Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

САМ НЕ ГАМ, А ІНШЫМ ДАМ

Nyauves

Беларускія тавары (тэлевізары, дываны, пылясосы, яйкі, мяса, масла і г.д.) чамусьці каштуюць за мяжой значна танней, чым у самой Беларусі. А алей наш урад увогуле прадае сваім грамадзянам па цане, амаль у 10 разоў большай, чым еўрапейцам!

І не заўважылі бацька і маці —
Вырасла ў іх неўзабаве дачка,
Больш не гучыць галасок яе ў хаце,
З’ехала «ў людзі» яна з гарадка.

Не затрымала дзяўчыну сталіца —
Шпарка жыццё набірала разгон.
З ёю француз пажадаў ажаніцца,
Вывез наогул яе за кардон.
Сніўся і там гарадочак палесскі,
Хоць і жыццё — нібы радасны сон.
Слала з Парыжа яна «эсэмэскі»,
Часам «садзілася на тэлефон».
То абмяркоўвала з маці навіны,
То гаварылі пра цэны, пра быт.
Хоць і ў Еўропе абедзьве краіны,
Толькі на розных планетах нібы.
«Мы тэлевізар купілі харошы, —
Маці паслала дачцэ «эсэмэс», —
Праўда, каштуе шалёныя грошы —
Бацька ў даўгі аж па вушы залез…»
Тут жа дачка пазваніла
З «мабілы»
І паўшчувала пакупкі наконт:
— Што вы, дурныя мае, нарабілі?
Лепей прывезла б я вам «Гарызонт».
Як перавесці рублі на даляры,
Тут, у Парыжы, каштуюць танней
Вашыя ўсе, з Беларусі, тавары.
Што ж «эсэмэс» не прыслалі раней?
— Каб жа мы зналі,
Што ў вашу краіну
Нехта тавар з Беларусі завёз
І дзешавейшы ён напалавіну,
Пральную мы не куплялі б машыну
І не ўзялі б за крэдыт пылясос…
Месяц за месяцам хутка мінулі,
Квеценню закрасавала вясна…
Зноў «эсэмэска» прыйшла ад матулі,
Скардзіцца зноўку дачушцы яна:
«Без тэлевізара і пылясоса
Мы пражылі б,
Але і на харчы
Цэны сягнулі цяпер да нябёсаў,
Хоць галадай або крычма крычы…»
І прагучаў у адказ неўзабаве
У гарадку тэлефонны званок:
— Што гэта робіцца
ў вашай дзяржаве?
Быццам людзей дапякаюць знарок…
Як на парыжскія глянеш вітрыны,
Дык багацей Беларусі няма.
Мяса найлепшае з вашай краіны
Людзі купляюць амаль задарма.
Вашыя масла, тварог і смятана,
Ну а тым больш беларускі алей
Тут прадаюцца нагэтулькі танна,
Што не бывае, дальбог, дзешавей…
Доўга гадалі, чаму за «капейкі»
Нашы тавары вязуць за мяжу,
І не знайшлі ўсё-ткі вытлумак нейкі.
Я ж зразумеў і жанкам падкажу.
Дбае аб людзях урад наш любімы
І павышае калі-нікалі
Цэны на бырла — каб меней пілі мы,
Цэны на ежу — каб меней жылі…

Алесь НЯУВЕСЬ

Добавить комментарий