Курсы валют

Доллар США
2.5755
Евро
Российский рубль

Погода

11..13 °C

Фельетон

Як быццам клуба на чале ці Марадона, ці Пеле

Nyauves

Дырэктар футбольнага клуба «Маладзечна» адмовіў у просьбе заўзятараў, каб эмблема каманды была на беларускай мове. Ён увогуле заявіў: «Я не бачу асаблівага гонару, што мы незалежная ад Расіі дзяржава». Дарэчы, ФК «Маладзечна» адзін з горшых у другой лізе чэмпіяната Беларусі.

Усім вядома, што футбола
У нас цяпер няма, лічы.
На таленты, як кажуць, гола,
Адны на полі «смаркачы».
Хоць знешне — бугаі нібыта
І быццам бы ганяюць мяч,
Але прызнаемся адкрыта,
Што вынікаў — ну хоць ты плач.
Калі ў саперніках каманды
З суседніх гарадкоў ці сёл,
Дык нашы доблесныя «гранды»
Хоць неяк, ды закоцяць гол.
Калі ж на нейкія турніры
Патрэбна ехаць за кардон,
Тады (і зноў прызнаем шчыра)
Тым «грандам», мовіць так, гамон.
Гульня — нібыта соль на раны,
Як быццам насаком пад дых.
І мы плюёмся на экраны,
І крыем матам «грандаў» тых.
Пустуюць нашы стадыёны:
Бо на каго глядзець? Але
Усе (так лічаць) Марадоны,
У горшым выпадку — Пеле.
Яшчэ й не глянуць без пагарды
На просты, паспаліты люд:
Маўляў, давайце нам мільярды
За тое, што гуляем тут.
Яны і маюць (ці ж не дзіва?)
Мільярды тыя сапраўды,
Хоць (мусіць, ногі ставяць крыва)
Пулююць мячык не туды.
А той жа, хто працуе ў полі,
Ці днямі ходзіць на завод,
Такіх зарплат не сніў ніколі,
Не бачыў гэтакіх даброт.
І вось знайшоўся «Марадона»,
А можа, нават і «Пеле»,
Які «аж цэлага раёна»
Стаіць каманды на чале.
І ён такую мае пыху,
Нібы казырны самы туз.
І не дастойны, лічыць, крыху
Яго
Сярмяжны беларус.
І «Марадона» гэты бравы
Публічна заявіў усім:
Не трэба нам сваёй дзяржавы,
Бо мы і не народ зусім.
Маўляў, атожылкам Расіі
Заўсёды быў вось гэты край:
Спрадвек адно ярмо насілі.
Так будзе і цяпер няхай!
Дык і нашто якаясь «мова»,
Калі ў нас ёсць адзін «язык» —
Нібы падмурак, як аснова,
Як той раствор цэментны ў стык?
Да «мовы» ставіцца нялюба,
Таму не ўздзіў і пагатоў,
Што і з заўзятарамі клуба
Зусім да згоды не прыйшоў.
Гурма ў яго спытаць павінна:
Калі б з Расіяй, баронь Бог,
Жылі мы як адна краіна,
Ці ж «на чале» ён стаць бы мог?
А ў нас футбол у заняпадзе,
Што выклікае толькі боль,
І гордасць у яго паглядзе:
Крывы сярод сляпых — кароль!
* * *
Кім быў бы ў «любае Расіі»
Наш дзеяч-футбаліст такі?
Не сумняваюся: ад сілы
Завязваў бы гульцам шнуркі.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий