Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Едзеш за кардон? Заплаці мільён!

Nyauves

Шырокі розгалас атрымала заява прэзідэнта аб тым, што з усіх грамадзян, якія выязджаюць за межы Беларусі, мяркуецца браць пошліну 100 долараў. Маўляў, яны закупляюць за мяжой тавары, а беларуская прадукцыя не прадаецца.

Бардак, прабачце, самы чысты,
Што з Беларусі ўжо здавён
Усе так званыя турысты
Бясплатна ездзяць за кардон.
Мы іх даўно былі павінны
«Прыціснуць разам да сцяны»:
Валюту з нашае краіны
Вязуць, нягоднікі, яны.
А ў нас яе і так не густа,
Гуляе вецер у казне.
Дык хай жа кожны з іх «капусты»
Краіне роднай адшчыпне.
Калі ён правіцца да Ніцы,
Ці шлях трымае да Канар,
Дык можа «соткай» падзяліцца,
Бо мае не адзін даляр.
Не пра такіх, аднак, размова
(Ну хто ў нас сёння багацей?),
Народа ледзьве не палова
У час апошні ўсё часцей
Перасякае нашы межы
Як чаўнакі — туды-сюды.
Прыціснуць гэтакіх належыць,
Ад іх найбольш для нас бяды.
Туды яны вязуць даляры
(Калі агулам — іх будзь-будзь!),
Адтуль — тамтэйшыя тавары,
Нібы вярблюды, валакуць.
Давольныя буржуі дзесьці —
Мы паляпшаем іх жыццё.
А хто ўсё наша будзе есці
І нашае насіць шмаццё?
Мы выпускаем чаравікі,
Трусы, сарочкі і штаны,
Аднак жа попыт невялікі,
Не раскупляюцца яны.
У нас уласныя лядоўні
І тэлевізары свае,
Але не бачна чэргаў доўгіх,
І грошай люд не аддае.
А што благога ў нашай ежы?
Навошта людзям кожны раз
З валютай выязджаць за межы,
Каб накупляць сыроў-каўбас?
Салянкі нашы і кансервы
Ляжаць эпоху не адну.
А гэта ж велькія рэзервы,
Каб напаўняць у нас казну.
І мне ў папрок не трэба вякаць,
Што недзе ў Польшчы ці ў Літве
Вышэйшая тавараў якасць,
А ў нас цана, як іхніх дзве.
Зласліўцам варта мець на мэце,
Што ў нас спецыфіка свая:
Нам сёння грошай у бюджэце
Мець трэба болей удвая.
Казну мы не запоўнім толкам,
Грашыма колькі ні грузі:
Чыноўнікаў мы маем столькі —
Нібыта восенню гразі.
І ім таксама трэба есці…
Хай плаціць выязны народ
Даляраў тых не сто, а дзвесце.
Ці ж кожны з нас не патрыёт?
Павінны ў вёсцы і ў сталіцы
Дбаць і стары, і малады,
Каб абнаўляліся паліцы,
Каб разгружаліся склады.
Таму чакацьму я
Указа:
Належыць з гэтае пары
Багаценькім купляць «БелАЗы»,
А самым бедным — трактары.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий