Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Фельетон

Пануе ў нас сярэдні клас!

Nyauves

Паводле дадзеных Сусветнага банка, 80 працэнтаў беларусаў можна лічыць сярэднім класам.
…Згодна са статыстыкай, 71 працэнт сваіх заробкаў беларусы трацяць на харчаванне.
…Па еўрапейскай метадалогіі ў нас за рысай беднасці практычна ўся краіна.

Квітнеў Юрась апошнім часам,
Хадзіў — як на вяселлі сват:
Сусветны банк сярэднім класам
Яго назваў.
Дык пыхі шмат!
Выява цешыла: для свету
Не старац ён і не жабрак.
Не ўздзіў, што ў клёпках думку гэту
Юрась «абсмоктваў» так і сяк.
Скуголяць «рупары» Еўропы,
Крычаць на ўвесь тэлеэкран:
«У Беларусі ўсе — халопы,
І імі правіць Бацька-пан».
«Ад ненавіснай дыктатуры, —
Заявы робіць Еўразвяз, —
На Беларусі люд пануры,
І знік зусім сярэдні клас!»
Яны, выходзіць так, хлусілі,
Як кажуць, пудрылі мазгі:
Мы нават не раўня Расіі,
Дзе той працэнт зусім благі.
Яшчэ выходзіць, што нацдэмы
Дарэмна рвалі гарлякі:
Маўляў, у нас адны праблемы
І наш гаротны стан такі
Таму, што ініцыятывы
Народа
Бэсціць наш урад,
І бізнесовец — ён «вашывы»,
Наогул паразіт і гад.
«Цяпер няхай заткнуцца глоткі!
Ім банк Сусветны даў адказ! —
Усцешыўся Юрась. — Бо ўсё-ткі
Я, беларус, — сярэдні клас!»
Юрась пачуўся «хрэнавата»
І астудзіўся трохі клёк,
Калі «сярэдняя» зарплата
Праз месяц легла ў кашалёк.
На першы погляд, дык шалёны
Ягоны
Па грашах багаж:
У кашальку ляжаць мільёны
(Каб пры Саветах — страшна аж!).
Як і заўжды, па завядзёнцы
(«Я ні капейкі не ўтаю!»)
Юрась прынёс любімай жонцы
Зарплату пульхную сваю.
Сказаў:
— Няхай француз пацее,
Ад голаду памрэ не ў час.
А мы з табою — багацеі,
З табою мы — сярэдні клас!
Дык зараз ты ў любыя крамы
Заходзь!
Хадзі ў любы салон,
Дзе ён,
Цырульнік лепшы самы,
Як кажуць, навядзе фасон!
Квітнее родная старонка,
Сярэдні клас — краіна ўся!
І, як ні дзіўна гэта, жонка
Паслухалася Юрася!
Яна чамусь ад слоў ягоных
Натхнілася і сапраўды,
Пайшла па крамах і салонах —
Туды-сюды, туды-сюды.
Калі ж вярнулася дахаты,
Рахунак сумна падвяла:
— Што маем мы з тваёй зарплаты?
Што я прынесла да стала?
Хоць лічымся сярэднім класам, —
Сказала Юрасю яна, —
Не будзем есці бульбу з мясам —
На мяса велькая цана.
Затое ліверкі купіла,
Прычым не кольца — тры кіло!
Яшчэ — камсы. Якраз да піва,
Каб піва ў смак табе было.
Купіла малака і хлеба,
Наогул нейкай драбязы…
Пераядацца нам не трэба,
Схуднець павінны ў два разы!
Прызнаюся, што пасля крамы
Я завітала і ў салон.
Дык там грабеж нахабны самы,
Як кажуць, распранае ён!
Навошта тыя лак і пудра,
Калі паслуга ў рог сагне?
Хадзіцьму лепей як лахудра —
І так любіцьмеш ты мяне…
Хоць жыцьмем мы
У вечным хлудзе,
Хоць жабракамі клічуць нас,
Аднак жа думка цешыць будзе,
Што мы з табой — сярэдні клас!
Іронію сваёй «паловы»
Юрась «пераварыць» не змог.
І сценку грызці ён гатовы:
— Хоць я сярэдні клас, дальбог,
Жыццё сваё паслаць бы ў дупу…
Няхай бы лепш закінуў лёс
У Гватэмалу, Гвадэлупу
Ці ўвогуле
У Барбадос…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий