Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Камісія ці педсавет?

Nyauves

У склад выбарчых камісій быццам бы ўваходзяць прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў… Аднак на справе зусім не так. Напрыклад, камісія №5 Ленінскага раёна сталіцы амаль цалкам складаецца з педагогаў адной школы.

Зноў трымае на кантролі
Ўлада выбарчы працэс:
Зноў размеркаваны ролі,
Каб нацдэм нідзе ніколі
У камісію не ўлез.

А найлепей, несумненна,
Мець адзіны калектыў:
Калі трэба, дык на членаў
Старшыня акажа ўплыў.
…Дружна школьная эліта
Падалася ў кабінет.
Не камісія нібыта,
А звычайны педсавет.
Цяжкі дзень застаўся ззаду,
Галасы лічыць пара.
Так лічыць, каб ад улады
Кандыдат прайшоў «на ўра».
Бюлетэні разлажылі
(Іх накідалі няшмат),
І расклад зусім «не ў жылу»,
Неўспадоб такі расклад!
Вынік дужа невясёлы —
Пераможа дэмакрат.
Старшыня — дырэктар школы —
Скіраваў у столь пагляд.
— Ну а што з «датэрміновым»?
Там у нас які працэнт?
— Пахваліцца чымсьці новым
Не магу. Прайгралі ўшчэнт… —
Сумны голас «батанічкі»
(Тут намесніца яна). —
Ёсць працэнт. Ды невялічкі.
Карацей, фігня адна.
— Што дало нам «выязное»?
Адказаў яму фізрук:
— Бюлетэняў — быццам гною!
Сам я ўкінуў трыста штук!
— Усё роўна будзе мала, —
Нараканне старшыні. —
Каб прыстойнай лічба стала,
Сотні дзве яшчэ «ўпіхні».
Старшыні Галгофай крэсла:
Мала ўсё ж «працэнт» падрос.
І намесніца прынесла
Бюлетэняў чыстых стос.
Тыя, што за дэмакрата,
Тут жа зніклі са стала.
А пустыя — іх багата —
«Батанічка» раздала.
Члены чыркалі заўзята —
Хтосьці «птушку», хтосьці крыж.
Галасоў за кандыдата
Колькі трэба. Нават звыш!
Зноўку «стала ўсё на рэйкі»,
Педагогі — як радня.
Не чутно пратэстаў нейкіх,
Бо дырэктар — старшыня.
Пасля гэтакай запаркі,
Пасля ўсіх згрызот-турбот
Самы час наліць у чаркі,
І, вядома, не кампот.
Разышліся на дасвецці —
Ледзь віднеўся далягляд…
Так, лічы, на педсавеце
Быў абраны дэпутат.
* * *
Калі ўсе, хто ёсць у школе,
Будуць вынік вызначаць,
Хай яны й на пратаколе
Ставяць школьную пячаць.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий