Курсы валют

Доллар США
2.6236
Евро
Российский рубль

Погода

9..11 °C

Фельетон

Вось гэтак Саўмін шкадуе жанчын

Nyauves

Урад пашырыў спіс прафесій, якімі нельга займацца слабаму полу. Жанчыны не могуць быць вадалазамі, збіраць плады з дрэў на вышыні больш як 1,3 метра, тушыць пажары, кіраваць грузавікамі і міжгароднімі аўтобусамі і г.д.

Паліна адчувала стому,
Бо за станком стаяла дзень.
І зараз, бедная, дадому
Ішла-хісталася, як цень.
У маладзіцы рукі-ногі
Гудзелі, быццам правады.
Ёй адпачыць бы ад знямогі,
Каб на душы не мець нуды,
Але чакаюць дома справы,
Галодны, як сабака, муж
(Яму ў наедак мала кавы)
І родных дзетак двое душ.
Калі дамоў прыйшла жанчына,
Каб ім напоўніць жываты,
Фартух надзела першым чынам,
Адразу ж стала да пліты.
Такую ж, як у рэстаране,
Патрэбна згатаваць яду,
Іначай есці муж не стане,
Адсуне ўбок скавараду.
Затым яе пасля вячэры
Чакае посуду гара.
Прыбрацца трэба і ў кватэры,
Бо наслядзіла дзетвара.
На ўсё ў няшчаснае Паліны,
Як кажуць, не хапае рук.
Вунь каля пральнае машыны
Гарбаціцца адзежы пук.
Той пук, як Эверэст, вялізны,
Бо гразь жа любяць дзеці ў нас.
А потым што-нішто з бялізны
Патрэбна прапусціць праз прас.
Усё, здаецца, парабіла.
Цяпер карціць аддацца сну.
Яна, прабачце, як кабыла,
Што падае на баразну.
Стамілася — аж свет не мілы.
Ды думкі круцяцца адны:
Запасіць трэба зноўку сілы.
Хоць заўтра дзень і выхадны,
Але яе чакае дача,
Дзе трэба «запрагацца ў плуг»,
Прыкладваць сілы да астачы,
Укалваць, мовіць так, за двух.
Саспела конча садавіна,
Усё пажоўкла на градзе.
І заўтра, мусібыць, Паліна
На гэтых «сотках» упадзе…
А муж, зжаваўшы тры катлеты,
Заліўшы ў кішкі піва збан,
Чытаў-перабіраў газеты,
Пазыркваў на тэлеэкран.
Канапа для яго — як ніша.
На жонку скіраваў пагляд.
— Паслухай, што газета піша:
Шкадуе вас, жанчын, урад,
Бо вы, маўляў, народ пахілы,
І працаваць вам шкодна там,
Дзе рваць або напружваць жылы
Нам неабходна, мужыкам.
Я і працую, як пракляты,
Здароўе трачу дзень пры дні…
Дык як прыходжу я дахаты,
Ты паберажы мяне, цані
І дзякуй, што жывеш, як пава,
Хоць быць магло зусім не так…
Хто ж у Паліны муж, цікава?
Звычайны «офісны чарвяк».
* * *
Падумаць можна, наша ўлада
Турбоціцца пра слабы пол.
Аднак ілжывая спагада —
Жанчына цягне воз, як вол.
Як і звычайна — смех дый годзе! —
У ступе ўрад вады натоўк,
Бо мудра кажуць у народзе:
«Пашкадаваў кабылу воўк…»

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»

Мужчыны і кабеты, забудзьце пра пікеты!

Удзячныя без меры чынку пенсіянеры

На сваю дзяржаву рупімся на славу!

Добавить комментарий