Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Фельетон

Штосьці не так!

Nyauves

На здымках кінастужкі «Авель», заказанай Міністэрствам культуры, масоўцы забаранілі крычаць «Жыве Беларусь!». Замест гэтага ў вусны маладзёнам, якія штурмуюць Дом ураду, уклалі словы-крык: «Штосьці не так!»

— Заклік «Жыве Беларусь!»
Не гадзіцца —
Бацька ў нацдэмы запіша няўзнак, —
Вынес вердыкт ідэолаг-тупіца. —
Досыць нам выкрыкаў
«Штосьці не так!»
Дурань, бывае, ідэю падкіне…
Гэтыя словы нацдэмам у смак,
Бо і напраўду у нашай краіне
Штосьці не так.
Ўлада па вушы залезла ў пазыкі,
Толькі ўсё роўна народ як жабрак.
Грошай няма, дабрабыт невялікі…
Штосьці не так.
Збыць анічога не могуць заводы,
Быццам прадукцыя іхняя — брак.
Болей з таго не карысці, а шкоды…
Штосьці не так.
Вёскі з каленяў не могуць падняцца,
Бо селянін, як і колісь, батрак:
Пан-старшыня, паднявольная праца…
Штосьці не так.
На бізнесоўцаў спадзеву ні трохі,
Плёну ад іх — паламаны пятак.
Што тут паробіш? «Вашывыя блохі»…
Штосьці не так.
Дураць на выбарах людзям галовы,
Лічыць улада: народ наш — прастак
І праглынуць ашуканства гатовы…
Штосьці не так.
Згоды не могуць знайсці дэмакраты,
Хоць балаболіць з іх кожны мастак.
Часам суды пасылаюць за краты…
Штосьці не так.
Сімвалы нашы і нашы святыні
Курчацца ад чынавенскіх атак.
Наша мінуўшчына —
быццам пустыня…
Штосьці не так.
Бэсціцца-гнобіцца родная мова,
Бацька ў манкурцкае хеўры — важак.
Мы ж пустадомкі — такая выснова…
Штосьці не так.
А медыцына, калі афіцыйна,
Дбае, каб кожны з нас быў як мацак.
Ды нехлямяжая ў нас медыцына…
Штосьці не так.
І без надзеі співаюцца людзі,
Болей цікавіць не кніга, а гляк.
Толькі й дакукі — «узяць бы на грудзі»…
Штосьці не так.
Дык жа ці ўдасца нам годна і чынна
Выбрацца ўсё ж з тупіка на бальшак?
Гэта, здаецца, пакуль немагчыма —
Штосьці не так…
* * *
Ведаю: блізіцца час адмысловы —
Схопіць уладу народ за гарляк,
І сапраўды прагучаць тыя словы:
— Штосьці не так!

Алесь НЯЎВЕСЬ

 

Добавить комментарий