Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Фельетон

Не будзе турма трымаць задарма

Nyauves

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч зацвердзіў інструкцыю «Аб парадку разліку, пакрыцця расходаў асуджанымі на іх утрыманне ў папраўчых установах». Згодна з ёй, асуджаным цяпер прыйдзецца плаціць за ўсё — і за ежу, і за вопратку, і за абутак, і за камунальныя паслугі, і за газ, і за святло…

Трактарыст Пятро ў калгасе
Неяк сцібрыў бульбы мех,
Што, бадай, пры нашым часе
І не лічыцца за грэх.
Ды набытак бесталковы
Ад калгаснага дабра:
Гэтым разам участковы
За руку схапіў Пятра.
Сёння да просталюдзіна
Вельмі «шчодрыя» суды.
І Пятру (яно й не дзіўна)
Упяклі аж тры гады.
Не мінула многа часу
(А дакладней, з тыдзень мо),
З зоны бацьку Апанасу
Напісаў Пятро пісьмо:
«Абжываюся патрошкі
Я ў цяперашнім жытле.
Хоць і нары тут, не ложкі,
Сцены шэрыя, але
Жыць і тут няблага можна,
Калі маеш галаву.
Так што тэрмін свой астрожны
Пратаўкуся-пражыву.
Толькі вось праблема: зэкі
Самі плацяць за харчы.
Буду ўдзячны я навекі,
Калі зможаш памагчы.
Тут работы вельмі мала,
А таму заробкі — нуль.
Даў сусед учора сала,
Дык трымаюся пакуль.
Добрым словам згадваць буду
Я цябе заўжды, калі
Ты прышлеш і на пасуду
Хоць бы нейкія рублі.
І з адзежаю турботы.
Мы жывём, як цыганы.
Мне купіць патрэбна боты,
Шапку, робу і штаны.
Знаю я, што ты не скнара.
Пашарсці ў сваёй машне,
Дык забуду я пра нары —
Будзе ложак у мяне.
Я твой родны сын усё-ткі,
Спагадаць павінны ты…
Не дасі, татуля, сродкі,
Дык адкіну капыты…»
Неўзабаве ліст ад сына
Перачытваў Апанас.
— Дажылася, бач, краіна,
Раскірдак усюды ў нас.
Што ні ўзяць пры гэтым ладзе,
Ўсё нагамі дагары.
Нават той, хто ў зону сядзе, —
Разважаў услых стары, —
Каб адзецца, з’есці крышку,
У радні рублі грабе.
Мо і той, хто схопіць «вышку»,
Сам расстрэльвае сябе?..
Пустадомкі! Аглаеды! —
Ён пляваўся да начы.
Ды куды дзявацца дзеду?
Трэба сыну памагчы.
Спадзявацца на дзяржаву
Бескарысна, як заўжды:
Там, на зоне, на халяву
Не нальюць і баланды.
Апанас прадаў карову,
Хоць і слёз стрымаць не мог.
Сціплай пенсіі палову
Слаў штомесяц у астрог.
Сам глытаў скарынку з квасам,
І таму схуднеў, як гліст…
Агаломшыў Апанаса
Ад Пятра чарговы ліст:
«Спім-ядзім мы, дзякуй Богу,
Трохі лепей, чым бамжы.
Але зноўку дапамогу,
Калі можаш, акажы.
Кажа наш начальнік, тата,
Што ў такі складаны час
Трэба грошы на зарплаты
Тым, хто тут вартуе нас.
А інакш, ідуць размовы,
Нас чакае лёс благі:
Як не будзе тут аховы —
Закуюць у ланцугі…»
У старога ад навіны
Заняло, як кажуць, дух.
Ці ж дапусціць ён, каб сына
Пасадзілі на ланцуг?
Ён сядзецьме неўзабаве,
Быццам Шарык у двары?
А даўмець у гэтай справе
Аднаго не мог стары:
Вертухай цябе штурхае,
Зневажае, б’е ў каршэнь,
І за гэта вертухаю
Ты кладзі рублі ў кішэнь.
Ды хоць марш ігралі кішкі,
Хоць вагаўся Апанас,
Але зняў з ашчаднай кніжкі
Пахавальны свой запас.
Неспакойны клёк ягоны,
І трывожнае нутро…
Бы ў ваду глядзеў, бо з зоны
Зноў пісьмо прыслаў Пятро:
«Выбачай, што клянчу часта…
Немаведама чаму
Парашыла ў нас начальства
Збацаць новую турму,
Бо ў цяперашняй «хібары»
Вецер свішча навылёт,
Столь дзяўбуць дажджамі хмары,
Саржавеў калючы дрот.
Нехта «зверху» дакумекаў:
Каб праблемы не было,
Трэба грошы ўзяць у зэкаў,
Бо для іх, маўляў, жытло.
Во мудрэц! Таго паскуду
Пасадзіць бы на «пяро»…
Я за грошы ўдзячны буду,
Калі вышлеш… Твой Пятро».
Просьбу сына дзед вясковы
Споўніў і на гэты раз.
А ў пісьме такія словы
Намазюкаў Апанас:
«Стан мой сёння вельмі гідкі.
Памагаў я так і сяк
І аддаў усё да ніткі.
Дык цяпер, лічы, жабрак.
І на смерць не маю грошай,
Мой сыночак дарагі.
А дадаткам цяжкай ношай
На плячах вісяць даўгі.
Я пазбавіўся гавяды,
Каб адзеўся ты і еў,
Бо, на жаль, на нашы ўлады
Бескарысным быў спадзеў.
Даць патрэбна мне, як тату,
Штось для новае турмы…
Я прадаў, сыночак, хату,
Дзе жылі з табою мы.
Вось ужо мінуўся тыдзень,
Як прытулак даў сусед.
Дык табе, як тэрмін сыдзе,
Прыязджаць дамоў не след,
Бо зусім няма рэзону:
Дах прапаў над галавой…
Грошы мы ўлажылі ў зону,
Там і дом, выходзіць, твой.
Калі выпусцяць у людзі,
Дзесьці штосьці зноў скрадзі,
І табе за гэта будзе
Новы тэрмін ад суддзі.
Хутка гэты свет пакіну,
Так што грошай больш не дам.
Дык сабе на дамавіну
Зарабляй, сыночак, сам…»
* * *
Я цяпер, як недарэка,
Разважаю дзень пры дні:
Для каго прысуд — для зэка
Ці ягонае радні?

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

«Я вінаваты! Садзіце за краты…»

У суседа мардабой — не цікавяцца табой

Прыкінуўся Леў, што ён акалеў…

Новые фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: www.alesnauwes.com

Добавить комментарий