Курсы валют

Доллар США
2.5658
Евро
Российский рубль

Погода

6..8 °C

Фельетон

Каб жылося без пакут, дэпутату — «парашут»

Nyauves

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў заклалі ў каштарыс расходаў 3 мільярды 310 мільёнаў рублёў на ўласную «выхадную дапамогу». Гэта значыць, кожны з іх восенню гэтага года, калі скончацца паўнамоцтвы Палаты, атрымае ў якасці дадатковай падтрымкі 30 мільёнаў рублёў.

Вяшчае нам тэлеэкран
(Я да яго, на жаль, прыкуты):
Для велькаможных расіян
Стварае ўлада «парашуты».

Яны ўзляцелі да вышынь,
У іх выдатныя кар’еры,
І вокам на каго ні кінь —
Усе ў далярах мільянеры.
Аднак жа, чым вышэй палёт,
Тым неспадручней падаць потым,
Жыць, як астатні ўвесь народ,
Хлеб зарабляць крывёй і потам.
Вось, скажам, нейкаму чынку
Прыйшла пара сысці з «Газпрама».
Без «парашута» ў кашальку
Для небаракі будзе драма.
Як непрыемнейшы экстрым
Яму здадуцца перамены.
Дагэтуль лётаў ён у Рым,
Блукаў па рэстаранах Вены,
Амаль што родным стаў Парыж,
Каб адпачыць, наведваў Ніцу…
І што, на гэтым ставіць крыж,
Забыць, як знічку-бліскавіцу?
Быў колісь князь,
А зараз — гразь?
Звыкайся з нехлямяжым бытам
І з паліклінік не вылазь,
Дзе выглядае ўсё дабітым?
Яму з авоськаю ў руках
Туляцца па звычайнай краме?
І адчуваюць проста жах
Ад явы гэткае ў «Газпраме».
Як сапсуецца «мерсэдэс»,
Дык трэба ездзіць у трамваі?
Ды гэткі ў побыце рэгрэс
Душа папросту не стрывае!
Таму, каб не было пакут,
Каб не жылося потым цяжка,
Чынку даецца «парашут»,
Інакш — грашовая даважка.
З тым «парашутам» да зямлі
Спускацца смела можна з неба,
Як колісь, не лічыць рублі,
Задавальняць свае патрэбы.
У нас жа быццам бы не так,
І монстраў, што накшталт «Газпрама»,
Не мае Беларусь, аднак
Свае эліты ёсць таксама.
Сябе адносяць да эліт,
Напрыклад, нашы дэпутаты,
Бо для народа (робяць від!)
Яны ўвіхаюцца заўзята…
Іх праца (кажуць так яны)
Цяжэй, чым ля станка ці ў полі:
Ажно працерліся штаны,
А на азадках іх — мазолі.
«Мазгі сушылі» за народ
(Хоць самі кажуць — «рвалі жылы»).
Дык і няўжо даброт-выгод
Да скону дзён не заслужылі?
Не хочуць жыць у галыцьбе,
З народам раздзяляць пакуты,
Таму стварылі для сябе,
Пакуль пры ўладзе, «парашуты»…
* * *
Пытанне вынесу на суд,
Хоць потым мецьму шмат турботаў:
Даваць ці варта «парашут»
Для тых, хто поўзаў, а не лётаў?
Алесь Няўвесь

Рубрыца «Фельетон»:

У нас увесь народ дастойны ўзнагарод

«Чэсныя» пісакі злыя, як сабакі

У краіне з даўніны толькі лузеры адны?

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытаць на сайце: http://alesnauwes.com

Добавить комментарий