Курсы валют

Доллар США
2.6236
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

Дэпутатам няхай будзе ў нас папугай

Nyauves

У Гомелі група жыхароў падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты папугая Яшы. Прадстаўніца выбаркама некалькі разоў паглядзела на фотаздымак папугая на старонцы і… прыняла паперы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы «Якава Іосіфавіча Жукоўскага».

«Гульнёй у выбары» занята
Улада нашая здавён.
Вам мець патрэбна дэпутата?
Як бачыш, абярэцца ён!
Участкі, урны, выбаркамы…
Хоць, праўда, выбару няма:
Хто кандыдат найлепшы самы,
Улада вызначыць сама.
І не цікавяць тыя спісы
Ні членаў і ні старшыню.
Хай там хоць чорт, як кажуць, лысы —
Абы падтрымліваў «гульню».
У рэшце рэшт абрыдла людзям
Балванчыкамі быць заўжды.
«Дакуль жа мы такое будзем
Глытаць, як свінні жалуды? —
Саспела думка ў маладзёнаў. —
З нас кожны ўсё-ткі — чалавек.
Яны смяюцца з нас штодзённа,
І мы над імі ўчынім здзек!»
Прынеслі ў выбаркам паперы,
Дзе кандыдатам — папугай!
Не выставілі іх за дзверы,
Сказалі раптам:
— І няхай!
Ён хоць на ўладу не звягае,
І будзе ў нас турбот няшмат…
І ў спіс унеслі папугая:
Не самы горшы кандыдат.
Той выбаркам не ўгледзеў пасткі,
Якую ставіць сам сабе.
…Гурмой на выбарчыя ўчасткі
Народ, так мовіць бы, «грабе».
Ад маладога да старога
Аддаць жадаюць галасы.
Наплыву не было такога
Ва ўсе мінулыя часы.
Чаму ж карціна ўжо другая,
І з-за чаго ажыятаж?
— У дэпутаты — папугая!
Ён, папугай, абраннік наш! —
Паўсюль злятаюць з вуснаў словы,
І смех вясёлы — наўздагон. —
Чым пустадомак безгаловы,
Хай лепш ва ўладзе будзе ён!
Пасля падліку бюлетэняў
(А іх не куча — цэлы стог!)
Ні ў кога не было сумненняў,
Што попка Яшка перамог.
Прызнаць уладзе гэта цяжка,
Смяяцца будзе свет, але ж
Стаў дэпутатам попка Яшка —
Супроць народа не папрэш!
І трэ сказаць, абраннік гэткі
Спраўляўся з працаю як след,
Хаця не выпускалі з клеткі,
Калі збіраўся райсавет.
Прыходзіў вопыт паступова,
Вучыў ён мову пакрысе.
З трыбуны не давалі слова —
Крычаў ён з месца, як і ўсе.
А што да скаргаў, да разгляду
Праблем, што ёсць у грамадзе,
Дык дэпутат ці мае ўладу,
І хто да дэпутата йдзе?
І ні карысць з яго, ні шкода,
Ні радасці і ні турбот.
Таму «абраннікаў народа»
Зусім не ведае народ.
А людзі, што абралі Яшку,
Дакладна ведалі, бадай,
Маглі спрачацца хоць на пляшку,
Што іх абраннік — папугай.
Таму зрабіць выснову варта:
Набудзе вопыту чуць-чуць,
І Яшку ці ўсур’ёз, ці жартам
Яшчэ ў парламент абяруць.
* * *
Ці ж дэпутат дапамагае,
Ці ж рупіцца пра свой «прыход»?
Ва ўсіх саветах «папугаі»
Сядзяць ужо каторы год.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий