Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Фельетон

Трэба знаць, маладзён, што казаў Саламон!

Nyauves

Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў, што прызыўнікі маюць права праходзіць альтэрнатыўную службу па рэлігійных прычынах, але пры гэтым павінны «асабіста абгрунтаваць глыбіню рэлігійных перакананняў».

У ваенкамаў ёсць турботы,
Бо сёння ў нас расклад такі:
Без асаблівае ахвоты
Ідуць у войска юнакі.
І нават кпін зларадны гэткі
Магчыма выслухаць парой:
«Пайшоў служыць — прыдурак рэдкі,
А «адкасіў» — дык ты герой».
І сёння хто як можа «косіць»,
Каб не ўручылі аўтамат.
А спосабаў, прынамсі, досыць,
Сказаць папраўдзе — аж зашмат.
Адзін «падмажа» ваенкама,
Каб «воўчы» атрымаць білет
(Бывае гэтак — скажам прама,
І ні для кога не сакрэт.)
Другому дасць даведку лекар,
Што прызыўнік — дурны амаль
Ці проста інвалід-калека,
Яму не ў войска, а ў шпіталь.
Хутчэй дзяцей «стругае» трэці —
Не хоча стаць у строй, хаця
Навошта спінагрызы-дзеці,
Калі і сам, лічы, дзіця?
А некаторыя «героі»
Казарму лічаць за астрог,
Бо ім, маўляў, любое зброі
Наканаваў цурацца Бог.
Ім падавай альтэрнатыву
Казарме, зброі і муштры,
Дапамагаць гатовы «тылу»,
Прычым не год, а цэлых тры.
Падобна, гэта спосаб новы…
Дык каб пазбавіць іх пакут,
Разгледзеў просьбы-прапановы
Ажно Канстытуцыйны суд.
І без дэбатаў лішніх суддзі
Прыйшлі да згоды як адзін:
«Вам Бог суддзя?
Хай так і будзе,
Альтэрнатыву мы дадзім.
Насіце робы — не мундзіры,
Без зброі будзеце…»
Але ж
Як вызначыць, хто вернік шчыры?
У душы ўсім не зазірнеш.
Хіба ж такое быць не можа:
Якісь хлапец сцвярджаць пачне,
Што вернік ён, нявольнік Божы,
На справе ж служыць сатане,
Крыж для яго —змяя нібыта,
Шугаецца як ад агню.
Няхай жа кожны здасць іспыты,
«Пакажа веры глыбіню».
А дзе ж набрацца знаўцаў веры,
Якія ўвойдуць у «журы»?
З ваенкаматаў афірэры
На ўсё і ўсякае майстры!
На тых іспытах «знаўцам» гэтым
Параіў карыстацца суд
Старым і Новым Запаветам,
Прыдацца можа і Талмуд.
І адбыліся ў справе зрухі!
Іспыт. «Журы». А на чале
Сам ваенкам. Ляжаць «гросбухі»,
Нібы цагліны, на стале.
Смуглявы хлопец. Долу — вочы.
У маладзёна бледны від.
У войску ён служыць не хоча,
Таму цяпер здае іспыт.
— Скажы мне, што сцвярджае Тора, —
Пытаецца ў яго маёр, —
Яўрэй Серух радзіў Нахора…
Ну а каго ж радзіў Нахор?
Не знае хлопец ні халеры,
Які ў Нахора быў прыплод…
Вердыкт:
— Ты неглыбокі ў веры,
Таму бяры гранатамёт!
Другі хлапец у тым пакоі,
Якому стаць у строй пара.
Маёр наўгад сваёй рукою
Адкрыў старонку «Псалтыра».
У зрэнках хітрыя іскрынкі:
— Ну, дружа, спадзяёмся мы,
Што працытуеш без замінкі
Давыда слынныя псалмы.
Для маладзёна проста драма,
Хлапец адчаю на мяжы.
Яму прысуд ад ваенкама:
— Не вернік ты! Ідзі служы!
Абрэзалі і іншым крылы,
Няма спадзеву на закон:
Каго «падвёў» прарок Даніла,
Каму «нашкодзіў» Саламон.
Дзе ж зараз тыя маладзёны?
Не, не пад купалам царквы
Святым іконам б’юць паклоны,
А крок чаканяць страявы!
* * *
Як правядуць ваенкаматы
Іспыт па Ездры, Псалтыры,
У рукі возьмуць аўтаматы
Манахі ўсе і святары.
Алесь Няўвесь

Набыць зборнік Алеся Няўвеся «Авохці мне!..» можна ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Проста жах, дый годзе: ліфчыкі не ў модзе

Праядаюць мільёны «дармаеды»-раёны

Вечна лішні ў нас дворнік Апанас

Шкада, што жарт нам збіў азарт

Добавить комментарий