Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

БЕЛАРУСАМ З-ЗА КАРДОНА ЁСЦЬ НАДЗЕЙНАЯ ЗАСЛОНА

Nyauves

На чарговы З’езд беларусаў свету многія беларусы, якія жывуць за мяжой, наўрад ці змогуць прыехаць, бо беларускія амбасады адмаўляюць ім у адкрыцці візы.

Балелі, тлумнымі былі
У ідэолагаў галовы,
Бо беларусы ўсёй зямлі
Збіраюцца на з’езд чарговы.
Здавалася б, такой бяды,
Што хочуць мець сабе забаву.
Але ж імкнуцца ўсе сюды,
А не ў Чыкага ці ў Варшаву.
А чым кіруюцца яны?
Маўляў, тут пахаваны продкі.
Ляцяць на падлу груганы…
Смалы заліць бы ім у глоткі!
Маўчаць, як мышы, ўжо даўно
У Беларусі беларусы,
Іх не відно і не чутно,
І годнасць мець няма спакусы.
Тутэйшым выправілі клёк
Дубінкамі на вулках-плошчах,
І толькі гаўкаюць здалёк
«Свядомыя»
У розных «польшчах».
Цяпер сюды імкнуцца ўсе
Уладзе нашай на пакуту.
Чаго іх, злыдняў, чорт нясе?
Пасеяць зноўку хочуць смуту.
Для ўсіх тутэйшых дух чужы
Яны прыўносяць з-за кардона.
Якое выйсце? На мяжы
Патрэбна нейкая заслона.
Усе не спыніш цягнікі
І не пяроймеш самалёты:
Скандал чарговы не з рукі,
З Еўропай мецьмуцца турботы.
Душыла ад бяссілля злосць:
Рыхтуюць прыхадні сюрпрызы…
І хтось прыдумаў:
— Выйсце ёсць:
Не выдаваць паганцам візы!
Не папракне ніхто прычым,
Для свету метад жа не новы:
Без абгаворвання прычын
Даюцца гэткія адмовы.
— Ідэя вартая зусім!
Мы так і зробім! Ды пры гэтым
Не будзем адмаўляць усім,
А толькі, мовіць так, адпетым.
З замежнікаў, дастойных віз,
Правераных жыццём і часам,
Быў складзены асобны спіс:
Ад іх не будзе шкоды масам.
Па тых жа, хто кляне рэжым,
Плявузгае, што ўсё тут дрэнна,
Хто служыць спадарам чужым,
Прайшліся, мовіць так, пайменна.
Спіс узначальвае Зянон.
— Яму не месца на Радзіме!
Калі на з’езд прыедзе ён,
У той жа дзень тут бунт уздыме.
— Пустое ўсё… Здаецца мне,
Што гэты знаны «голуб шызы»
Сам нават носу не паткне,
Хоць дзве яму адкрыем візы.
— Якія думкі ёсць наконт
Яго паплечніка Савося?
— Хацеў стварыць Народны фронт
І за мяжой, ды не ўдалося.
Ён — вельмі крайні радыкал,
Нацдэм, як кажуць, самы чысты.
Куды скіруе свой запал?
Нашто на з’ездзе экстрэмісты?
— А вось яшчэ адзін — Мацей.
Ці пусцім мы сюды Мацея?
— У іхняй прэсе ўсё часцей
Над пасквілямі ён пацее.
Таму пускаць сюды, сябры,
Не варта гэтую паскуду:
Пабудзе тут дзянёчкі тры
І вылье новы цэбар бруду.
— А Хведар? Кажуць, землякам
Ён робіць помнікі і дошкі,
Каб люд мясцовы ведаў там
Пра беларусаў знаных трошкі…
— Ды што ты, божа барані!
Ён бокам выйдзе, гэты Хведар.
Для нас жа лепей, каб ані
Народ пра Хведара не ведаў.
Абурыцца, крый божа, люд,
Падымуцца папрокаў хвалі,
Маўляў, як пустадомкі, тут
Мы гэтых «знаных» занядбалі.
— На з’езд збіраецца Пракоп.
Хто знае, што ён пляцкаць стане?
— Пракопу дужа неўспадоб,
Што БНР тут не ў пашане.
Ягоны енк ужо «ў касцях»:
Маўляў, шэльмуюцца сягоння
І бел-чырвона-белы сцяг,
І старажытная Пагоня.
Нашто нам тая БНР
І ейны імідж заняпалы?
У нас жа новы сцяг цяпер,
Зусім другія ідэалы.
Агульны выказаўшы гнеў,
Падсумаваў галоўны строга:
— Хто выклікае ў нас сумнеў,
Не пусцім мы сюды нікога!
Зянон, Савось, Мацей, Пракоп…
Нашто нам гэтыя «панове»?
Яны ж тут будуць наўзахлёб
На беларускай швэркаць мове!
Ужо за гэта за адно
Стрыножыць варта злыдняў-гнюсаў,
Бо ў нас жа «мовы» не чутно —
Сярод сапраўдных беларусаў!
* * *
Ну што ж, праз два ці тры гады
Не будзем мы дзівіцца яве:
З’езд беларусаў сапраўды
Праходзіць будзе
У Варшаве…
Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий