Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

НАШТО НАМ КАРАЛІ? БЫЛІ Б РУБЛІ…

Nyauves

Рускія актывісты некаторых грамадскіх арганізацый Віцебска выступілі супраць будаўніцтва ў горадзе помніка князю Альгерду. І ніхто не абурыўся іхняму нахабству (жывуць жа ў нашай краіне!), быццам так і трэба…

У ціхай вёсачцы, дзе продкі
Жылі спрадвек,
Дзяцюк Лявон
Касіў, араў і сеяў «соткі» —
Як і вялося тут здавён.
Была ў яго ад бацькі хата,
А на сядзібе — грады, сад.
Хоць не сказаць, што жыў багата, —
Адзежу ўсё ж насіў без лат.
Меў і на чарку грошай годзе,
Як «падбіваў» сусед Пятрок.
А закусь ім — на агародзе:
Цыбулі пук ды агурок.
На жаль, пакуль што «палавіны»
Не меў, прастакаваты, ён.
Аднак да развядзёнкі Зіны
Сцяжынку пратаптаў Лявон.
Зімою, калі схлыне праца,
Калі ляжаць на печы след,
Яны задумалі пабрацца,
Схадзіць удвох у сельсавет.
Жыццё было ў Лявона, словам,
Спакойным, гладкім, як дзірван.
Але з’явіўся днём вясновым
У ціхай вёсачцы Іван.
Казалі, быццам бы з Расіі
Прыехаў ён у гэты кут.
Прапіты, ад наколак сіні —
Такіх ніхто не бачыў тут.
Прыціхлі людзі ад чакання:
Крый бог, парушыць звыклы быт.
Бо хто такі ён, гэты Ваня?
Магчыма, злодзей ці бандыт.
А потым чуткі закішэлі,
Што не бандыт Іван, а пан,
Бо грошай поўныя кішэні
І чамадан
Прывёз Іван.
У дзеда Хведара спачатку,
Не заплаціўшы дужа шмат,
Купіў Іван халупу-хатку —
Не пуставала лепшых хат.
І пацякло жыццё будзённа.
Займеўшы нейкі інтарэс,
Іван у хеўру да Лявона
Сляпіцай, мовіць так, палез.
То піва прынясе Лявону,
Як той бывае з пахмяла,
А то і пляшку самагону
«Падгоніць» да яго стала.
І нейк Іван завёў размову
Пасля пахмелля акурат:
— Прадай, Лявон, сваю карову,
А заадно і парасят.
Я заплачу табе нямала,
Бо шчодрая мая рука.
За тыя грошы купіш сала
І ўдосталь мецьмеш малака.
— А што, прадам! — махнуў рукою
Асалавелы ўшчэнт Лявон. —
Чым скоцкае жыццё такое,
Дык лепей лішні мець мільён.
«Хаджайства» стала мне абрыдлым,
Я столькі год над ім смылеў…
І разам са шматлікім быдлам
Прадаў Лявон Івану й хлеў.
Няма ў Лявона гаспадаркі…
Аднойчы «селі» зноў яны.
Да сябра пасля добрай чаркі
Іван стаў «падбіваць кліны»:
— Нашто табе ўжо сад і грады,
Нашто наогул агарод?
Ужо не маеш ты гавяды,
Якая просіць нешта ў рот.
Цябе ўжо не турбуюць свінні —
Мае купляеш кумпякі.
Дык для каго ж ірваць бацвінне,
Тым болей — самі буракі?
Не трэба больш і «соткі» ў полі,
Дый стала лішняй сенажаць.
У краме ж усяго даволі,
Што трэба, будзеш там купляць.
Заўсёды мецьмеш хлеба скібу,
На ёй і масла слой, бадай.
Ну, словам, мне сваю сядзібу
За грошы велькія прадай.
Лявон, «наклюканы», як дзюдзя,
Паразважаў хвіліны тры
І пагадзіўся:
— Будзь што будзе!
Апроч жытла, усё бяры!
Мінуўся час.
Ля магазіна
Сустрэліся ў наступны раз.
— Ёсць у цябе кабета Зіна…
Ну што тут скажаш? Баба — клас! —
Зноў прапанова ад Івана,
І дзелавая — як заўжды. —
Табе ж яшчэ жаніцца рана:
Хоць і сівы, ды малады!
Ну, карацей: аддай мне Зіну
(Тлуміць не буду доўга клёк).
А я табе рублёў падкіну.
І многа! Цэлы кашалёк!
Лявону грошы дужа трэба:
Што даў Іван — няма даўно.
А хочацца ж не толькі хлеба —
У смак яму ўжо і віно.
— Я бабылём не завякую!
Бяры! Без Зіны пражыву…
Знайду сабе яшчэ якую
Ці развядзёнку, ці ўдаву.
І «замачылі» здзелку гэту
У той жа Зіны на вачах.
Іван панадную кабету
Стаў «абслугоўваць» па начах.
Затым аформіў шлюб законна.
(Нашто хадзіць, як партызан?)
І разам з Зінай да Лявона
Праз нейкі час прыйшоў Іван.
— Нашто табе такая хата?
Усё адно жывеш адзін.
А нам жа з Зінай цеснавата
У ейнай хаце. Праўда, Зін?
Лявон абураны без меры,
Ён стаў, як кажуць, на дыбкі:
— У гэтай, мовіць так, кватэры
Жылі і дзед мой, і бацькі!
Усё тут пахне іхнім потам,
Малітвы слалі абразам
Яны ў святыя дні!
І потым…
А дзе тады я жыцьму сам?
— Начуй-жыві ў маёй «хібары», —
Іван з хітрынкаю ўваччу. —
Я не рублі ўжо, а даляры
Табе за хату заплачу.
І хоць спазнаў Лявон пакуту,
Хоць моташна ў душы было,
Ды за заморскую валюту
Пайшоў у новае жытло.
І абжываў чужыя сцены,
І гонтай крыў дзіравы дах…
Ды зноў прыйшоў сябрук нязменны,
Нахабства ўжо ў яго вачах.
Паклаў Іван перад Лявонам,
Як і звычайна, кашалёк,
Дзе цесна аж было «зялёным»…
Размову распачаў здалёк:
— Учора прывяла дарога
Мяне на вашыя клады…
Там месца ўжо няма «жывога»!
Калі памру, хаваць куды?
Па тры разы капаюць ямы
На тым жа месцы-пятаку…
А я хачу (не бедны самы!)
Сатлець у жоўценькім пяску…
А ты сабе, гляджу, ля продкаў
Абгарадзіў «жывы» пятак…
Прадай! Не пашкадую сродкаў!
Я ж не прашу ў цябе «за так»…
Ледзь не прагнаў Івана з хаты
Лявон:
— Размажу па сцяне!
Ты думаеш, калі багаты,
Дык можаш зневажаць мяне?
На свеце тым «сатруць на цеста»
І праклянуць мяне дзяды,
Як каля іх мяне заместа
Цябе закопвацьмуць туды!
— Ляжаць ці ў глебе, ці ў балоце —
Табе ўжо розніцы няма.
А ўласных продкаў ты ўжо зблоціў,
Прадаўшы хату задарма.
Яны ўсё роўна — май на мэце! —
Праклёны будуць слаць. Але ж
За мой «мільён» на гэтым свеце
Як след хоць трохі пажывеш.
Бяры, інакш «працягнеш ножкі»
Заўчасна, дурань-ахламон!
Паўпарціўся, пазвягаў трошкі,
Ды месца ўсё ж прадаў Лявон.
Вось так і жыцьме ён да скону
У роднай вёсцы — сам не свой.
Не будзе месца тут Лявону —
Ні на зямлі, ні пад зямлей…
* * *
Такі ён, беларус…
І дзеля
Падачкі кінутай — рублёў
Аддаць гатовы ліхадзеям
Сваіх князёў і каралёў.
Гатовы ўсё сваё на шалі
Пакласці беларус-прастак.
Калі б яму прапанавалі,
Душу прадаў бы за пятак.
Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий