Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

Ні жывым, ні мёртвым

Nyauves

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў цэлы дзень абмяркоўвалі закон аб пахавальнай справе, але так і не прыйшлі да згоды, хто павінен даглядаць могілкі: ЖКГ ці мясцовыя саветы. А затым паспяхова разгледзелі не меней важныя тэмы: пастаўку пасадачнага матэрыялу пладова-ягадных культур і вінаграду, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва са Шры-Ланкой (і эканамічнае — з Балівіяй), а таксама адмену віз з Манголіяй.

Пра ўсё, што дзеецца на свеце,
Кузьма даведваўся з газет.
І неяк у адной газеце
Вачыма зачапіўся дзед
За публікацыю з Палаты.
То быў будзённы рэпартаж
Пра тое, як вядзе дэбаты
Парламент непаўторны наш.
І тэма акурат дарэчы,
Бо ёй цікавяцца дзяды:
Як адыходзіць люд старэчы
На свой спачынак — на клады;
Як даглядаюцца магілы,
Ці ёсць вакол пагостаў плот;
Ці трэба зносіць крыж пахілы,
Бо да яго не йдзе народ.
І дыспут быў зусім не просты,
Таму да вечара не згас:
Хто даглядацьме ўсе пагосты?
Савет мясцовы? Жылкамгас?
Абраннікі, не як заўсёды,
Гудзелі пчоламі ў вуллі.
Аднак жа не прыйшлі да згоды,
Паразумення не знайшлі.
«Выходзіць, пляцкалі пустое, —
Падумаў, сплюнуўшы, Кузьма. —
Во пустадомкі…»
Ды затое
Больш час не трацілі дарма!
Зашчыравалі дэпутаты
(Не ўсё ж праседжваць ім штаны),
Законаў ураджай багаты
Сабралі вобмельгам яны.
Спярша дэбаты разгарнулі
(Было сумніўцаў дужа шмат),
Што нам цяпер замест цыбулі
Вырошчваць трэба вінаград.
І вынік быў зусім чаканы:
Народ наш сённяшні такі,
Што любіць «розныя бананы»,
А не парэчку ды гуркі.
Затым — другая прапанова:
Каб у краіне быў спакой,
Наладзіць трэба тэрмінова
Адносіны са Шры-Ланкой.
Становішча ў нас будзе хвацкім,
Мы выцягнем казырны туз,
Як з гэтым «тыграм азіяцкім»
Ваенны мецьмецца саюз.
У свеце сённяшнім няпростым
Балівіі — не грош цана.
Хай у Амерыцы фарпостам
Для нас з’яўляецца яна.
І нам пабоку будуць Штаты,
Што там вядуць сягоння рэй, —
Так парашылі дэпутаты.
Хто сярод нас за іх мудрэй?
Манголія казырным тузам
Таксама можа стаць для нас.
Палякам, немцам і французам
Пакажам кукіш. Самы час
Нам выпраўляцца не ў Варшаву,
Не ў Каны выбіраць круіз.
У стэпе адпачнём на славу!
Тым больш што нам не трэба віз.
Як прачытаў у матэр’яле
Кузьма апошнія радкі,
Ад абурэння, у запале
Парваў газету на шматкі.
«Во пустазвоны-дармаеды!
Не адрабляюць, злыдні, хлеб! —
Душа кіпіць ад злосці ў дзеда. —
Нашто мне той мангольскі стэп?
Балівіяй — ну смех дый годзе! —
Яны мне тлумяць галаву…
А будзе бульба ў агародзе —
Без вінаграду пражыву!»
Аздобіў думкі словам грубым
І пацягнуўся на клады,
Дзе спрэс пад векавечным дубам
Магілы, быццам жалуды.
Вунь там ляжаць дзядзькі і цёткі,
А побач — бацька, маці, дзед,
Крыху далей — другія продкі,
Што іншы абжываюць свет…
Пра дэпутатаў, згробшы лісце,
Зрабіў выснову дзед Кузьма:
«Ад іх жывым няшмат карысці,
А мёртвым — і зусім няма…»

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий