Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Улада спадцішка пакліча Пазняка

Nyauves

Сацыялагічныя апытанні дэманструюць залежнасць беларускага грамадства ад расійскай прапаганды, асабліва тэлебачання. Нездарма, напрыклад, большасць беларусаў падтрымала далучэнне Крыму да Расіі.

Не зразумелі мы як трэба
І не ўсвядомілі як след,
Калі на нас, нібыта з неба,
Зваліўся суверэнітэт.
І гэтым падарункам Бога
Не даражылі мы ніяк.
Нас не вярэдзіла трывога,
Што льга згубіць яго няўзнак.
Каб мець даброты поўнай чашай,
З Расіяй зладзілі хаўрус
І чулі ад улады нашай:
Ён той жа рускі — беларус.
Расійскія тэлеканалы,
А з імі й нашы ва ўнісон
Тутэйшы люд пераканалі,
Што мы адзін народ здавён.
Нібыта зомбі, мы глядзелі
На ўсё, што выдаваў экран…
Ды ўладзе блізкія падзеі
Рассеялі ў вачах туман.
Расія ціха, некрывава
Крым прыгарнула да сябе.
Ёй спадабалася халява:
Цяпер Данбас у барацьбе.
Яна нахабна і адкрыта
Паўсюль выказвае імпэт.
Падстава «важкая»: нібыта
Абараняе «рускі свет».
Дык што ж выходзіць?
Калі штосьці
Надумаем зрабіць «не так»,
Расія хіжая ад злосці
І нам «запуліць у пятак»?
Не трэба танкаў гнаць калону
І зграі запускаць ракет,
Каб ёй узяць пад абарону
У Беларусі «рускі свет»,
Бо беларусы так «зруселі»,
Што тут, нібыта ў Кастраме:
Чужынскі дух у кожным целе,
І мова руская наўме.
Як толькі Пуцін нас з экрана
Запросіць у сваю гурму,
Ад юнака да ветэрана
У ладкі пляскацьмуць яму.
Усе дарослыя і дзеткі
Сустрэнуць рускіх як братоў,
Кідацьмуць ім пад ногі кветкі,
А частаваць — і пагатоў.
Улада ад магчымай явы
Адразу страціла спакой:
Ці трэба ўлада без дзяржавы
Пры рэчаіснасці такой?
Чыноўнікі свае партфелі
Пакласці змусяцца ў архіў
(А гэтак хораша сядзелі!
Такі для іх падмурак быў!),
Расія некага другога
Пасадзіць на васальскі трон,
А той, хто быў «вышэй за Бога»,
У Лету кане. Знікне ён.
Прымаць жа меры тэрмінова
Патрэбна, каб не ўзнік бедлам.
Адразу ж загучала «мова»,
Калі рабіў прамову Сам.
Хто на сабе ў палоску стужку
Насіў, як Перамогі знак,
З таго здымалі ціха стружку,
Хоць і не пхалі ў аўтазак.
Хто з-пад палы ці ў падарунак
Саваў расійскія сцяжкі,
Таго цягнулі ў пастарунак
За ўчынак здрадніцкі такі.
Альгерду помнік самавіта
Паўстаў на віцебскай зямлі.
І «ажывуць», напэўна, Вітаўт,
Былыя нашы каралі.
Дый блізка ўжо часіна тая,
Калі улада спадцішка
І Каліноўскага ўзгадае,
І ўспомніць-клікне Пазняка…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Вось гэтак Саўмін шкадуе жанчын

Мужчыны і кабеты, забудзьце пра пікеты!

Добавить комментарий