсцкія заўзятары напісалі скаргу ў Беларускую федэрацыю футбола на амапаўцаў, якія забралі ў іх банэр з лозунгам «Дынама Брэст» ад калыскі да погоста з імем, якое ніхто не адыме». У прыватнасці, заўзятары пішуць: «Супрацоўнікі АМАПа не зразумелі слова «пагост». Калі мы пераклалі, што гэта «могілкі», дык у адказ пачулі: «Не, з могілкамі нельга».

Не ў злагадным настроі зранку
Быў міліцэйскі генерал.
Хоць ты «вазьмі на грудзі» шклянку,
Бо «зверху» паступіў сігнал.
Маўляў, на твой АМАП славуты
Прыходзяць скаргі ад людзей:
Ён у сутычках розных люты,
Ды непісьменны без надзей.
Маўляў, службоўцы пры пагонах
Падобны сёння на аслоў,
Бо ёсць у іхніх лексіконах
Не болей чым па трыста слоў.
Нібы ніводзін з іх ніколі
Не браў у рукі кніг-газет,
І ім літаратуру ў школе
Не выкладалі як прадмет.
Усведамляць такое прыкра,
Стаіць праблема ў поўны рост.
І слова простае, напрыклад,
Яны не ведаюць — «пагост».
Дык каб папрокаў не гучала,
Што «ўсе падобны на аслоў»,
Загад «вярхоў» для генерала:
Атэставаць сваіх байцоў.
Тых, хто звязаць не можа словы
Ці мае бедны лексікон
(Для службы ён недастатковы),
З міліцыі, з АМАПа — вон!
І з міліцэйскіх ветэранаў
Камісіі стварылі, каб
На лексікон яны старанна
Праверылі байцоў АМАП.
…У райаддзеле ўсіх сабрала
Начальства дня напрыканцы.
Была бітком набіта зала —
Атэставаліся байцы.
Здабудзеш слоў, напэўна, мала
З адной байцоўскай галавы,
Таму амапаўцы кагалам
Хай штурм наладзяць мазгавы.
Калі заціхла трохі ў зале,
Устаў дацэнт немалады
(Каб годна ўсё было, пазвалі
Яго, філолага, сюды)
І, кінуўшы пагляд суровы,
Сказаў байцам дацэнт сівы:
— Агучвацьму я зараз словы,
А іхні сэнс тлумачце вы:
«Дывертысмент», «саната», «фуга»,
«Гратэск», «метафара», «харэй»…
Ішоў працэс мыслення туга.
«Не мог прыдумаць ты мудрэй? —
Уніз апушчаны галовы. —
Мы чуць не чулі гэтых слоў…»
І сапраўды: такія словы
Не для амапаўскіх галоў.
Ды ўскочыў хлопец зухаваты,
Які чамусь забіўся ў кут:
— Мне сэнс вядомы!
Гэта — маты!
Так лаецца «культурны» люд!
І гэтак думаць ёсць прычыны.
Я чуў, калі дзяжурыў, іх.
Тады пры гальштуках мужчыны
Казалі тыя словы ўслых.
Каб тыя дзецюкі,
Дарэчы,
Не распускалі языкі,
На іх я пасля той сустрэчы
Склаў пратакол за мацюкі.
З-за лаянкі «культурнай» гэткай
(Належны будзе ім урок!)
Наш суд, дзе я праходзіў сведкай,
Па дзесяць сутак ім упёк…
Дацэнт дабіты быў дашчэнту —
Не чуў такога з даўніх пор.
На помач беднаму дацэнту
Прыйшоў амапаўскі маёр:
— Нашто ім нейкія «харэі»,
Наогул розная лухта?
Я думаю, не закарэе
Клёк у сапраўднага мянта,
Як ён засвоіць — то не жарты! —
Для службы годных слоў набор.
Якія ж словы ведаць варта?
І сам жа адказаў маёр:
— Ад гэтых слоў — народу шкода,
Хоць іх, прызнацца, і не шмат:
«Сцяг», «апазіцыя», «свабода»,
«Пагоня», «мітынг», «дэмакрат»,
«Далоў рэжым!», «Далоў сатрапа!».
Пры гэткіх словах «змагароў»
Ва ўсіх байцоў майго АМАПа
Аж закіпаць павінна кроў.
А каб на гэтых супастатаў
Паболей распаліць сябе,
Ім не цурацца можна матаў —
Вядомых слоў на «х» і «б».
Такога досыць лексікону,
Каб службу несці ім як след,
Каб мітынг разагнаць, калону,
Тым болей сходку ці пікет.
Ну, словам, тых, хто быў у зале,
Калі сваё сказаў маёр,
Усёй гурмой атэставалі:
АМАП у мове — як узор!
* * *
АМАПа слоўнік небагаты…
Ды ёсць спадзеў, што лексікон
(Не толькі ж мець ва ўжытку маты)
Папоўніць гэты фельетон.

Добавить комментарий