Курсы валют

Доллар США
2.5992
Евро
Российский рубль

Погода

10..12 °C

Фельетон

Крэветкі для суседкі

Nyauves

Пасля харчовых санкцый у адносінах да Захаду на расійскіх прылаўках з’явіліся прадукты з этыкеткамі накшталт: «Крэветкі. Краіна паходжання — Беларусь». Дзіўна, але мы прадаём суседцы вінаград, лімоны, ківі, палтус, кальмараў, васьміногаў, крабаў…

Расія пазірала ласа,
Нас запрашала на парог:
— Вязіце малако і мяса,
Сыры, смятану і тварог,
Бо голыя мае паліцы
І харчаванне мне якраз.
Магу я іншым падзяліцца —
За гэта нафту дам і газ.
Мы і вазілі колькі ўлезе,
Каб мець расійскія рублі,
Хоць самі ад нястачы ледзьве,
Як кажуць, ногі валаклі.
А потым хіжая Расія
Сябе ж і высекла, лічы:
Усю Еўропу падкасіла —
Не стала браць яе харчы.
Аднак жа есці трэба нешта…
І зноў да нас яе зварот:
— Цяпер вязіце ўсё дарэшты!
Любы прадукт палезе ў рот!
А беларус жа — дзядзька хітры,
Хоць лічыць хтось, што ён цурбан.
«Чым малака, — рашыў, — два літры,
Дык лепей завязу банан…»
Нашто вырошчваць мяса-сала?
Навошта бульба й буракі?
На рынку сёння іх нямала,
Ды і прыбытак не такі.
На нашай сонечнай радзіме
Зямля дае цудоўны плён.
Што ні ўваткнеш — усё расціме:
І кедр, і ківі, і лімон…
Усім вядома: нам на радасць,
У Беларусі рай зямны.
У прэзідэнта, вунь, на градах
Растуць, як бочкі, кавуны…
І ў нашай сельскай гаспадарцы
Адбыўся ўраз пераварот.
Няма цяпер пашаны «скварцы»,
Бо з ёю вельмі шмат турбот.
Каб мець і малако, і мяса,
Патрэбны фермы і кармы.
Арыенцір другі калгасам
Адразу ж падказалі мы.
Не трэба жыта і пшаніца,
Бо з імі ўсё ж валэнды шмат.
На тых палетках урадзіцца
Павінен добра вінаград.
Участкі, што аўсом і рапсам
Былі засеяны заўжды,
Пераўвасобіліся раптам —
Там з пальмаў выраслі сады.
Вырошчваюцца і гранаты,
Дзе колісь шамацеў ячмень.
І вельмі ж ураджай багаты
З палёў вывозіцца штодзень.
Ужо не бульбай садзяць «соткі»
У вёсках нашы жыхары:
Прыносяць апельсіны ўсё-ткі
Прыбытку больш разочкі ў тры.
І нават у бабулі Ганны
Не памідоры на градзе —
Растуць цяперака бананы,
Яшчэ папайя дзе-нідзе.
Тут хтосьці выкажа чакана
Папрок і, можа, нават злосць:
Няма ў нас мора-акіяна,
Але марская ежа ёсць?
Вунь на прылаўках у суседкі,
Хоць з Захадам стасункаў — нуль,
Ляжаць звычайныя крэветкі.
«То з Беларусі!» — этыкеткі
Крычаць. А ў нас яны адкуль?
Прабачце, гэта дурню ясна.
Калі не ў модзе парсюкі,
Нацэлены імпэт калгасны,
На выгадны прадукт марскі.
Навошта карпы, як аладкі?
Яны не на буржуйскі густ.
У сажалках і палтус гладкі,
І нетутэйшы рак-лангуст.
А, скажам, вустрыцы, малюскі?
Хай спажываюць на Русі
Прадукт выключна беларускі —
Яго ў нас хоць касой касі.
Калісьці на балоце жабы
Выводзілі сваё «ква-ква».
Цяпер жа там пасуцца крабы.
Няхай іх хрумстае Масква!
У рэках нашых, быццам хмары,
Снуюць густыя касякі.
То васьміногі і кальмары —
Не карасі і шчупакі.
Таму для нас ужо не дзіва
(Цяпер заўсёды будзе так!),
Што ў Свіслачы і кракадзіла
Злавіў на вудачку рыбак…
* * *
Абыдзеш нашыя палеткі —
«Заморскіх цудаў» не відно.
Калі ж зірнеш на этыкеткі —
Мы іх вырошчваем даўно!
Аблазіш рэкі і азёры —
Там не крэветкі, а ўюны…
І я гадаю дзень каторы:
Ці ява то,
Ці сон дурны?

Алесь НЯЎВЕСЬ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Накраўшы багата, не трапіш за краты

Улада спадцішка пакліча Пазняка

Вось гэтак Саўмін шкадуе жанчын

Добавить комментарий