Курсы валют

Доллар США
2.5908
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

ТАКІ АЛЬБОМ — ДЫ Ў КОЖНЫ ДОМ…

Nyauves

Суд Ашмянскага раёна вынес рашэнне, згодна з якім фотаальбом «Прэс-фота Беларусь 2011» утрымлівае матэрыялы з прыкметамі экстрэмісцкага зместу.

Паўсюль пануе страх,
Няма сакрэту,
Бо сёння ў небяспецы мы жывём:
То знойдуць экстрэмісцкую газету,
То экстрэмісцкі выявяць альбом.
Якую ж той альбом нясе пагрозу?
О, ад яго
Краіне шкоды шмат!
Замежнікам укладваецца ў розум,
Што ў нас рэжым суровы,
Змрочны лад.
Здавалася б, звычайная прырода:
Нязжаты клін аўса,
Асенні лес…
І ад пейзажу нам такая шкода!
Узнікне нездаровы інтарэс:
Чаму стаіць нязжатая палоска?
Выснова тут выяўная відна:
Жыве безгаспадарча наша вёска,
Скацілася да саменькага дна.
І іншыя зрабіць ільга высновы:
Пануры лес —
Як сімвал нашых дзён.
Чаму на здымку тым
Не лес вясновы,
Калі пакрыла зелень дуб і клён?
Намёкі, што ва ўсім у нас «балота»,
Што ў нас паўсюль бязладдзе і хаос.
Спартыўнае, напрыклад,
возьмем фота,
Дзе зноўку відавочны перакос.
Спартсменка там стаіць,
Прабачце, ракам
І пазірае з роспаччу на корт.
Чаго яна стаіць так, небарака?
Сімвалізуе наш сучасны спорт!
Маўляў, пры нашай
сённяшняй уладзе
Ні поспехаў няма, ні перамог,
Наш спорт, маўляў,
Цяпер у заняпадзе
І «ракам ён стаіць»,
Хоць і не «здох».
А ў нас жа ўсё не так,
Як разабрацца,
І бэсцяць беларускі спорт дарма.
Лядовых мы наўзводзілі палацаў,
Чаму ж на гэтых здымках іх няма?
А вось яшчэ сюжэт:
Міліцыянты,
Падобныя, прабачце, на гарыл,
Схапілі дзеўку бедную за транты,
Гнятуць у карак,
Не шкадуюць сіл.
Фатографы зусім скажаюць тэму,
Тут яўна пастановачны сюжэт
(Калі й далі амапаўцы нацдэму
Калісьці ў зубы —
Так яму і след!).
У нас міліцыянты, як анёлы,
Хоць ты прыкладвай кожнага да ран.
Нашто ж ствараць
малюнак невясёлы?
Навошта ўводзіць
Люд замежны ў зман?
І на такой жа экстрэмісцкай хвалі
Краіну нашу ганьбяць наўзахлёб.
Не дзіва, што альбом арыштавалі,
Бо ў ім жа што ні здымак,
То паклёп.
І калі зноў панове-дзермакраты
Замысляць выдаць
Гэтакі ж альбом,
Дык мы тады і фотаапараты
Паўсюдна канфіскуем-адбяром.
* * *
Вялікая ад экстрэмістаў шкода!
Ды мне здаецца, што ўжо з даўніх пор
Для «тэрарыстаў», для свайго народа
Самой уладай ладзіцца тэрор.
Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий