Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Няма ў прэм’ера хворым веры

Nyauves

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абурыўся тым, што ў мінулым годзе значна ўзраслі выплаты па бальнічных лістах: яны склалі 5,1 трлн рублёў, а на ўсю ахову здароўя было выдзелена каля 25 трыльёнаў.

Грошай мала, а крэдыты
Не даюцца напавер,
І таму заўжды сярдзіты,
Нават злосны наш прэм’ер.
«Хто казне галоўны вораг?» —
Разважаў-гадаў урад.
Як ні дзіўна, ды на хворых
Скіраваў прэм’ер пагляд:
— Прытваракі! Сімулянты!
«Ліпа» іхні «бюлетэнь»!
Трэба ўзяць такіх за транты
І насоўгаць у каршэнь!
Возьме ён, аблуда гэткі,
Ва ўрача бальнічны ліст
І не п’е затым таблеткі,
А танцуе шэйк ды твіст.
Важкі довад у прэм’ера:
— Вось, да прыкладу, Саўмін.
Там, лічы, пенсіянеры.
Ці ж хварэе хоць адзін?
Кажа ён, хоць і нядужы:
«Не — бальнічнаму лісту!»
На дварэ спякота, сцюжы,
Ды міністры — на пасту!
Я таксама не здаровы,
Але той бальнічны ліст
(Не на вецер кіну словы)
Трэба мне, як зайцу гліст.
І заданне ад прэм’ера:
— Правяраць тады-сяды,
Хто нямоглы на паперы,
Хто хварэе сапраўды.
…Завіталі да Рыгора
Правяральшчыкі-ўрачы.
Той, бадай, і праўда хворы:
З носу льюцца смаркачы.
Пабывалі і ў Паліны.
Тая ўжо каторы дзень
У пакутах ад ангіны
І «пайшла на бюлетэнь».
А затым і да Кірыла
Быў нанесены візіт.
У яго спіну скруціла —
Даканаў радыкуліт.
Праўда, ён, апоек рэдкі,
І ў абед, і перад сном
Запівае ўсе таблеткі
Ці гарэлкай, ці віном.
Дактары, што ад прэм’ера,
Шмат наведалі кватэр,
Ды здаровых — ні халеры,
Хоць вачам сваім не вер!
Дык у чым тады прычына,
Што хваробы мучаць нас?
І нямоглая жанчына
Ім дала такі адказ:
— Колькі ў нас каштуюць лекі?
Іх набудзе не любы…
І таму мы як калекі,
Як замшэлыя грыбы.
Лечкамісiя — бальніца
Для багатых і чынуш,
А астатнім трэ лажыцца
У труну, калі нядуж.
Хто б падказку даў Саўміну,
Бо яна — не гук пусты:
Менш дасі на медыцыну —
Больш заплаціш за «лісты»…
* * *
Выхад можа быць адзіны,
Калі ўсюды справы дрэнь:
Эканоміцы краіны
Трэба йсці «на бюлетэнь».

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий